Кубак Золатавай, рукавіцы Фядуты. У Варшаве адкрылася выстава турэмных артэфактаў
У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава «Кропка ўваходу – 123». У экспазіцыі – больш за 30 прадметаў турэмнай рэальнасці Рэспублікі Беларусь, у якую можна ўвайсці, але выйсці з якой немагчыма – можна толькі вызваліцца.

Марына Золатава з тым самым кубкам, што стаў экспанатам выставы. Скрыншот відэа з Instagram Музея вольнай Беларусі
Сурвэткі, кубкі, біркі, «мутка», «заначка зэка», рукавіцы і турэмныя «палажняковыя» лыжкі… Правадніком «Белсату» па выставе быў былы палітычны вязень Алег Кулеша.
«Адна з маіх сябровак пасля вызвалення прыехала дадому. Мінуў, можа, дзень, яны з матуляй, паабедаўшы, выйшлі на гаўбец пакурыць. Былая палітзняволеная даядала яшчэ дэсерт, паварочваецца, а мама стаіць і плача. «Мама, ты чаго? Я ўжо амаль содні як удома, супакойся!» – прытуліла яе. А маці адхіляе вопратку дачкі і дастае з унутранай кішэні лыжку, якую тая паводле зонаўскай звычкі схавала туды аўтаматычна…» – апавядае гісторыю былы палітычны вязень і сузаснавальнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша, які ў дзень адкрыцця выставы стаўся нашым экскурсаводам.
Гэтыя матчыны слёзы – маўклівы адказ на тое, навошта ладзіць такія выставы, як «Кропка ўваходу – 123».

Фотаздымак і футарал з гігіенічнымі прыладамі палітзняволенай Т. К., адныя з экспанатаў выставы «Кропка ўваходу – 123», у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Сведкі гвалту і выжывання»
«Фондавая выстава «Кропка ўваходу – 123» – гэта праект пра ўваход у сучасную беларускую рэальнасць праз канкрэтныя, маўклівыя, але надзвычай красамоўныя артэфакты. Гэта спроба асэнсаваць гістарычны момант праз рэчы, якія сталіся носьбітамі памяці», – гаворыцца ў анатацыі да выставы, якая адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі 20 студзеня і будзе працаваць да 1 сакавіка.
Экспазіцыя месціць больш за 30 прадметаў з той самай беларускай – турэмнай – рэальнасці, вывезеныя іх уладальнікамі за межы турмы і краіны 13 снежня 2025 года. Памятаем, што менавіта ў гэты дзень 123 (адсюль гэтая лічба ў назве праекту) палітвязні былі вызваленыя ў межах паразумення з дзяржаўнай адміністрацыяй ЗША і вывезеныя беларускімі кадэбістамі ва Украіну. Рэчы, якія былыя палітычныя вязні перадалі потым музею, апынуўшыся ў вітрынах, сталіся «сведкамі досведу зняволення, гвалту і выжывання».
Цалкам простыя рэчы. І ў той жа час – зусім не простыя. За імі не толькі слёзы. За імі – цэлыя «кавалкі жыцця». Пра кожную лыжку ці кубак на выставе можна пісаць кнігу.
Сярод выстаўленых прадметаў – рукавіцы Аляксандра Фядуты, кубак Марыны Золатавай, гадзіннік Аляксея Германа, «заначка зэка» Алены Гнаўк, паштоўка Максіма Знака, бялізна Алены Елькінай…
«Вось, глядзіце, тут слоічак ад вермішэлі «Ролтан», у якім можна было закіпяціць ваду, запарыць гарбату. Напэўна, з турмы, бо ў СІЗА выдавалі «палажняковыя» кубкі. Выбачайце, што карыстаюся турэмнай феняй, бо феня – таксама ўваход у той свет, таксама наш артэфакт. «Палажняковае» – гэта тое, што табе выдае дзяржава для карыстання, што табе «паложана». Вось, напрыклад, «палажняковая» лыжка, проста з калоніі. Гэта насамрэч рэдкі артэфакт. Калі чалавек вызваляецца ў звычайным парадку, усё «палажняковае» ў яго адбіраюць. А гэтыя прадметы тым і каштоўныя, што іх не забралі, бо людзей проста выдзіралі з калоніяў і турмаў у той дзень, а кадэбістам потым было ўсё адно, вывозяць яны «палажняк» ці не. Таму на выставе шмат такіх рэчаў», – апавядае Алег Кулеша.

