• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што паслухаць на святы? Калядны плэйліст ад Лявона Вольскага

    Што ж паслухаць беларусам у гэтыя святочныя дні, якім саўндтрэкам расфарбаваць у цудоўныя зімовыя колеры наваколле? Лявон Вольскі склаў свой калядны плэйліст.

    Што паслухаць на святы? Калядны плэйліст ад Лявона Вольскага

    Лявон Вольскі. Фота: Nastya Kas­sio­pea (з асабістага архіву Лявона Вольскага)

    Пасьля стварэньня супольнага музычнага праекту «Сьвяты Вечар-2000» мінула шмат гадоў, і цягам гэтае чвэрці стагодзьдзя я неаднаразова вяртаўся да думкі, што «можам паўтарыць», то-бок запісаць яшчэ адзін супольны калядны альбом. Каб зноў ён быў не ў суворым фольк-фармаце (гэтага ў нас хапае), а блізкі і зразумелы кожнаму, карацей, зімовая сьвяточная пап-музыка, як прынята ў сьвеце. 

    Але думкі думкамі, а суворая рэчаіснасьць дыктавала свой сцэнар: то брак бюджэту, то занятасьць музыкаў, то рэпрэсіі на радзіме (якія пэрыядычна разгортваліся і да гераічнага 20-га, калі хто ня ведае), але за гэты час задума ня спраўдзілася.

    Але беларускія музыкі напярэдадні Калядаў рэгулярна рабілі сьвяточныя рэлізы. Выпускаліся яны і да «Сьвятога Вечара». 

    Прапаную вам паслухаць тое-сёе з багатай беларускай калядна-навагодняй сьпеўнай спадчыны. Гэта ніякі ня топ-20, бо тут ня той выпадак. Ніхто ні з кім не змагаецца, няма ніякага спаборніцтва. Вы можаце слухаць гэтыя творы ў адвольным парадку — як вам спадабаецца. І яшчэ — я не прэтэндую на аб’ектыўнасьць і на штосьці абавязкова забудуся, ці гэтае штосьці ў свой час прайшло міма мяне, такое таксама пэрыядычна здараецца.

    Такім чынам:

    «Песьняры» — «Калядачкі»

    Хіт з далёкіх савецкіх часоў. Мне болей падабаецца старэйшая кантры-вэрсія за пазьнейшую ф’южн-джаз-рокавую.

    Кася Камоцкая — «Чаканьне Калядаў»

    Словы Міхала Анемпадыстава. Прывітаньне зь 90‑х. Пранікнёная задуменная песьня пра Каляды і жыцьцё.

    Аляксандр Памідораў — «Цуд На Каляды»

    З праекту «Сьвяты Вечар-2000». Сьвяточны аўтарскі гангста-рэп, папулярны ва ўсе часы.

    «Крамбамбуля» — «Калядная Песьня»

    Музыкі вельмі стараліся стварыць калядны настрой. Ці атрымалася, вам меркаваць.

    «Крамбамбуля» — «Партызаны Каляднага Лесу»

    Зусім іншая па стылі і гучаньні песьня гурту, які вымушана «сышоў у лясы», каб займацца партызанскім супрацівам. Іранічная.

    Віктар Шалкевіч — «Балада пра Сьвятога Мікалая»

    Песьня, якая ў нармальнай дзяржаве мусіла б круціцца па радыё й тэлевізары напярэдадні і падчас сьвятаў.

    Віктар Шалкевіч + «Дзеці» — «Сьвяты Мікалай»

    Са «Сьвятога Вечара-2000». Аповед пра Сьвятога Мікалая для маленькіх слухачоў. Мы з вамі таксама можам паслухаць і акунуцца ў дзяцінства.

    «Палац» — «Сьвяты Вечар (Merry Christmas)»

    Сплаў розных моваў і жанраў (на дзіва арганічны) у адной песьні з тых часоў, калі гурт «Палац» даваў канцэрты ў менскай філярмоніі.

    «Палац» — «Звон Зьвініць»

    Вольнае, нават вельмі аўтарызаванае прачытаньне сусьветнага каляднага хіту № 1 — Jin­gle Bells. У арыгінале, дарэчы, пяецца пра тое, як добра ехаць зь дзяўчатамі на санках, паганяючы каня, па сьнегавых віхурах і завеях. У палацавай вэрсіі ўсё спрасьцілася да «Калядны мой вазок / Сьпяшаецца ізноў / Прывезьці падарункі ўсім, / Павіншаваць сяброў». Але ўсё адно цяжка ўявіць сабе зімовыя сьвяты бяз гэтае песьні.

    Neuro Dubel — «З Новым годам, родны край!»

    Навагодняя песьня з абсурднаватым, як любіў Саша, тэкстам, дзе ёсьць усе атрыбуты сьвяткаваньня ў «родным краі» — аліўе, бумбокс кітайскае вытворчасьці, танцы, карацей, народнае гуляньне. 

    Зьміцер Вайцюшкевіч — «На Каляды»

    Гэты плённы артыст штогод радуе нас каляднымі рэлізамі. Найвядомейшы зь іх — «На Каляды» (на словы, безумоўна, Уладзіміра Някляева), але можна сьмела дадаваць у плэйліст і «Каляднае Сьвятло», і «Калядку», і «Каляднае Танга».

    NAVIBAND — «Сумнае Сьвята»

    Сапраўды сумная, але сьветлая калядная песьня часоў масавае эміграцыі беларускіх музыкаў.

    «Каляды ў Менску» 

    Песьня-надзея на лепшае з праекту «Эмігранты».

    Апроч усяго пералічанага варта паслухаць беларускія фольк-гурты. Кожны зь іх мае некалькі песень на калядную тэматыку. 

    І ў тым самым «Сьвятым Вечары-2000», апроч «Цуду на Каляды» і песьні Віктара Шалкевіча, ёсьць беларуская вэрсія «Ave Maria» Шубэрта ў выкананьні Веранікі Кругловай, традыцыйная (у альбомнай вэрсіі — рок-н-рольная) «Глёрыя» ў жвавым выкананьні Аляксандра Памідорава і таксама традыцыйная «Новая Радасьць» у маім прачытаньні. 

    І будзем спадзявацца на тое, што наступным годам сустрэнем Каляды ў Менску пад гукі навастворанага супольнага музычнага праекту «Сьвяты Вечар-2026».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці