• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржпрапаганда заявіла пра ўзлом сайта і чат-бота БРЦ і пагражае журналістам і іх крыніцам крымінальнымі справамі

    Дзейнасці «Беларускага расследавальніцкага цэнтра» была прысвечана чарговая праграма дзяржпрапагандыста Рамана Пратасевіча «Без прикрытия». Ён палівае брудам сям’ю журналіста-расследавальніка Станіслава Івашкевіча, пагражае завочнымі судамі яму і яшчэ 16 беларускім журналістам, якія працуюць у вымушанай эміграцыі, а таксама крымінальным пераследам усім, зто пісаў у чат-бот БРЦ.

    Стас Івашкевіч Раман Пратасевіч

    Скрыншот прапагандысцкай праграмы «Без прикрытия»

    Пратасевіч супраць Івашкевіча

    Асобе кіраўніка БЦР Станіслава Івашкевіча адведзеная найбольная частка праграмы, паказанай 2 красавіка на дзяржаўным беларускім тэлеканале «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Вядоўца Раман Пратасевіч кажа пра журналіста, што менавіта «дзякуючы яму санкцыйныя спісы папоўніліся цэлымі галінамі эканомікі», і што ён асабіста «б’е па кашальку кожнага з вас». 

    Згадвае Пратасевіч і бацькоў Станіслава. Яго маці Алену Радкевіч, супрацоўніцу беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода». І бацьку журналіста і грамадскага актывіста Віктара Івашкевіча — аднаго з заснавалікаў партыі «Беларускі Народны Фронт», які, паводле слоў прапагандыста, яшчэ ў 1990‑я «намацаў залатую жылу па закліках да санкцый супраць сваёй дзяржавы». Таму, маўляў, жыццёвы маршут сына быў прадказальны: спачатку праца на незалежным тэлеканале «Белсат», потым заснаванне расследавальніцкага цэнтра, задача якога «капаць на мозг дзеля эканамічных санкцый», каб «задушыць вытворчасць, абваліць эканоміку, справакаваць галодны  бунт».

    Зрэшты, нічога канкрэтнага пра тое, як БРЦ і яго кіраўнік Станіслаў Івашкевіч спрыялі санкцыям супраць Беларусі, Пратасевіч не кажа.

    Прамых пацвярджэнняў гэтаму няма, і недахоп аб’ектыўнай інфармацыі  прапагандыст спрабуе кампенсаваць іншым чынам: пасля шматлікіх абразлівых выказванняў называе ў тэлеэфіры нумар тэлефона і адрас пражывання журналіста ў Варшаве, што з’яўляецца незаконным разгалошваннем прыватных звестак, а таксама выкарыстоўвае відэазапісы, зробленыя ў прыватнай абстаноўцы.

    Таксама дзяржпрапагандыст згадвае прозвішчы журналістаў, якіх ён называе супрацоўнікамі БРЦ, «рэдактарамі і стваральнікамі шматлікіх матэрыялаў». Гэта Ганна Шабета (Галёта), Сяргей Чалы, Алена Чарняўская, Мікалай Давідчык, Аліна Янчур, Аляксей Гуліцкі, Лола Бурыева, Святлана Яцкова, Яна Міцкевіч, Ігар Кулей, Усевалад Шлыкаў, Крысціна Чарняўская. Пратасевіч называе дату нараджэння кожнага з журналістаў і дату выезду за мяжу.

    Стас Івашкевіч Раман Пратасевіч

    Скрыншот прапагандысцкай праграмы «Без прикрытия»

    Хто трапіў у кадр, акрамя БРЦ?

    Пералічвае ён і супрацоўнікаў яшчэ аднаго беларускага расследавальніцкага медыяпраекта «Бюро Медыя»: Аляксандра Ярашэвіча, Вольгу Ратмітраву (Альхіменка), Ксенію Вязнікоўцаву, Аляксея Карпеку.

    Супраць гэтых 16 чалавек і самога Станіслава Івашкевіча, паводле слоў прапагандыста, распачатыя крымінальныя справы паводле артакула 361 КК (заклікі да санкцый) і 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), і іх чакаюць «блізкія завочныя суды». У якасці «саўдзельнікаў» Пратасевіч агучвае прозвішчы расійскіх грамадзян, журналістаў Аляксандра Вастрова, Кацярыну Мітрохіну, Марыну Дульневу і грамадзяніна Украіны Максіма Саўчука.

    Нагадаем, «Бюро Медыя» было прызнанае экстрэмісцкім фармаваннем 1 красавіка 2025 года паводле рашэння КДБ Беларусі. «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ раней — 23 верасня 2023 года, адпаведнае рашэнне прыняў Вярхоўны суд РБ.

    Журфак БДУ ладзіць «шок-экскурсіі» для будучых ваенкараў і вучыць «традыцыйным каштоўнасцям»

    Шта да сцвярджэнняў Рамана Пратасевіча пра тое, што звесткі з чат-бота БРЦ сталі даступныя сілавікам, і тых хто пісаў туды, чакаюць крымінальныя справы за садзеянне экстрэмізму, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі і  здараду дзяржаве, то рэдакцыйная каманда 30 сакавіка падобную інфармацыю  абвяргала.

    «Ніякіх уцечак або іншых інцыдэнтаў бяспекі з нашым ботам не адбылося. Дзеля змяншэння рызыкі рэкамендуем выдаліць дыялог з нашым ботам, асабліва калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або плануеце паездку туды», — пісаў Telegram-канал «Беларусский расследовательский центр».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.