15 гадоў тэракту ў мінскім метро. Чаму журналісты, якія працавалі на месцы выбуху і на судзе, дагэтуль не вераць у афіцыйную версію
11 красавіка 2011 года ў мінскім метро адбыўся выбух, ахвярамі якога сталі 15 чалавек. Падзеі таго дня, арышт падазраваных і судовы працэс пакінулі мноства пытанняў, адказаў на якія няма дагэтуль. Журналісты-сведкі падзеяў у размове з Радыё Свабода расказваюць, чаму яны так і не паверылі ў афіцыйную версію.

Мэмарыял каля выхаду са станцыі мэтро «Кастрычніцкая»
11 красавіка 2011 году быў панядзелак. Пачатак працоўнага тыдня, складаны для многіх дзень. Разьмешчаная ў самым цэнтры Менску станцыя мэтро «Кастрычніцкая» ўвечары была поўная людзей, якія вярталіся з працы дадому або прыехалі ў цэнтар гораду ў прыватных справах. Інтэрвал руху цягнікоў мэтро ў гадзіну пік мінімальны — каля трох хвілінаў. Чарговы прыбыў на «Кастрычніцкую» за некалькі сэкундаў да 17 гадзін 56 хвілін. Як толькі цягнік спыніўся на станцыі і адчыніліся дзьверы вагонаў, на плятформе адбыўся магутны выбух.
«Мы публікавалі ня самыя крывавыя кадры, якія мелі»
Вольга (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) вясной 2011 году працавала ў недзяржаўным беларускім мэдыя. Гэта была яе першая сур’ёзная праца ў вялікай рэдакцыі, раней Вольга пэрыядычна рабіла штосьці толькі для студэнцкіх праектаў. Увечары 11 красавіка яна была ў сваёй рэдакцыі, якая месьцілася за адзін прыпынак мэтро ад цэнтру гораду. На месца выбуху Вольга трапіла адной зь першых сярод журналістаў.
«Я была маладой журналісткай тады, такой сябе лічыла, — узгадвае Вольга. — Працу на месцы тэракту вельмі добра памятаю. Як рыхтавалі пасьля публікацыю — ужо не, а вось што бачыла там, што рабіла — гэта запомнілася выразна. Адзін з калегаў у рэдакцыі пабачыў у інтэрнэце паведамленьне пра пажар у мэтро. Недзе ў камэнтарах нават. У журналісцкім пакоі гэта ня вельмі сур’ёзна ўспрынялі. Мы проста выйшлі праверыць. „Хі-хі, ха-ха, ня можа быць. Нешта падыміла і ўсё“. Памятаю, што мне ня вельмі хацелася ісьці».

Мэдыкі і сілавікі каля месца выбуху неўзабаве пасьля тэракту, 11 красавіка 2011 году
Ад рэдакцыі да месца выбуху Вольга з калегамі спачатку спрабавала дабрацца на аўтамабілі, але паўсюль утварыліся заторы. Давялося ісьці пешшу.
«Убачылі „хуткія“, як мужчыну акрываўленага выносяць зь пераходу ў мэтро, — узгадвае суразмоўца. — І пачалі працаваць. У гэты момант я ўжо зразумела, што гэта ня проста нейкае задымленьне. Пасьля пачала пытацца ў людзей, што адбылося. Я ж ня ведала нічога. Бачыла, як людзі выходзяць, як кагосьці выносяць. Як ратаўнікі туды спускаюцца ўніз. Я паспрабавала сунуцца ўнутр з аднаго боку, мяне не пусьцілі супрацоўнікі МНС».
Вольга ўзгадвае, што вэрсіі людзей празь некалькі дзясяткаў хвілін пасьля здарэньня былі рознымі. Нехта гаварыў пра адзін выбух, хтосьці расказваў пра сэрыю, яшчэ нехта бачыў толькі дым.
«Агрэсіі з боку людзей не было, — кажа Вольга. — Я запомніла толькі вельмі ўражаную жанчыну, якая хапала мяне за шалік. Яна была ў шоку, хацела выгаварыцца. Гаварыла пра дым, што там людзі ўнізе, плакала. Такія паводзіны.
Тады ў нас на месцы былі ўрыўкавыя зьвесткі. Я званіла ў рэдакцыю, расказвала, што бачыла. Але мне цяжка было ацаніць маштаб падзеі. Я не ўсьведамляла, што адбылося.
Спрабавала перадаць у рэдакцыю пра пацярпелых. Памятаю, што калі пачала расказваць пра загінулых, рэдактар у мяне перапытваў, ці я ў гэтым упэўненая. Відаць, яны не хацелі публікаваць неправераную інфармацыю, зьвестак пра сьмерці афіцыйна яшчэ нідзе не было. А я на свае вочы бачыла, як двое людзей ляжалі накрытыя чорным».

