Юрыстка: Польшча пачала часцей выдаваць статус уцекача беларускім незалежным журналістам
Упраўленне ў справах замежнікаў у Польшчы прызнала беларускіх журналістаў «вызначанай сацыяльнай групай», якая падвяргаецца пераследу праз прафесійную дзейнасць. Гэта дае падставы спадзявацца, што ўсё больш прадстаўнікоў медыяў будуць атрымліваць статус уцекача, а не дадатковую абарону, паведаміла юрыстка Вольга Дабравольская ў Facebook.

Фота: pexels.com
Вольга таксама зазначае, што ўжо апошнім часам беларускія журналісты пачалі часцей атрымліваць менавіта статус уцекача ў Польшчы, а не дадатковую абарону.
Раней, са слоў юрысткі, цягам амаль шасці гадоў Польшча выдавала беларусам, у тым ліку і журналістам, пераважна дадатковую абарону.
«Нават у выпадках, калі мае кліенты цалкам падпадалі пад вызначэнне ўцекача паводле Жэнеўскай канвенцыі», — падкрэслівае Вольга.
Цяпер жа сітуацыя пачынае змяняцца. Надоечы юрыстка атрымала ад Упраўлення ў справах замежнікаў два рашэнні, «якія могуць стаць важным паваротным момантам для ўсёй беларускай супольнасці ў Польшчы».
«Упраўленне ў справах замежнікаў нарэшце прызнала незалежных журналістаў «вызначанай сацыяльнай групай» і апошнім часам усё часцей выносіць рашэнні аб наданні менавіта статусу ўцекача. Гэта значыць, што цяпер беларускія незалежныя журналісты могуць атрымліваць статус уцекача менавіта ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю», — напісала юрыстка.
Раней Упраўленне часцей прызнавала толькі наяўнасць пагрозы жыццю ці здароўю і выдавала дадатковую абарону. Цяпер з’яўляецца шанец на паўнавартаснае прызнанне таго, што пераслед журналістаў у Беларусі носіць сістэмны і палітычна матываваны характар, рэзюмавала Вольга Дабравольская.
Статус уцекача і дадатковая абарона — гэта дзве формы міжнароднай абароны ў Польшчы. Яны маюць шэраг пэўных адрозненняў. Статус уцекача даюць, калі ў краіне паходжання чалавека пераследуюць за ягоныя палітычныя погляды, рэлігію, нацыянальнасць, прыналежнасць да пэўнай групы. Дадатковую абарону — калі ў краіне паходжання ёсць пагроза жыццю і здароўю, аднак заяўнік не падыходзіць пад крытэры статусу ўцекача.
@bajmedia