«Мы маем справу не з аднаўленнем справядлівасці, а з трансфармацыяй рэпрэсій»: чаму памілаванне палітвязняў без рэабілітацыі не азначае свабоду
З лета 2024 года па памілаванні на волю выйшлі прыкладна 855 палітвязняў, частку з якіх прымусова выдварылі за межы Беларусі. Вызваленне палітвязняў у Беларусі ўсё часцей набывае форму «гібрыднага пераследу»: з турэмных камер людзі трапляюць пад татальную фінансавую блакаду і прававую безабароннасць. Статусы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» робяць жыццё на волі невыносным, бо немагчыма атрымаць заробак ці распараджацца маёмасцю.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» разам з юрыстам Паўлам Сапелкам тлумачыць, чаму памілаванне без поўнай рэабілітацыі застаецца толькі частковым крокам, і чаму праваабарончая супольнасць настойвае на аднаўленні ўсіх правоў былых палітвязняў.

Абмежаванні пасля вызвалення
Часта вызваленне становіцца не пачаткам новага жыцця, а працягам рэпрэсій, але ўжо ў іншай форме. Асабліва жорсткія абмежаванні тычацца тых, каго ўлады ўключылі ў «спіс тэрарыстаў».
Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», пасля вызвалення некаторыя былыя палітвязні ў Беларусі сутыкаюцца з мноствам абмежаванняў і выпрабаванняў звязаных са статусамі «экстрэміста» і «тэрарыста».
Патрабаванне працаўладкавацца ў кароткія тэрміны
Ад былых вязняў патрабуюць прынесці ва ўпраўленне ўнутраных спраў даведку аб працаўладкаванні. Але пры гэтым, людзям са статусам «тэрарыста» забаронена адкрываць банкаўскі рахунак, а значыць немагчыма атрымаць афіцыйны заробак.
Апроч гэтага, немагчыма карыстацца і сродкамі, якія знаходзяцца на ўжо існуючых рахунках, але, паведамляецца, што існуе магчымасць атрымаць дазвол на выкарыстанне сродкаў у памеры «бюджэта спажывецкага мінімуму», але механізм яго атрымання непразрысты. Таксама былыя палітвязні сутыкаюцца з немагчымасцю зарэгістраваць нумар мабільнай сувязі.
Праблемы з маёмасцю
Былыя палітвязні, уключаныя ў «спіс тэрарыстаў», не могуць прадаць ці здаць у арэнду аўто і нерухомасць, нават узаконіць пабудовы на ўласным участку.
Паводле заканадаўства, для людзей са статусам «тэрарыста» дзейнічае забарона на правядзенне дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, рэгістрацыі здзелкі з каштоўнымі паперамі, засведчанні здзелкі, ажыццяўленне натарыяльнага дзеяння, якое адносіцца да фінансавай аперацыі.
Псіхалагічны ціск
Акрамя матэрыяльных праблем, былыя палітвязні знаходзяцца пад пастаянным ціскам сілавікоў. Людзі абавязаны адзначацца ў раённым упраўленні ўнутраных справаў (паведамляецца, што ў некаторых выпадках — раз на тры месяцы, але, магчыма, іншым — часцей). Таксама да памілаваных у некаторых выпадках прыходзяць з праверкамі супрацоўнікі міліцыі.
Сам факт знаходжання ў спісах і адсутнасць інфармацыі пра тое, як і калі з іх можна выключыцца, стварае атмасферу невядомасці і страху. Гэта сістэмная палітыка дзяржавы, накіраваная на тое, каб зрабіць чалавека «ізгоем» нават пасля фармальнага адбыцця пакарання. Гэта ўсё моцна адбіваецца на фізічным і псіхічным здароўі чалавека, таму ў такіх умовах цяжка казаць пра рэсацыялізацыю былых палітвязняў.
«Чалавек фізічна не ў камеры, але яго грамадзянскія правы ў вялікай ступені абмежаваныя»
Сённяшняя практыка вызвалення палітвязняў праз памілаванне часта пакідае па-за ўвагай тое, што адбываецца з чалавекам пасля выхаду за браму калоніі. Фізічная свабода не азначае вяртанне правоў, а статус «тэрарыста» ці «экстрэміста» ператварае жыццё ў прававое «гета». Юрыст «Вясны» Павел Сапелка аналізуе, чаму памілаванне без рэабілітацыі не спыняе рэпрэсіі, а толькі змяняе іх форму, і як фінансавая блакада супярэчыць міжнародным нормам права.
«Пытанне аб форме вызвалення палітвязняў сёння – гэта не проста юрыдычная дыскусія, гэта пытанне аб сутнасці правасуддзя і правоў чалавека. Так адбываецца, што адзінай магчымасцю датэрміновага вызвалення для палітзняволеных сёння засталося памілаванне. Пакідаючы нязменным патрабаванне аб безумоўным вызваленні і рэабілітацыі тых, хто пазбаўлены волі за рэалізацыю правоў чалавека і асноўных свабод, давайце паглядзім, ці памілаванне – гэта тое, што адпавядае такім патрабаванням.
Каротка: памілаванне вырашае толькі пытанне фізічнай свабоды і звязаныя з гэтым аспекты; калі дзяржава заяўляе аб «міласэрнасці», але пакідае чалавека ў прававым «гета», мы маем справу не з аднаўленнем справядлівасці, а з трансфармацыяй формы рэпрэсій.