«Хуткія» каля ўваходу ў мэтро, 11 красавіка 2011 году
Вольга расказвае, што была на месцы тэракту, калі міліцыя яшчэ не працавала актыўна. Спусьціцца ў пераход мэтро ёй перашкодзілі супрацоўнікі МНС, патлумачыўшы, што там можа быць яшчэ небясьпечна.
«Пасьля публікацыі вельмі шмат было недаверу — ці гэта ўсё сапраўды адбылося, — узгадвае Вольга. — Ад камэнтатараў, ад сваякоў, якія званілі распытаць. Ад сяброў таксама. Хоць былі відэа адтуль, фота.
Калі выстаўлялі публікацыю, то, я памятаю, было адчуваньне, быццам людзей трэба пераканаць, што усё гэта сапраўды адбылося. Мы публікавалі ня самыя крывавыя кадры, якія мелі. Было адчуваньне, што варта паказаць, наколькі гэта сапраўды страшная трагедыя. Баяліся, што ўлады могуць схаваць колькасьць пацярпелых».
Зьвесткі пра загінулых і пацярпелых у выніку выбуху на «Кастрычніцкай» зьявіліся амаль адразу. З затрымкай пра гэта паведамілі і дзяржаўныя СМІ, якія ў першыя гадзіны не публікавалі падрабязнасьцяў здарэньня. Поўная колькасьць ахвяраў тэракту стала вядомай празь некалькі дзён — 15 чалавек. Колькасьць пацярпелых доўга расла. На момант пачатку судовага працэсу восеньню 2011 году яна перавысіла 200 чалавек.

У першыя гадзіны пасьля выбуху колькасьць загінулых і пацярпелых заставалася невядомай
Праз 15 гадоў пасьля тых падзеяў Вольга па-ранейшаму думае, што калі б не публікацыі ў недзяржаўных СМІ, сьведчаньні людзей, то ўлады паспрабавалі б схаваць маштаб наступстваў тэракту ў мэтро.
«Наўрад ці б яны паказалі тады так усё, як яно пасьля было паказана, — гаворыць Вольга. — Я лічу, што нашая праца там была важнай. Гэта было адным з самых складаных заданьняў для мяне як журналісткі за ўвесь час працы. Мне даводзілася працаваць на акцыях пратэстаў, дзе я бачыла, як б’юць людзей. Але ўсё ж тады, 11 красавіка 2011 году, было сапраўды жахліва».
Вольга расказвае, што працавала і на судовым працэсе, дзе агучвалася афіцыйная вэрсія падзеяў і ў выніку якога два чалавекі, 25-гадовыя віцябляне Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі тэракту і расстраляныя. Яна таксама рабіла некалькі інтэрвію з маці аднаго зь іх — Любоўю Кавалёвай.
Вольга кажа, што ня верыць у афіцыйную вэрсію расьсьледаваньня, вынікам якога стаў сьмяротны прысуд для абодвух абвінавачаных. Кавалёва і Канавалава расстралялі менш чым праз год пасьля тэракту — 16 сакавіка 2012 году.
«Гэтая справа ад самага пачатку выглядала дзіўнай, — кажа Вольга. — Ад самага першага дня, калі ўлады пачалі абвінавачваць усіх вакол у „дэстабілізацыі абстаноўкі“. Гэта ж пачалося ў самы першы вечар, калі яшчэ не былі схопленыя падазраваныя. Усё гэта выглядала дзіўна і пастановачна.
Сваёй уласнай вэрсіі таго, што насамрэч адбылося, хто гэта мог зрабіць і для чаго, я ня маю. Але лічу, што расстраляць гэтых дваіх чалавек было вельмі пасьпешліва. Вельмі шкада, што так адбылося. І цяпер нам будзе вельмі складана даведацца праўды».
«На мяне вельмі агрэсіўна рэагавалі»
Журналіст Ільля Маліноўскі ў красавіку 2011 году працаваў у музычнай рэдакцыі «Эўрарадыё». Увечары дня тэракту быў у офісе на вуліцы Карла Маркса, за 10 хвілін пешай хады ад «Кастрычніцкай».
«Зьявілася паведамленьне пра выбух, у рэдакцыі ўсе пачалі абмяркоўваць гэта, — узгадвае Ільля. — А ў мяне не было ніякага заданьня. Падумаў: што тут тармазіць, усё адно нічога не раблю. Схапіў фоцік і пабег. Разумеў, што трэба. Паглядзець прынамсі, што там адбываецца. Мы тады яшчэ дакладна ня высьветлілі, што гэта выбух, тэракт. Прыбег на месца фактычна першым журналістам. „Хуткія“ былі, зь пераходу пыл валіў. Агульная гістэрыя».

