Генадзь Верацінскі: Калі фотакадр — імгненне, то фатограф не яго цень, а сведка гісторыі
Генадзь Верацінскі прыйшоў у прафесію ў той час, калі ў Мінску фармавалася новае кола фатографаў. За наступныя дзесяцігоддзі ў яго аб’ектыў трапіла большасць самых значных падзей беларускай гісторыі. Здымкі майстра сталі жывым сведчаннем тэзы пра тое, што дакументальная фатаграфія не патрабуе эфектаў, бо яна натуральна ператвараецца ў сведчанне часу.

Генадзь Верацінскі. Аўтапартрэт
Гэтае інтэрв’ю — частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае аб лаўрэатах прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». Ён будзе прэзентаваны 15 лістапада 2025 года ў 17:00 падчас дыскусіі з лаўрэатамі і лаўрэаткамі Прэміі «Голас пакалення свабоды» ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1).
У маскоўскія магазіны пускалі па пашпартах, а ў Омску нават буханку хлеба не прадалі, бо не мясцовы
— Спадар Генадзь, ці адчувалася калі-небудзь, што шчаўчок затвора фотаапарата роўны націску курка вінтоўкі, прычым снайперскай?
— Гэта сёння фотаздымкі, кінахроніка, тэлевізійныя рэпартажы становяцца матывам сур’ёзнага пераследу. Маё разуменне адказнасці за кадр пачалося не адразу. Пашчасціла заняцца здымкай у іншы час: таксама не просты, але непараўнальна больш бяспечны. Бачыў нешта цікавае — шчоўкаў. Усё было прасцей. Як з арэхамі.
— Уменне назіраць і бачыць таксама не кожнаму дадзена… У вас яно выпрацавана прафесіяй фотажурналіста, калі заданне за заданнем, ці гэта вынік уласнай інтуіцыі на сюжэты?
— Я — індывідуальны фотапаляўнічы. Шукаў падзеі, адсочваў іх па прынцыпе: што, дзе, калі. З часам зразумеў: камера для многіх людзей служыць свайго роду эмацыйнай падтрымкай, а часам і матывацыяй для пэўнай рашучасці. І стаў кантраляваць сябе, каб у пагоні за класным кадрам не нашкодзіць тым, хто ў ім апынаецца.
З пачаткам рэпрэсій прыбраў усё патэнцыйна небяспечнае са сваёй стужкі ў Facebook. Паўсюль, дзе толькі можна, каб не падстаўляць людзей. Абсалютна не разумею тых, хто ігнаруе сённяшнюю палітычную фотагігіену.
— Калі і чаму прыйшло жаданне выхапіць момант часу ў імгненным кадры?
— Купіў сваю першую плёначную камеру «Киев-19» у 1988‑м. Праца справакавала: пастаянныя раз’езды па СССР. Велічэзная краіна, столькі прыгажосці паўсюль… Таму пачынаў з пейзажаў. Затым аблом 1990‑х, стала не да эмоцый — трэба выжываць. Паміж камандзіроўкамі зарабляў здымкамі малышні ў парку Горкага. Потым пачаў вучыць дзяцей у сваёй фоталабараторыі.
— Калі не ваенная тайна: што за праца такая? Абкалясіць Саюз рэдка каму ўдавалася. Тады людзі не дужа падарожнічалі. Не ў Еўропу, нават па Савецкім Саюзе. Вільня, Тбілісі, Брацк — ужо эмоцыі на паўжыцця. Разы ў гады выбіраліся некуды. Параўноўвалі Беларусь з іншымі рэспублікамі?
— Занесла на рэфрыжэратарныя цягнікі: мы займаліся перавозкай прадуктаў харчавання, іншых грузаў. Колы грукаюць, прырода за вокнамі мянялася паступова, а вось побыт, лад жыцця рэзка залежаў ад умоўнай адміністрацыйнай мяжы.