Памілаванне ў нарматыўным сэнсе — гэта ў лепшым выпадку вызваленне ад пакарання, а не ад крымінальнай адказнасці, якая мае больш шырокі сэнс. Па заканадаўству вызваленне ад пакарання не азначае рэабілітацыю. Чалавек выходзіць на волю з судзімасцю, якая цягне за сабой шэраг прававых абмежаванняў. Калі ж чалавек застаецца ў спісах экстрэмістаў і/ці тэрарыстаў, то яго свабода становіцца больш фармальнай: чалавек фізічна не ў камеры, але яго грамадзянскія правы ў вялікай ступені абмежаваныя».
«З Воўчых нор я выйшаў з воўчым білетам». Дзмітрый Семчанка распавёў пра вымушаны ад’езд з Беларусі
Што пра гэта кажа міжнароднае права?
«Палітычныя і грамадзянскія правы сёння недасяжныя амаль ніводнаму грамадзяніну Беларусі. А што з эканамічнымі? Знаходжанне ў «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці…» (вядзе КДБ) — гэта фактычная забарона на фінансавую жыццядзейнасць у адпаведнасці з Законам ад 30 чэрвеня 2014 года № 165‑З «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння».
Любыя фінансавыя аперацыі будуць заблакаваныя. Чалавек не можа карыстацца банкаўскай карткай, атрымліваць пераводы ці здымаць грошы.
Выключэнне тэарэтычна ёсць: закон прадугледжвае магчымасць карыстацца часткай сродкаў у памеры бюджэту спажывецкага мінімуму, але праз запыт у дзяржорганы.
Фармальна працаваць “тэрарысту” не забаронена, але як атрымліваць заробак? Нават калі працадаўца гатовы прыняць яго, будзе немагчыма адкрыць рахунак для выплаты грошай. Існуюць таксама сур’ёзныя перашкоды і забароны ў карыстанні любымі паслугамі, дзе патрабуецца ідэнтыфікацыя асобы паводле баз даных, уключаючы натарыяльныя дзеянні і рэгістрацыю маёмасці.
Да тых, хто ўключаны ў спіс “экстрэмістаў” абмежаванняў менш, але яны таксама сутыкаюцца з забаронамі і перашкодамі.
Чалавек, які ўключаны ў Пералік “тэрарыстаў”, застанецца там да зняцця ці пагашэння судзімасці, у Пералік “экстрэмістаў – яшчэ пяць гадоў пасля зняцця ці пагашэння судзімасці. Датэрміновае выключэнне са спісаў можа адбыцца толькі ў сувязі з адменай ці зменай прысуду.
Сітуацыя, калі пасля адбыцця пакарання на чалавека накладаюцца дадатковыя абмежаванні без рашэння суда (або на падставе падзаконных актаў), супярэчыць міжнародным стандартам:
- Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП): Артыкул 14 гарантуе права на справядлівы суд. Пажыццёвыя або працяглыя фінансавыя абмежаванні без магчымасці эфектыўнай судовай абароны – гэта форма адвольнага пакарання.
- Прынцып Ne bis in idem: Чалавека нельга караць двойчы за адно і тое ж. Калі пакаранне паводле прысуду адбытае, а абмежаванні застаюцца – гэта фактычна новае пакаранне без суда.
- Камітэт ААН па правах чалавека ў сваіх заўвагах падкрэслівае, што любыя санкцыі, якія істотна ўплываюць на правы асобы, павінны падлягаць судоваму кантролю. Адсутнасць магчымасці эфектыўна абскардзіць знаходжанне ў спісе – гэта прамое парушэнне права на суд».
Юрыстка «Вясны»: Руцінныя практыкі ў беларускіх турмах часта становяцца формай катаванняў
«Такія абмежаванні – гэта прамая перашкода рэінтэграцыі пасля пазбаўлення волі»
«Таксама відавочна, што, калі былыя палітвязні пазбаўляюцца права на працу, банкаўскія паслугі і сувязь на падставе іх «палітычнага» мінулага (сфармуляванага як «экстрэмізм»), гэта з’яўляецца дыскрымінацыяй паводле палітычных перакананняў.
Да таго, такія абмежаванні – гэта прамая перашкода рэінтэграцыі пасля пазбаўлення волі. Дзяржава замест таго, каб спрыяць вяртанню чалавека да нармальнага жыцця, штурхае яго ў маргінальнае поле. Гэта стварае ўмовы, пры якіх чалавек вымушаны альбо з’язджаць з краіны, альбо існаваць без сродкаў, ці ісці ў “шэры” ці нават “чорны” сектары эканомікі.
Такім чынам, для міжнароднай супольнасці і праваабарончай супольнасці Беларусі прынцыпова важна настойваць на рэабілітацыі, ці на яе элементах, а не проста на выхадзе з турмы па наступных прычынах:
- без аднаўлення правоў прысуд застаецца легітымным у вачах сістэмы, а чалавек — «злачынцам»;
- вызваленне без права на працу, фінансы і маёмасць – гэта замена фізічных кратаў на сацыяльна-эканамічныя;
- толькі рэабілітацыя пацярпелых ад палітычна матываванага пераследу, то-бок поўнае скасаванне ўсіх абмежаванняў і прызнанне пераследу незаконным — з’яўляецца сапраўдным крокам да прававой дзяржавы».
@bajmedia