Цела загінулага каля аднаго з выхадаў мэтро, 11 красавіка 2011 году
Ільля расказвае, што на месцы шакаваныя былі ўсе, мала хто разумеў, што трэба рабіць. Агульны вэрхал яму ў нечым дапамог, Ільля трапіў у сам пераход мэтро.
«Людзі выносілі нейкія целы зьнізу, перадавалі мэдыкам, — узгадвае Ільля. — На мяне вельмі агрэсіўна рэагавалі. Я быў з фотаапаратам. Мне казалі, што я гаўно, што замест таго, каб дапамагаць, я фатаграфую.
Там выбар быў такі — ці я журналіст, ці я чалавек. Я выбраў быць журналістам. Але шчыра скажу, што мяне гэта грызе ўсё жыцьцё. Мазгамі я разумею, што мае адныя рукі мала што там маглі вырашыць. Але гэтыя наезды людзей я ўзгадваю. На мяне кідаліся літаральна праз аднаго. Нясуць чалавека, я раблю фота, на мяне крычаць».
Ільля кажа, што той рэпартаж быў для яго фактычна першым матэрыялам не на музычную тэму. Пасьля яго ён пакрысе пачаў рыхтаваць і сацыяльныя публікацыі.
«Я доўга адыходзіў ад таго, што там пабачыў, — кажа Ільля. — І целы выносілі на маіх вачах, і бачыў, як аднаго чалавека дасталі з „хуткай“ і паклалі на ходнік, а ў „хуткую“ паклалі іншага».
Ільля гаворыць, што ў тую вэрсію тэракту, якую амаль адразу агучылі ўлады, ён тады ж адразу не паверыў. Адной з прычын была атмасфэра, якая панавала ў Беларусі вясной 2011 году. Зусім нядаўна быў разгон Плошчы-2010, у краіне ішлі палітычныя судовыя працэсы супраць удзельнікаў выбараў, моцна абваліўся афіцыйны курс беларускага рубля.
«Ніводнага моманту я ня верыў у афіцыйную вэрсію, — гаворыць Ільля. — У той жа вечар, калі вярнуўся ў рэдакцыю, мы там разважалі, што гэта спроба адцягнуць увагу грамадзтва ад сытуацыі ў краіне. На месцы мне ўсе відавочцы гаварылі пра выбух. Іншых вэрсіяў не было».

