• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мексіцы арыштавалі журналістку па абвінавачванні ў незаконным выкарыстанні штучнага інтэлекту

    Рэдактарку Ерэндіру Рэес Агiльён і яе дачку Алехандру Эрмасільё затрымалі 21 траўня. Пракуратура штата Сан-Луіс-Патасі заявіла, што арышт звязаны з «незаконным маніпуляваннем лічбавай ідэнтычнасцю ахвяры».

    Фота: Unsplash

    У Мексіцы затрымалі рэдактарку навінавай фэйсбук-старонкі San Wicho Times і часопіса Cap­i­tal Ерэндіру Рэес Агiльён паводле абвінавачанняў у «незаконным маніпуляванні лічбавай ідэнтычнасцю ахвяры». Пра гэта паведаміў Камітэт абароны журналістаў (CPJ).

    Двое рэпарцёраў, якія пажадалі застацца ананімнымі з меркаванняў бяспекі, паведамілі CPJ, што паліцыя штата Сан-Луіс-Патасі арыштавала журналістку 21 траўня. У той жа дзень праваахоўнікі затрымалі яе дачку, супрацоўніцу аддзела сацыяльных камунікацый муніцыпалітэта Сан-Луіс-Патасі Алехандру Эрмасільё.

    У заяве ад 21 траўня пракуратура штата пацвердзіла арышты, абвінаваціўшы жанчын у «наўмысным і незаконным маніпуляванні лічбавай ідэнтычнасцю ахвяры». У заяве не назвалі імя чалавека, які стаў ахвярай такіх дзеянняў.

    Паводле даных журналістаў, арышты звязаныя з відэа ў фэйсбуку, у якім мясцовая злачынная групоўка ў Сан-Луіс-Патасі абвінаваціла губернатара Рыкарда Гальярда ў карупцыі.

    Гальярда асудзіў відэа і заявіў, што яго выява была зменена штучным інтэлектам. У наступным месяцы штат Сан-Луіс-Патасі ўнёс змены ў свой крымінальны кодэкс, уключыўшы норму пра выявы, змененыя штучным інтэлектам, як злачынства, што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

    «Зняволенне журналістаў паводле расплывістых абвінавачанняў у «незаконным выкарыстанні штучнага інтэлекту» з’яўляецца відавочнай эскалацыяй ужо рэзкага росту выпадкаў судовага пераследу журналістаў у Мексіцы, якая працягвае заставацца найнебяспечнейшай краінай для журналістаў у заходнім паўшар’і. Улады штата Сан-Луіс-Патасі павінны неадкладна спыніць гэтыя агрэсіўныя рэпрэсіі супраць прэсы», — сказаў прадстаўнік CPJ у Мексіцы Ян-Альберт Хутсен.

    На думку крыніц CPJ, існуюць ордэры на арышт некалькіх іншых журналістаў паводле тых жа абвінавачанняў, але Камітэт не змог атрымаць пацвярджэнне гэтага ва ўладаў Сан-Луіс-Патасі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.