Дарэчы, у нас традыцыйна «чысценька» стала зусім не пры Лукашэнку: і тады — ці не ўзорны парадак уздоўж дарогі. А толькі ў Расію — адразу смецце, бруд, лужыны па калена… Цягнік спыніцца — ідзём у краму, а там голенька. Пра мяса, каўбасу нават не пыталіся. Дзякуй, што на станцыях былі хлеб, кансервы, танная рыба. Наадварот, прадаўцы ў нас хацелі купіць нешта сабе на стол: «Вы же из Белорусссии!»
А ў дзевяностых — пік дэфіцыту: нават у маскоўскія магазіны пускалі па пашпартах, глядзелі прапіску. У Омску неяк нават буханку хлеба не прадалі, бо немясцовы.

Генадзь Верацінскі. Аўтапартрэт. 2015 год.
— А перамены ў настроі людзей заўважаліся? Адразу сасісак не купіць, потым нават ліверка знікла… Затым — страх падумаць! — талоны на гарэлку ўвялі… Ці назапашвалася злосць, пратэсная энергія? У балота ж цягнулі!
— Выбух блакавала моцная грамадская апатыя. Па савецкай завядзёнцы чакалі, што нехта добры прыйдзе — і ўсё за іх зробіць… Фактычна дачакаліся: пасля кароткага маскоўскага выбуху 1990-га на прылаўкі раптам выкінулі тое, чаго чакалі гадамі. Абы грошы ў кішэні. Але вельмі хутка ўсё вярнулася ў ранейшую галечу.
У саюзных рэспубліках трошкі па-іншаму. Паўсюль напаўголаса бурчэлі, што кормяць Расію, Саюз, а самім крошкі толькі дастаюцца… Калі быў у Казахстане ці Узбекістане, там тэмпература яшчэ вышэйшая: «Будзем рускіх рэзаць»… А ў Азербайджане дык наогул: едзем побач з Каспійскім морам, дык пастаянна абстрэльвалі, само сабой, патрабавалі грошы, займаліся рэкетам. Плаці, калі праязджаеш праз іх станцыі.
— Ці даводзілася выкручвацца ў крызісныя сітуацыі: «Хлопцы, ды я, блін, не рускі — беларус!» Спрацоўвала?
— Здаралася. Але часам сітуацыю накалялі дурні ці правакатары. Ва Узбекістане бачыў аднаго такога — вялікага, з доўгай барадой пад Івана Жахлівага: «Я рускі! Захачу — увайду да любога! Зачыніце дзверы — ботам выб’ю»… У адкрытую неслі дзіч адзінкі, але, мабыць, унутры вось гэта дурное адчуванне сваёй абранасці жыло ў многіх…
— Але ж нас сто гадоў дзяцінства і юнацтва вучылі: і казахі, і ўзбекі, і рускія, і ўкраінцы, і якуты, і эстонцы, і літоўцы, і татары, і башкіры, і беларусы — роўныя, няма ніякай розніцы. І кніжкі пра новую «супольнасць савецкіх людзей» чыталі, і вуліцы называлі імёнамі герояў з іншых рэспублік, і казкі розных народаў друкавалі… І адначасова жылі ў ізаляцыі адно ад аднаго. Пра гэта думалася?
— Адразу лічыў, што мы — ахвяры бальшавізму. Усе: і рускія, і астатнія. Але потым, калі пачаў глядзець больш уважліва, пабачыў, што насамрэч адбываецца, то памяняў погляд. Мы ўсе — ахвяры гэтай «вялікай Расіі». Вось з‑за яе, з‑за гэтых бальшавікоў, і прыйшла бяда. Дзе ні з’явяцца — абавязкова пачынаецца хаос, бруд, змрок.
— Чаму адбылося развітанне з чыгункай, калі столькі цікавага, ды і зарабіць можна?
— Па тых часах разам з камандзіровачнымі і прэміямі тысячу, паўтары ў месяц атрымліваў, у канцы ўжо, у дзевяностыя. Але здароўе падвяло: двойчы ледзь не памёр у Цэнтральнай Азіі.