Мэдыкі і ратаўнікі на месцы тэракту
Ільля расказвае, што доўгі час пасьля тэракту цалкам спакойна карыстаўся мэтро, заходзіў у пераход ля Кастрычніцкай і нармальна спаў. Усьведамленьне таго, што нават кароткі працоўны эпізод, зьвязаны з тымі падзеямі, стаў прычынай сур’ёзнай траўмы, прыйшло ўжо падчас вымушанай эміграцыі ў Літву, больш чым праз 10 гадоў пасьля падзеяў.
«Калі я ўцёк зь Беларусі, то са мной працаваў псыхоляг, — расказвае Ільля. — Мы пачалі разьбірацца ў маёй працы, я нешта пачаў апавядаць. Закранулі і гэты момант. І мяне прарвала. Было нават сорамна, што я вось тут, такі здаровы дзядзька, плачу перад маладой дзяўчынай, згадваючы тыя падзеі. Я сам такога не чакаў. Не чакаў, што гэта ўсё недзе лягло вялізным грузам. Прайшло больш чым дзесяць гадоў, перш чым я змог расказаць пра ўсё».
Ільля прызнаецца, што зараз ужо ня памятае ўсіх падрабязнасьцяў працэсу, таго, як ішоў судовы разбор. Але за 15 гадоў, якія прайшлі з моманту выбуху ў менскім мэтро, ён ні разу не сумняваўся, што афіцыйная вэрсія моцна адрозьніваецца ад таго, што адбылося ў менскім мэтро ўвечары 11 красавіка 2011 году.
«У мяне ні разу ня ўзьнікла думкі аб тым, што гэтыя хлопцы маглі нешта ўзарваць без рукі спэцслужбаў, — кажа Ільля. — Быў толькі шок ад таго, што настолькі брудна ўсё фабрыкавалі. Доказы, якія паказвалі на судзе, былі ўскоснымі. Не знайшлі нават пульт, якім нібыта Канавалаў падрываў бомбу.
Ціск на родных абвінавачаных быў відавочны. Сям’ю Канавалава фактычна ізалявалі, іх маўчаньне татальнае што можа значыць? Для мяне гэта было дзівам, хоць я цудоўна разумеў, у якой краіне мы жывем. Што вось так нахабна ўсё адбываецца.
Ці мы некалі даведаемся праўду? Калі шчыра, ня вельмі веру. Такія рэчы вельмі небясьпечныя для ўладаў. Не павінна заставацца нейкіх сьведчаньняў. Хоць, зь іншага боку, у савецкі час таксама шмат што хавалі, але дакумэнты пра падзеі засталіся. Хоць іх маглі зьнішчыць. Таму калісьці, можа быць, адкрыюцца архівы КДБ — і мы афігеем».

Цела загінулага каля выхаду з мэтро, 11 красавіка 2011
«Людзі ў паніцы, адарваныя ногі, „хуткія“».
Алена (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у красавіку 2011 году працавала апэратаркай у адным зь недзяржаўных СМІ. Хоць гэта быў фактычна другі год яе працы ў журналістыцы, Алена ўжо была даволі дасьведчанай у прафэсіі. Актыўна працавала падчас выбарчай кампаніі 2010 году, здымала для замежных СМІ.
«Мне было крыху больш за 20 гадоў — і я здымаю выбух у мэтро, а зусім ня ведаю, як яго здымаць, — расказвае Алена. — Той дзень 11 красавіка я нармальна памятаю, хоць столькі часу прайшло. Мы былі ў рэдакцыі, адзін прыпынак да Кастрычніцкай плошчы. Адносна цёплы дзень быў. Я не заўсёды была на месцы, але ў той вечар так сталася. І мы вельмі хутка прыехалі ў цэнтар. Магчыма, ужо праз 20 хвілінаў. Мы былі на месцы выбуху, калі яшчэ міліцыя нічога не ачапіла. Людзі яшчэ знаходзіліся на пэроне, іх выводзілі».
Алена ўзгадвае, што навіна пра выбух у мэтро адразу гучала сур’ёзна. Ня як чыйсьці недарэчны жарт, які трэба праверыць, або здарэньне накшталт падзеньня чалавека на рэйкі ці нечага падобнага. Ля станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў той вечар яна была адной зь першых журналістак і першай, хто здымаў відэасюжэты прафэсійна. У кадар адразу ж трапілі параненыя людзі, трупы і іх асобныя часткі, якія ляжалі ля выхадаў са станцыі.
«Калі ты здымаеш на камэру, то ўспрымаеш гэта ўсё іначай, — кажа Алена. — Бачаньне звычайнага чалавека адрозьніваецца ад таго, як бачыць падзею апэратар з камэрай. Гэта крыху розныя рэчы. Глядзіш на падзеі крыху не па-сапраўднаму, ня як на рэчаіснасьць. Было штосьці такое, вядома. Людзі ў паніцы, людзі, якія плачуць і кудысьці тэлефануюць, адарваныя ногі, „хуткія“. Але ты ў такім прафэсійным стане, што ня бачыш гэтага як чалавек. У мяне тое ж самае было пасьля, калі я здымала пратэсты 2020 году».
Алена расказвае, што ў першыя 20–30 хвілін пасьля выбуху ёй не перашкаджалі здымаць сілавікі, або мэдыкі, або супрацоўнікі МНС. Першых на месцы падзеяў яшчэ амаль не было, другія і трэція былі занятыя сваёй працай.
«Мы сыходзілі, зьняўшы амаль усё, што хацелі, — узгадвае Алена. — У мяне было адчуваньне, што я маю клясны матэрыял. Што гэтага больш ніхто ня зьняў. Тады я абсалютна не разумела, што мае здымкі маглі быць неэтычнымі. Толькі калі відэа зьявілася на YouTube і людзі пачалі камэнтаваць, я пра гэта падумала. А ў той вечар такі ўздым быў. Асэнсаваньне падзеі прыйшло толькі на наступны дзень. І тады мяне ўжо накрыла. На наступную раніцу ў мяне здарылася гістэрыка».