Ручнік і мыла Алены Гнаўк, адзін з экспанатаў выставы «Кропка шваходу – 123», у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Гэта «палажняковае», а значыцца – без якасці і цеплыні»
Кулеша зазначае: адзін з самых каштоўных экспанатаў тут – турэмная «мутка», якая, выкарыстоўваецца ў месцах зняволення як грашовая (і «жыццёвая», дадае Алег) мера. Гэта пакецік з поліпрапіленавай плёнкі – ніжняя частка ўпакоўкі пачка цыгарэтаў. Але калі гэты пакецік напаўняецца каваю, гарбатаю ці цукрам – мае пэўны грашовы сэнс.
«Напрыклад, на маёй зоне такая «мутка» на той час каштавала «шасцёрку» – гэта тры пачкі цыгарэтаў «Winston», – тлумачыць Алег Кулеша.
«Мутка» на выставе прэзентаваная арыгіналам і сучаснаю копіяй – напоўненая кавай. Каля «муткі», на той жа вітрыне ў форме вялікага куба, ляжыць «заначка зэка» Алены Гнаўк – пластыкавы пакет, перавязаны на дзве часткі вузлом: у адной – пакецікі з гарбатай, у другой – пушка («карабель») ад запалак, у якім захоўваліся самаробныя карты (квадрацікі паперы з лічбамі розных колераў).
«Заначка» суседзіць з чорнаю балаклаваю былога палітычнага вязня Віктара Мекі, у якой яго везлі з бабруйскай калоніі да мяжы з Украінаю. На вітрыне побач – турэмная фуфайка Юрыя Рубашэнкі, у кішэні – ягоная ж роба. Спраўджваем таўшчыню фуфайкі: наўрад ці ў ёй вытрываеш нават у варшаўскія маразы, не кажучы ўжо пра гомельскія, бабруйскія ды віцебскія.
«На турэмнай – «цялага». Зараз калі б выйшаў у ёй – змёрз бы за 15 хвілінаў [у Варшаве было мінус сем]. Гэта ж не тая «цялага», якая выдавалася цывільным людзям. Гэта ўсё «палажняковае», а значыцца – без якасці і цеплыні», – тлумачыць наш праваднік.
«Смурод ад мыла стаяў невыносны»
Алег Кулеша падыходзіць да самай першай вітрыны. На ёй выстаўленыя прадметы з жаночай калоніі. Апавядае, якімі нікчэмнымі вафельнымі ручнікамі (ужывае слова «скарач») даводзіцца карыстацца жанчынам на зоне. Спыняецца на кавалках аўтэнтычнага турэмнага мыла («апошняя выдача на ПК № 24»), якое «выехала» на волю з Аленаю Гнаўк. У Алегавай калоніі (адбываў тэрмін у Бабруйску) «белае» мыла не выдавалі – толькі цёмнае:
«І яго было да халеры, бо ім амаль ніхто не карыстаўся. Яно было сырое і зваранае з дохлай сабачаціны – смурод стаяў проста невыносны. А калі ты з волі не «грэешся» і не маеш «мутку», каб сабе накупіць нейкага шампуню, то вымушаны быў ужываць тое, што дае зона…»
Там жа – папяровыя сурвэткі Алы Дзясятнік («Сурвэткі з сімвалам агню… Нам у Берасцейскім СІЗА не давалі сродкаў гігіены. Я зберагала і выкарыстала толькі тры сурвэткі, яны былі для мяне сімвалам сілы, маім абярэгам…»), кубак з мапаю свету журналісткі Марыны Золатавай (глядзіш на кубак – і бачыш цёплую ўсмешку Марыны: як добра, што ўжо на волі!), вязаная шапка Наталлі Малец, каля шапкі – яшчэ адна лыжка.