Традыцыю пацёмкінскіх вёсак прыслужлівыя рэдактары не проста вярнулі – у разы пераплюнулі савецкіх папярэднікаў
— Паступова зацягнула ў фотажурналістыку. У каго вучыліся рамяству? Хто быў прыкладам?
— Купляў фатаграфічныя часопісы, разглядаў здымкі, падымаўся па іх. Цягнула да фота, нібы магнітам. Абсталяваў сваю лабараторыю. Да ўсяго даходзіў сам — і тэхнічна, і эстэтычна.
Тады якраз у Мінску фармавалася новае кола фатографаў. Нараджаліся свае асяродкі, майстэрні на розныя густы і лады.
— Фатаграфічнае жыццё не зводзілася да газет і часопісаў? Гэта ж куды шырэйшая супольнасць!
— Безумоўна. Характэрны штрых: поруч з прафесійнай канкурэнцыяй — чалавечая выручка. Я хадзіў у Дом дружбы народаў — там добрая лабараторыя, у «Беларусьфільме» і «Белпраекце» таксама працавалі людзі, якія заўсёды выручалі. Кола знаёмства: адзін здымаў, другі праяўляў, трэці друкаваў. Нас звязвалі не пасады, а любоў да фота.

Газета «Набат» выходзіла ў 1991–1996 гг.
— Урэшце стыхіяй сяброўства мусіла занесці да іншай, складанай працы: рэдакцыйнай, афіцыйнай і больш адказнай.
– Менавіта так: праз усё тыя ж сувязі трапіў у рэдакцыю газеты публіцыста, вядомага пісьменніка, эколага Васіля Якавенкі. Шмат расказаў мне пра барацьбу супраць меліярацыі Палесся: каб не актыўнасць звычайных людзей, то бяда, зусім бы яго асушылі. Гэта ж факт: пры яго непасрэдным удзеле спынілі праект выпроствання рэчышча Прыпяці. Нельга бяздумна кідацца ў мінулае крыўдным словам «саўкі»: і раней, і цяпер людзі вакол — самыя розныя. Цімафеевіч якраз з тых, хто шмат здароўя згубіў у змаганні з бяздумнымі ўладамі.
— Чаго толькі тая яго газета вартая: шмат пісала пра чарнобыльскія болькі. Вось яе і прыдушылі… Але рэдакцыйнае жыццё захапіла?
— Гэта як у рэчку: нырнуў — і панесла. Чарговай бухтай стала рэкламнае выданне. Там наўпрост пазнаёміўся з працай друкарні, сёе-тое зразумеў у дызайне, падвучыўся вёрстцы. Хутка сам рыхтаваў нумар, ад пачатку да канца. Пасля ўжо — сур’ёзная газета: уладкаваўся ў «Феміду», да Ірыны Сакаловай.

Першая паласа палитыка-прававой газеты «Феміда», № 44 (199) 1995. Выдавалася ВПК Эрыдан і Саюзам юрыстаў Беларусі. Фота: KAMUNIKAT
— Адно з першых праваабарончых СМІ Беларусі. Якім быў калектыў знутры? Чым асаблівая яго школа?
— Па-першае, людзі: вельмі цікавыя, па вялікім рахунку, гістарычныя постаці: Андрэй Бастунец, Аляксандр Патупа, Сабіна Брыло, сама Ірына… Прыгажуня ва ўсіх сэнсах: неяк на канцэрце Булат Акуджава прысвяціў ёй свае песні і канчаткова ўразіў усіх тым, што падарыў сваю гітару. Газета пры такім галоўным рэдактары брала такія акорды, што мама не бядуй…
Я прыдаўся таленавітаму калектыву сваім веданнем тэхнічнай часткі, хутка ўцягнуўся ў працэс.
У памяці застаўся момант, калі аднойчы мы выйшлі з пустымі палосамі: цэнзура забараніла матэрыялы — і Сакалова пайшла на такі крок. Гэта было моцна.
— За што вас пераследавалі? Якія тэмы выклікалі раздражненне?
— Усе, што, на погляд уладаў, былі «занадта» праўдзівыя. Мы пісалі пра рэальныя парушэнні закону — і гэта не ўсім падабалася. Тады таксама галоўным злачынствам была праўда. Іншая рэч — больш лаяльны ўзровень пакарання. Калі аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Беларускі ПЭН на чале з Карласам Шэрманам выдала таўшчэзную «Жоўтую кнігу» пра пераслед СМІ, свабоду слова, то «Феміда» там згадвалася не раз.
У шырокі доступ трапіла “Жоўтая кніга” — хроніка падзей у СМІ 1995–1997 гадоў
— У новай эпохі крытэрыі і патрабаванні да здымкаў у СМІ мяняліся. Савецкая фоташкола, дзе ўсмешлівыя рабочыя і брыгадзіры з вымпеламі пераможцаў сацспаборніцтва, доўга не пратрымалася.
— Яна прайграла з‑за сваёй пастановачнасці. Што тады было галоўным? Каб усе выглядалі шчаслівымі. У фільме «Москва слезам не верит» ёсць кплівы момант, калі работніца паўтарае на камеру правільныя завучаныя фразы… У жыцці — змрок, у кадры — святло і ўсмешкі.
— І ўсё ж — выглядала сапраўды прыгожа? Традыцыю пацёмкінскіх вёсак сёння не заўважаеце?
— Папраўлю: не прыгожа, а — «прыгожанька»: адчуйце розніцу. Што да прыхарошвання натуры, то яно знікла на некалькі гадоў, але прыслужлівыя рэдактары афіцыйных органаў неўзабаве вярнулі. Нават удасканалілі: тэхніка і тэхналогіі рэальна паднялі планку прыслугоўвання вышэйшаму начальству. У кожнага фатографа замест партбілета — рэдакцыйны шаблон: здымае так, як патрабуюць.
Каля Палаца спорту людзі счапіліся з АМАПам: сценка на сценку, крыкі, шум, перакуленыя машыны
— Памятаеце свае самыя папулярныя здымкі?
— Так: выклаў серыю ў літоўскую групу Lithuania, дык яны набралі тысячы лайкаў. У Беларусі такога водгуку ўявіць немагчыма. Можа, таму, што для літоўцаў мой погляд здаўся новым, свежым.
— Даводзілася ўдзельнічаць у фотаальбомах, калектыўных праектах?
— Не, я — фэйсбучны фатограф.
— Упершыню чую такое…
— Дару: мой выраз.
Разумееце, фатаграфія — заўсёды публічнасць. Фота «ў стол», як з аповесцю, не існуе. Яно мусіць быць убачаным. Facebook і дае такую магчымасць: паказаць, атрымаць водгук, адчуць сувязь. Каментары, лайкі, простая ўвага да твайго — моцная падтрымка. Калі людзі рэагуюць, хочацца працаваць далей.

Купалле ў Варшаве. 2024 год. Фота: Генадзь Верацінскі
— А ёсць фатографы, за якімі адмыслова сочыце?
— Я ж не нарцыс! Напрыклад, Дзмітрый Брушко мае вельмі цікавыя працы. А яго бацька, Сяргей Брушко, фотазадакументаваў эпоху галоснасці і перабудовы. Што ні здымак — лёс, гісторыя, эпоха. Без аніякай пафаснасці, праз майстэрства перадаць у здымку характар.
Мяне чапляюць усе майстры, у каго асаблівае вока, кампазіцыя, адчуванне моманту.
— А Instagram? Ён жа створаны якраз пад фота.
— Спрабаваў, але не пайшло. Сваім стаў менавіта Facebook. Звыклая платформа, больш камунікацыі.
— Не хочацца часам зрабіць са свайго нешта большае: выставу, альбом, удзел у конкурсах?
— Ніколі не вылучаўся. Проста здымаў тое, што бачыў. Мне камфортна за кадрам і славай.
— Як і нябожчык Уладзімір Кармілкін. Ён фіксаваў, а не вынаходзіў.