Цела загінулага падчас выбуху ў мэтро
Відэасюжэт, які зьняла Алена з калегамі ўвечары 11 красавіка 2011 году ля мэтро «Кастрычніцкая», быў у агульным доступе на YouTube усяго некалькі дзён. Пасьля кіраўніцтва СМІ, дзе Алена працавала на той момант, вырашыла яго зьняць. У рэдакцыю зь ператрусам прыйшлі супрацоўнікі КДБ, яны хацелі забраць увесь зыходны матэрыял, зьняты на месцы тэракту.
«Пад нашым відэа было шмат камэнтароў, — узгадвае Алена. — Я не чытала іх усе. Але толькі калі нехта напісаў пра неэтычнасьць, я пачала пра гэта думаць. Імаверна, такія камэнтары пакідалі людзі, якія самі там не былі. Але я сапраўды падумала, што зрабіла штосьці ня так. Зараз я б здымала зусім іначай, вядома. Больш далікатна. Магчыма, цяпер у мяне быў бы яшчэ страх, думкі, што можа быць яшчэ адзін выбух. Але дакладна мне цяжка сказаць, я больш ніколі ў сваёй працы не трапляла ў такія сытуацыі».
Пасьля 11 красавіка Алена працягнула працу над тэмай тэракту. Здымала пацярпелых, рабіла сюжэты з судовага паседжаньня. Сачыла, як ішло расьсьледаваньне і судовы працэс. У тым ліку ня як журналістка.
«Для мяне гэта быў момант, калі сьмяротнае пакараньне для мяне стала чымсьці, што насамрэч існуе, — кажа Алена. — Вядома, раней я таксама ведала пра гэта. Налепкі гэтыя „Не — сьмяротнаму пакараньню“, усё такое. Я ведала, што такое адбываецца. Але ёсьць рознае веданьне. І ўвесь той выпадак моцна паўплываў. Тая гісторыя для мяне цягнецца дагэтуль. Мне цяжка сказаць пра важнасьць таго самага аднаго дня 11 красавіка 2011 году. Бо гэты дзень для мяне перарос у вялікую гісторыю. І тэракт, і так званы суд».
Алена ўзгадвае, што празь некалькі дзён пасьля здымак на месцы тэракту да яе пачалі зьвяртацца прадстаўнікі ўсясьветных інфармацыйных агенцтваў кшталту Reuters і Assосiated Press. Усе яны хацелі набыць зыходнікі, але Алена адмовілася іх прадаваць.

Мэдыкі ля выхаду з мэтро на станцыі «Кастрычніцкая»
«У мяне было такое нейкае дурное ўяўленьне, што гэтае відэа неэтычна прадаваць, — узгадвае яна. — Я некалькі разоў аддала здымкі проста так. Лічыла, што нажывацца нельга на такім. Аддавала бясплатна. Зараз прадала б, вядома, яшчэ б і таргавалася. Цікава, як працуе ўспрыняцьце этыкі ў журналістыцы, калі табе крыху больш за 20».
Судовы працэс быў закрыты для здымак, Алена змагла папрацаваць там толькі на самым пачатку першага паседжаньня і на абвяшчэньні выраку.
«Я ня веру ў тое, што прагучала пры абвяшчэньні выракаў, — кажа яна. — Абсалютна ня веру. Асабліва з Кавалёвым. Ня ведаю, што там было з Канавалавым. Там больш цьмяная гісторыя. Але з Кавалёвым дакладна не. Ці прагучала тады праўда? Магчыма, адна з шматлікіх вэрсіяў і была праўдзівай, але ня тая, якую мы пачулі ў судзе. Для мяне тады гэта быў першы гучны выпадак, калі маленькага чалавека дзяржаўная машына можа зьнішчыць ні за што. Прыклад таго, як дзяржава забірае жыцьцё».
«Некаторыя з пацярпелых былі на адным баку з маці Кавалёва»
Дзьмітры (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) не працаваў у дзень выбуху на месцы падзеяў. У 2011 годзе ён ужо быў журналістам недзяржаўнага СМІ з досьведам, у рэдакцыі яму даручылі працу на судовым працэсе ў справе Кавалёва і Канавалава. Ён быў амаль на кожным паседжаньні.
«На большасьці судовых паседжаньняў былі пацярпелыя, родныя загінулых, — узгадвае Дзьмітры. — Там мы пазнаёміліся збольшага. Бо калі ў першыя дні пасьля выбуху я спрабаваў знайсьці пацярпелых у лякарнях, то амаль ніхто не ішоў на кантакт, людзі не хацелі расказваць, што перажылі».

