• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прапагандыст зноў нападае на беларускія медыі за супрацу з нямецкай амбасадай

    Праўладны журналіст Ігар Тур зноў прысвяціў выпуск сваёй праграмы «Будет дополнено», што выйшаў на АНТ 25 сакавіка, нямецкай амбасадзе ў Мінску і яе супрацы з прыватнымі медыямі, якія яшчэ працуюць у Беларусі. Прапагандыст абвінаваціў выданні ў прасоўванні «велічы Нямеччыны».

    Прапагандыст Ігар Тур зноў нападае на беларускія медыі за супрацу з нямецкай амбасадай

    Ігар Тур. Скрыншот перадачы «Будет дополнено»

    Ігар Тур сцвярджае, што нямецкія дыпламаты ў Мінску жывуць добра і ў бяспецы, аднак у той жа час «стройнымі, як у Люфтвафе, шэрагамі» паніжаюць рэйтынг Беларусі ў нямецкім МЗС. Са слоў прапагандыста, дыпламаты робяць гэта для падвышэння сваіх заробкаў, каб потым дазваляць сабе хадзіць у дарагія рэстараны і прыватныя медцэнтры. «Канцлер амбасады Бішоп» пры гэтым падбірае сабе кватэру ў Мінску, як сцвярджаецца ў рэпартажы.

    Тур прыгадаў пра сюжэт, які выйшаў на АНТ у траўні 2025 года. У ім распавядалася пра аблаву на рэгіянальныя СМІ, якія супрацоўнічалі з амбасадай Нямеччыны. Праўладны журналіст назваў тое ўварванне ў рэдакцыі «спыненнем «мяккай сілы» Нямеччыны на тэрыторыі Беларусі».

    Пасля тых рэпартажаў нямецкая амбасада ў Мінску нібыта прыціхла, але не надоўга, кажа Тур.

    «І ружовашчокі арыец Энгстлер (Філіп Энгтлер — другі сакратар амбасады Нямеччыны ў Беларусі. — Рэд.) зноў зрабіў бяку. 25 285 долараў з кастрычніка заплачана ангажаваным СМІ, а менавіта: індывідуальным прадпрымальнікам Валадашчуку і Санаценку, а таксама кампаніям “Смартпресс”, “Пружмень” і “Инфотренд”», — заявіў вядоўца «Будет дополнено».

    Тур сцвярджае, што Энгстлер праводзіў асабістыя сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі названых медыяў у рэгіёнах Беларусі, аднак схаваў «гэты абуральны факт ад большасці супрацоўнікаў амбасады, асабліва ад беларусаў у аддзеле прэсы і перакладаў».

    «І дакладна нам вядома, што працягваць такую працу — то-бок аплочваць замоўныя артыкулы ў нашым медыяполі пра “веліч Нямеччыны” — дыпмісія мае намер і ў 2026 годзе. Гэта не самае лепшае рашэнне, паважаная амбасада», — даводзіць прапагандыст.

    З чаго ўсё пачалося

    28 траўня 2025 года на АНТ у праграме «Будет дополнено» выйшаў сюжэт, у якім паказалі, як сілавікі ў форме аліўкавага колеру і поўным абмундзіраванні ўрываюцца ў офіс газеты «Вечерний Бобруйск». Вядоўца праграмы Ігар Тур звяртаў увагу на кнігу «Факты пра Германію», якую знайшлі ў рэдакцыі, а далей казаў пра дамовы выдання з амбасадай гэтай краіны ў Беларусі на публікацыю матэрыялаў. За гэтую супрацу «Вечерний Бобруйск» нібыта атрымаў 30 429 долараў ЗША з 2020 года.

    «Вольнае Глыбокае» сілавікі

    Сілавікі прыйшлі да глыбоцкіх журналістаў. Скрыншот відэа за 28 траўня 2025 года

    З ператрусам прыйшлі і да галоўнага рэдактара «ВБ» Валянціна Сысоя — у яго нібыта знайшлі пнеўматычную вінтоўку, пісталет, імітацыйную гранату, «візіткі розных немцаў».

    Далей у сюжэце гаворка ішла пра бабруйскі партал babruisk.info. У яго галоўнага рэдактара Анатоля Санаценкі таксама знайшлі дамовы з нямецкай амбасадай на нібыта 55 тысячаў 561 рубель з 2020 года. У сюжэце паказалі таксама пляменніка Анатоля Віталя Санаценку, якому як ІП належыць выданне.

    28 сакавіка 2025 года БАЖ стала вядома пра затрыманне Анатоля Санаценкі. Яго асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, звінаваціўшы ў захоўванні і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ).

    Пад пераслед трапіў таксама былы галоўны рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун — з ім таксама паказалі запісаны яшчэ 3 красавіка на відэа допыт. У сюжэце сцвярджаецца, што выдавец газеты — юрыдычная асоба «Дарога на Вільно», атрымала ад супрацы з усё той жа нямецкай амбасадай 17 тысяч долараў з 2020 года, а потым гэтыя грошы нібыта скрала бухгалтарка выдання.

    Чацвёртым СМІ, якое згадалі прапагандысты, стала горацкая газета «Узгорак». Пра дамовы з амбасадай Нямеччыны прымусілі распавядаць бухгалтарку выдання. Газета «Узгорак» перастала выходзіць у друкаваным выглядзе ў 2022 годзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.