— Чалавек-легенда. Фотахранікёр змагання супраць камунізму і рэжыму Лукашэнкі. Захапляўся майстэрствам гэтага колішняга афіцэра захоўваць гісторыю ў кадрах як ёсць: без гульні са святлом, без кампазіцыйных трукаў… Сёння ягоныя здымкі — праўда эпохі надзеі.
І сведчанне: дакументальная фатаграфія не патрабуе эфектаў. Ты можаш зняць двор, дом, людзей — і некалі ўсё яно ператворыцца ў сведчанне часу.
— Ёсць цяпер тыя, хто працягвае гэтую традыцыю?
— Хоць у іншым рэчышчы, аднак працуюць людзі, вельмі цікава атрымліваецца. Напрыклад, Дзмітрый Маслій выкладвае ў Facebook фота Мінска 1950–1970‑х гадоў. Часткова свае, часткова з архіваў. І яны выклікаюць суперскі водгук.
— Калі незабыўны спадар Кармілкін быў летапісцам БНФ, то вы — фотахранікёр АГП. Якім ветрам занесла туды?
— Пасля «Феміды», у 2004‑м. Знаёмы прапанаваў нешта зняць для іх. Так і закруцілася: спачатку аматарскія, кароткія дачыненні, потым усё больш сістэмныя. А ў практычную дзейнасць партыі ўцягнуў яе лідар, Анатоль Лябедзька. Мы шмат ездзілі разам.

Генадзь Верацінскі. Аўтапартрэт. 2024 год
— Ён не раз трапляў пад дубінкі. Калі побач, таксама даводзілася трымаць удар?
— Здаралася. Хоць часцей проста адцягваў увагу АМАПа, калі магчыма. Памятаю выпадак каля Аляксандраўскага сквера: Анатоля акружылі, хацелі скруціць.
Я да журналістаў: «Бягом туды! Хочуць затрымаць, здымайце!» — і ўсё рассмакталася. А вось каля «Печак-лавачак» нумар не прайшоў: яго завалаклі ўнутр і збівалі там, за шклом, куды аніяк не прабрацца. А потым вывелі праз чорны ўваход і запхнулі ў аўтазак.
— Гэта 2006 год, на выбарах прэзідэнта — кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч. Шмат працавалі ў разбітым на «плошчы Каліноўскага» палаткавым лагеры.
— Так. Кожную раніцу — туды, як на працу: вітаўся з народам, здымаў, вяртаўся ў офіс на Веры Харужай. Так і фіксаваўся дзень за днём.
— Як гэта ўсё адбывалася? Што там, ля намётаў, між БЧБ-сцягоў на вудах?
— Вельмі дзіўнае адчуванне: вакол кола міліцыі, шныраць падазроныя людзі ў цывільным, гамоняць, чытаюць вершы, спяваюць, прытупваюць на марозе нашыя хлопцы і дзяўчаты… Крок з метро туды — і нібы пераступаеш мяжу. Унутры — тэрыторыя свабоды. Не было страху, хоць яго наганялі пастаяннымі затрыманнямі і валанцёраў, што неслі ежу, і выпадковых мінакоў. Многія тады трапілі на Акрэсціна, у Барысаў… Там аўтаматычна адчуваў сябе чалавекам. А выходзіш — і цені, адсочванне.
— Фатограф мог прафесійна заўважаць, як у людзей тады мяняліся твары.
— Момант узрушэння рабіў усіх прыгожымі, узнёслымі. Больш усмешак, адкрытасці, дапамогі. Кола сяброў, без фармалізму, ад душы. Таму процьма проста выдатных здымкаў. Свята вольнага духу.
— Вы былі сведкам не адной дэманстрацыі з энергіяй космасу.
— Напрыклад, Чарнобыльскі марш 1996-га. Каля Палаца спорту людзі счапіліся з АМАПам: сценка на сценку, крыкі, шум, перакуленыя машыны. Па тым часе — сапраўдны шок. Але ўсё ж захоўвалася нейкае чалавечае стаўленне з боку сілавікоў і суддзяў.