Лукашэнка на месцы выбуху ўвечары 11 красавіка 2011 году
Працэс у справе аб выбуху ў менскім мэтро арганізавалі ў актавай залі Дому правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі, на той момант у Менску ні ў водным судовым будынку проста не было большага памяшканьня. На сцэне актавай залі арганізавалі месцы з сталом для траіх суддзяў, побач была клетка для абвінавачаных, месцы для іхных адвакатаў, для сакратарак і пракурора. Гледачоў разьмясьцілі ў залі, якая прыступкамі ўзвышалася над сцэнай.
«Працэс вылучаўся яшчэ і мерамі бясьпекі, яны былі вельмі сур’ёзныя, — узгадвае Дзьмітры. — На іншых судах такога я ня бачыў. Усіх вельмі пільна даглядалі. Шмат было людзей у цывільным. Я ня ведаю, з якога сілавога падразьдзелу яны былі, але яны нават выглядалі страшнавата. Неяк выпадкова ў калідоры сутыкнуўся зь імі. Яны ўсе ў масках, са зброяй, з рыштункам. Прагналі мяне. Маўляў, чаго ты тут ходзіш? Але найбольшае адрозьненьне было ў тым, што на гэтым судзе глушылі сувязь. І гэта было ўпершыню ў Беларусі».

На плятформу «Кастрычніцкай» увечары 11 красавіка Лукашэнка спусьціўся з малодшым сынам. З месца тэракту на той момант яшчэ не прыбралі ўсе целы загінулых
З словаў Дзьмітрыя, гэта моцна ўскладняла працу. Сыгнал мабільнага тэлефона зьнікаў адразу за дзьвярыма актавай залі, у рэдакцыю з суду нельга было нічога перадаваць нават SMSкамі. Онлайн з працэсу вяла толькі дзяржаўная БелТА.
«Абвінавачаных заводзілі ў залю фактычна тварам у падлогу, заламаўшы рукі, — узгадвае Дзьмітры. — Зь мяшкамі на галаве. Ахоўвалі іх моцна. Канавалаў маўчаў увесь час. Літаральна некалькі словаў сказаў. А Кавалёў даваў паказаньні, абараняўся. Пытаньні задаваў. Былі на судзе маці Кавалёва, сястра яго. Бацькоў Канавалава прывозілі толькі аднойчы, калі я цяпер правільна памятаю, даць нейкія паказаньні. Прывезьлі, завялі ў залю, пасьля вывелі. Ніхто з журналістаў ня змог зь імі пагаварыць. Пасьля калегі езьдзілі да іх у Віцебск. Але яны не адчынілі дзьверы».
З словаў Дзьмітрыя, некаторыя пацярпелыя зь ліку тых, хто хадзіў на працэс, неўзабаве пасьля яго пачатку пачалі сумнявацца ў афіцыйнай вэрсіі расьсьледаваньня. Канфліктаў паміж пацярпелымі і роднымі абвінавачанага Кавалёва не было. Хутчэй наадварот.