Кіпяцільнік і зашчэпкі Віктара Мекі, экспанаты выставы «Кропка ўваходу – 123» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Яшчэ вось, глядзі. Здавалася б, такія дробязныя рэчы. Слоічак з‑пад замяняльніка цукру «Саламікс». Ага, «насладись всласть». Але на зонах забаронена мець цукар. Нам у калоніі выдавалі, калі добра памятаю, 12 ці 14 маленькіх кулёчкаў па 5 грамаў на месяц. Але салодкага ўсё роўна хочацца. І людзі выкарыстоўваюць вось такі цукразамяняльнік. Калі ты ў СІЗА і разумееш, што чакае на зоне, то абавязкова паспрабуеш гэта выцягнуць…» – расказвае Алег Кулеша.
Чаму ў калоніях забараняюць цукар? Каб жыццё раптам не падалося салодкім? Гэта таксама. Але найперш, каб зэкі не варылі самагону.
«Гэта, дарэчы, не спыняе асуджаных. Праўда, ніхто гэтага не бачыў, каб гналі, але гісторыі пра такое чулі ўсе. Забароны не азначаюць, што зона не жыве сваім жыццём. Жыве, жыве – і вельмі моцна, бывае. Але ўсё, што там было, павінна застацца на зоне. Такое правіла. Таму журналісты таксама павінныя на волі думаць галавою…» – раіць наш экскурсавод.
Запэўніваем былога палітвязня, што спрабуем гэта рабіць увесь час…

Выстава «Кропка ўваходу – 123», заснаваная на артэфактах, звязаных з турэмным досведам беларускіх палітзняволеных у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«На кругаль – два караблі найлепшага чаю…»
Раўнавагу ўсёй экспазіцыі выставы «Кропка ўваходу – 123» надаюць два абʼекты – самыя адасобленыя, самыя вертыкальныя і высокія (у фізічным сэнсе) і самыя яркія. Яны як два вартаўнікі, а можа, як два анёлы, якія пільна ўглядаюцца ў прастору той беларускай рэальнасці, у якую нялёгка ўвайсці і зусім немагчыма выйсці – толькі вызваліцца.
Першы: у левым крыле ля ўваходу – бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітвязняў (сцяг Марыі Грыц). Другі: у правым крыле – паштоўка Максіма Знака:
«Ірыша, прывітанне!.. Спадзяюся, што чайная цырымонія табе спадабалася. Расказваю рэцэпт: на кругаль два караблі найлепшага буйналіставога чаю, размяшаць мяшалкай, піць з асалодай, элегантна адкладаючы лішнія чаінкі на сурвэтку. Паштоўка – вельмі! Але нават месца не саступіў! Лапух? Не! Проста няма чаго ёй тут сядзець. Захапляюся. абдымаю. Я. 27.02.2021».
Пра гэта можна пісаць кнігі.

Малюнак Максіма Знака, адзін з экспанатаў выставы «Кропка ўваходу – 123», у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Выстава «Кропка ўваходу – 123» працуе з 20 студзеня да 1 сакавіка. Аўтар ідэі і арганізатар – Музей Вольнай Беларусі ў супрацы з БАП «Да волі» пры фінансавым і арганізацыйным падтрыманні НАУ і амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве. Куратар праекту – Аляксей Бацюкоў, дызайнер – Аляксандр Адамаў, графічны дызайнер – Дар’я Абібок, мастак святла – Даніла Ганчароў. У экспазіцыі выкарыстаная відэаматэрыял Радыё Свабода з прэс-канферэнцыі беларускіх палітвязняў 22 снежня 2025 года.
@bajmedia