Мяне ўпершыню затрымалі ў тым жа годзе. Прывезлі на Камсамольскую, у апорны пункт. Міліцыянт па прозвішчы Таўстамонавіч правяраў дакументы і проста забіраў у людзей грошы з кашалькоў… Сабе. Але нават з такімі можна было гаварыць.
З цяперашнімі — бессэнсоўна. Цяпер — робаты. Без розуму, без сораму, без твараў. Ім сказалі — яны бягуць выконваць.
— Дарэчы, на той «бітве пры Нямізе» здарыўся рэдкі момант міжнароднай салідарнасці: украінцы прыехалі на дапамогу.
— Дык і нашыя ў даўгу не засталіся. Беларусы падтрымлівалі рэвалюцыі суседзяў. Калі далей нехта папракаў, што з нашай тэрыторыі пачаўся наступ рускіх на Кіеў, я адказваў, што трэба разводзіць пазіцыі ўлады і народа:
«Мы былі на ўсіх вашых майданах, побач з вамі. А калі ў Беларусі ў дваццатым здарылася бяда, то дапамогі не дачакаліся». Хоць дакладна ведаю: планаваўся цягнік падтрымкі з Украіны, але ў апошні момант усё рассыпалася. Магчыма, каб па-іншаму, усё пайшло б інакш.
Ёсць палітычная логіка: публічны чалавек мусіць быць бачным. Гэта частка яго працы
— Але ж бываюць кадры зусім іншага роду: без масавых акцый, без шумавых гранат, дубінак і газу… Калі стаіць або ідзе толькі адзін чалавек — але ў гэтай нібыта адзіноце ўся нашая нацыя, яе высокая годнасць. Напрыклад, здымкі Ніны Багінскай са сцягам у руках…
– Так, і гэта, бадай, наймацнейшае. Або ўзяць, напрыклад, Валерыя Шчукіна. Ён адзін мог увасобіць у сабе плошчу. Шмат разоў здымаў таксама. Упершыню ўбачыў па тэлевізары, калі ён быў дэпутатам ад апазіцыйных камуністаў. А пасля пазнаёміўся асабіста — і ўбачыў зусім іншага чалавека. Адкрыты, смелы, шчыры — наросхрыст. Без фальшы.

Ніна Багінская на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Фота: Генадзь Верацінскі
— Што асабліва здзіўляла ў ім?
— Стойкасць, бясстрашша, вера ў справядлівасць насуперак дубіначнай няпраўдзе. Тры палітычныя справы, шматкроць затрымлівалі, давалі тумакоў, дзясяткі штрафаў — а ён на сваім. Неймаверная ўпартасць у адстойванні правоў: чатыры гады змагання за незаконнае пазбаўленне прапіскі ў Полацку… Колькі здымкаў зрабілі мае калегі, калі ён на знак пратэсту начаваў у віцебскім чыгуначным вакзале… Змаганне за сваю годнасць — толькі адзін маленькі эпізод у яго бурнай праваабарончай, палітычнай дзейнасці. Найперш Валерый Аляксеевіч змагаўся за дэмакратычную Беларусь, пра сябе дбаў у апошнюю чаргу.
— Адкуль у ім такая бурапенная энергія?
— З характару. Проста не ўмеў інакш. Можа, і празмерна эмацыйны, але заўсёды сапраўдны.
— Ён не пазіраваў перад камерай?
— Не. Звычайна чалавек, калі бачыць аб’ектыў, напружваецца, усміхаецца, робіць позу. А Шчукін паводзіў сябе натуральна. Разумеў, што яго фатаграфую не дзеля яго ж, даруйце за таўталогію, а ў інтарэсах агульнай справы. Ён ведаў: часта фота — гэта наймацнейшае сведчанне. Маю шмат здымкаў, дзе Шчукін увасабляе грамадзянскую мужнасць. Адзін супраць сістэмы. Ён уражваў смеласцю. Загартоўка марскога афіцэра: дваццаць сем гадоў на Ціхаакіянскім флоце. І сапраўдны беларус. Нездарма атрымліваў прэмію з рук Алеся Бяляцкага ў намінацыі з сімвалічнай назвай — «Асоба». Чалавек-перфоманс, чалавек-акцыя…
— Для фотарэпарцёра людзі без масак, паказнога, наноснага — знаходка. Бо аўдыторыя ловіць на ляту менавіта непадробную шчырасць. Аднак шмат вашых персанажаў з доўгай практыкі адчувалі прысутнасць камеры і аўтаматычна настройваліся на яе. Напрыклад, у вас дзясяткі здымкаў Лябедзькі. Калі шчыра: ці разумеў ён, што і ў тым ліку праз фатаграфіі застанецца ў гісторыі?
— Думаю, так. Але тое — зусім не самалюбаванне. Анатоль разумеў палітычную логіку: публічны чалавек мусіць быць бачны. Гэта частка яго працы. Тут не пра славу, важнейшая прысутнасць праз цябе тваёй кампаніі, партыі, справы.

Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька. Мінск, 2013 год. Фота: Генадзь Верацінскі
— Каго з аднапартыйцаў давялося здымаць вось з тых самых меркаванняў? Бо дакладна ведаў: гэта смелыя, годныя людзі. Не выпадковыя, таму кожны такі партрэт, ізноў жа, — дакументаванне часу.
— Цяжка ўсіх назваць, бо многія засталіся ў Беларусі. Не хачу рызыкаваць імі. Але шмат каго вельмі паважаю: смелыя, шчырыя, прафесійныя. Памятаю Уладзіміра Шанцава — сталы, але моцны духам. Марыну Багдановіч — адважную, хоць мы розныя характарам. Людмілу Гразнову — маленькую інтэлігентную жанчыну, але якой з вялікай годнасцю…
Калі бачыш гвалт і несправядлівасць, то не можаш быць пасярэдзіне
— Праз аб’ектыў бачна шмат: пратэсты, гвалт, затрыманні. Як заангажаваны ў палітыку фатограф пачуваецца ў вострых сітуацыях?
— Заўсёды ў напружанні. Кожны раз ішоў з думкай: сёння можаш не вярнуцца дадому. Стаіш паміж людзьмі і АМАПам, сярод крыкаў, дыму, але мусіш мець спакой. Я трымаўся на бяспечнай адлегласці, але для кожнага яна свая. Галоўнае — не паказваць страху.
— Пачуў некалі ад вас, што фатограф не можа быць нейтральным.
— І цяпер так лічу. Калі бачыш гвалт і несправядлівасць, то не можаш быць пасярэдзіне. Ты альбо з людзьмі — альбо на баку тых, хто іх б’е.
— Аб’ектыўнасць і абыякавасць — розныя рэчы?
— Хто кажа, што ён «над схваткай», альбо падманвае, альбо дурань.

Мінск падчас мірных пратэстаў у 2020‑м. Фота: Генадзь Верацінскі
— Колькі разоў затрымлівалі?
— Па-сур’ёзнаму — разы чатыры.
— Што было тады першым жаданнем: схаваць сімку, камеру? Ці, можа, наадварот, паспрабаваць зняць?
– Я здымаў нават у судзе. Напрыклад, калі слухалася чарговая справа Лябедзькі. Тады гэта ўжо забаранялі, але здолеў дамовіцца з суддзёй. На плёнку трапіў поўны выступ Анатоля: важны дакумент для гісторыі. Дарэчы, яго ў тым эпізодзе апраўдалі.
Або выпадак у Астрашыцкім Гарадку: нас спыніла міліцыя, пачалі агляд. Дастаю камеру, спакойна пачынаю здымаць іх саміх. Ашалелі ад нечаканага нахабства і адпусцілі.
Маё прафесійнае напружанне — не страх, а веданне, што ў любую хвіліну нешта можа здарыцца. Пры ўсім тым хоць знешне спакойны, але ўнутры ўсё роўна трымціць тонкая нітка.