Абвінавачаныя Дзьмітры Канавалаў (зьлева) і Ўладзіслаў Кавалёў у клетцы ў залі суду, 15 верасьня 2011 году
«Некаторыя з пацярпелых былі на адным баку з маці Кавалёва, — гаворыць суразмоўца. — Яны моцна сумняваліся ў выніках сьледзтва. Шчыра кажучы, расстрэльны прысуд для Кавалёва для ўсіх быў шокам. Так шмат там было несупадзеньняў у паказаньнях, гэтыя словы пра ціск (на судзе Ўладзіслаў Кавалёў заявіў, што агаварыў Дзьмітрыя Канавалава пад ціскам сьледчых. — РС).
Настолькі шмат нестыковак было, што ў сьмяротнае пакараньне для яго ніхто ня верыў. Шок быў. Але зараз зразумела, што іначай не магло здарыцца. Мне здаецца, яму адпомсьцілі за тое, што ня даў усё зрабіць гладка».
Дзьмітры мяркуе, што сам судовы працэс і роля Кавалёва ў ім моцна нашкодзілі афіцыйнай вэрсіі. Спарадзілі мноства пытаньняў нават у тых, хто быў схільны паверыць у першапачатковую вэрсію аб тэракце з прычыны жаданьня дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, агучаную дзяржаўнымі СМІ і асабіста Лукашэнкам.

Меркаваны момант закладкі выбуховага прыстасаваньня ля адной з калёнаў на станцыі «Кастрычніцкая». Здымкі з камэры відэаназіраньня, якія дэманстравалі ў судзе
«Нядаўна ж аказалася, што афіцыйная дата сьмерці Кавалёва, якую здабылі „Кібэрпартызаны“, значна адрозьніваецца ад той, пра якую гаварылася раней, — гаворыць Дзьмітры (у 2023 годзе суполка „Кібэрпартызаны“ заявіла, што згодна з базай „Пашпарт“ дата сьмерці Ўладзіслава Кавалёва — 15 траўня, а Дзьмітрыя Канавалава — 14 сакавіка 2012 году. Маці Кавалёва атрымала паведамленьне аб яго расстрэле 16 сакавіка 2012 году. Прычыны несупадзеньня застаюцца незразумелымі. — РС). — Як выявілалася, ён мог памерці пазьней, чым мы ўсе атрымалі інфармацыю пра яго расстрэл. Мне страшна ўявіць, што зь ім адбывалася цягам гэтых месяцаў. Ён зблытаў карты сілавікам у гэтай справе, за што яго і расстралялі».
Сьмяротны прысуд Канавалаву выклікаў менш рэакцыяў, узгадвае Дзьмітры. Суразмоўца дадае, што ва ўдзеле Канавалава ў арганізацыі тэракту не сумняецца і яго адвакат Дзьмітры Лепрэтар, які нядаўна адпаведна выказаўся ў відэа для праекту «Ток».

Маці аднаго з абвінавачаных Любоў Кавалёва ля Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс
«Але што мяне заўсёды насьцярожвала, то гэта яго афіцыйная матывацыя, — кажа Дзьмітры. — „Дэстабілізацыя абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь“. Гучыць па-канцылярску, ненатуральна. Сказалі яму так гаварыць — і ён гаварыў. Я на 100% упэўнены, што ў гэтай справе нешта нячыста. Ці рабіў сам Канавалаў усё, ці ня сам, невядома. Але там дакладна нешта нячыста. Магчыма, ён не зусім сам дзейнічаў. Я не магу сказаць, што ўпэўнены ў яго невінаватасьці. На кадрах з сумкай у мэтро заходзіў ён. А што дакладна было ў той сумцы — хто яго ведае. Ці яго проста вырашылі не спыняць своечасова? Нават на тых відэа, якія паказвалі ў судзе, было вельмі шмат дзіўнага, падазроныя моманты, незразумелыя людзі».
Ці мы некалі даведаемся, што насамрэч адбылося на станцыі «Кастрычніцкая» менскага мэтро ўвечары 11 красавіка 2011 году? Дзьмітры мяркуе, што пра гэта ўжо можна забыць.
«Калі бюлетэні выбараў 2020 году ўжо зьнішчаныя, то што пра той выпадак гаварыць, — мяркуе суразмоўца. — Нават афіцыйна частку доказаў, рэчаў, матэрыялаў ужо зьнішчылі. Ці мог бы нехта нешта расказаць яшчэ, я ня ведаю. Усе будуць маўчаць. Наўрад ці мы некалі даведаемся больш, чым ведаем зараз».
@bajmedia