— А што наконт іншых фотакарэспандэнтаў, якія працавалі на апазіцыйных акцыях, а побач заўсёды сілавікі? Былі ж выпадкі: збівалі, саджалі, разбівалі апаратуру. Ці змагаліся з вамі, блакавалі будучыя кадры?
— Найперш імкнуліся не дапусціць дакументацыі сваіх злачынстваў. А нам ужо даставалася як носьбітам той фотапраўды.
Я ніколі не меў ні камізэлькі з надпісам «Прэса», ні нейкіх там пропускаў. Не паказваў, што журналіст. Проста хадзіў і здымаў. Ёсць прыказка: фатограф мусіць быць як цень, а яшчэ лепш — чалавекам-невідзімкам, каб ні відаць, ні чуваць. Але мусіш быць паўсюль.
Калі пачынаеш дэманстраваць нейкую сваю асаблівасць, у тым ліку праз умоўную нейтральнасць, адразу прыцягваеш увагу. І гэта толькі перашкаджае.
— А тыя, хто рабілі наадварот?
— Дык нават раней часта атрымлівалі напоўніцу. Першую разбітую камеру я бачыў яшчэ ў 1996‑м, калі перакульвалі машыны. «Бэтакам» паляцеў угару і грымнуўся аб асфальт. Дарагая рэч, шкада.
— Для рэдакцыі страта, але для фатографа, мабыць, нешта большае?
— Гэта асабістая трагедыя. Бо камера — як працяг рук, частка цябе.

Былы палітзняволены Ігар Карней. 2025 год. Фота: Генадзь Верацінскі
— А што здарылася ў 2020‑м? Як апынуліся ў Польшчы?
— У снежні былі апошнія мітынгі. У нашым двары, каля Чкалава, праходзілі дваровыя пратэсты. Я па традыцыі пайшоў фатаграфаваць. І раптам міліцыя… Там былі пераапранутыя ў зялёнае курсанты школы міліцыі, з дубінкамі. Здымаў. Падскочылі, забралі камеру — і ў Маскоўскі РАУС. Спрабую супраціўляцца: «Я журналіст, я здымаю» і ўсё такое. «Вы ўсё здымаеце не так, як трэба».
Заходжу з другога боку, прычым не маню, бо ў тыя дні якраз вельмі кепска адчуваў сябе: «Мне дрэнна, высокі ціск!» — «Мне таксама».
Нават хуткую не выклікалі, наадварот — павезлі ў пекла, на Акрэсціна. Там мяне ўжо зусім павяло… А яны ўсё мурыжаць: «Ды па пратаколу ў цябе норма!» Скончылася тым, што проста з Акрэсціна — у шпіталь, там паспелі адкачаць. І цішыня, адчапіліся. Ненадоўга: пачаў тэлефанаваць Следчы камітэт, у паштовай скрыні — позва за позвай. Выбар просты: альбо сесці — альбо з’ехаць. У траўні 2023-га падаўся ў Грузію, аформіў гуманітарную візу і ў ліпені быў ужо ў Варшаве. Зараз мая кватэра ў Мінску апячатана Следчым камітэтам. Значыць, заведзеная справа.
— Калі падлічыць: колькі акцый, дэманстрацый, дваровых сходаў знята за гэтыя гады?
— Сотні: кожны год — дзясяткі.
Калі я пачынаў фатаграфаваць, быў проста інтарэс. Але паступова прыйшло разуменне: пражыць сваё на «нейтральнай тэрыторыі» немагчыма. Нейтральнасці няма. Ты мусіш заняць бок — той, што адпавядае сумленню. У ацэнках жыцця варта заставацца спакойным, але ў жыцці — альбо за белых, альбо за чырвоных. І бегаць туды-сюды не выпадае…
Гэта дрэнна, калі чалавек думае, што ён па-над усім. Так бывае толькі тады, калі ўжо нічога не адчуваеш.
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
@bajmedia