Рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў: На партале «Міратворац» пра мяне — маніпуляцыі і перакручванне фактаў
Яўген Казарцаў даведаўся пра тое, што патрапіў у базу ўкраінскага цэнтра «Міратворац» два тыдні таму. Спрабаваў «абгрунтаваць, чаму напісанае ёсць хлуснёй і маніпуляцыяй, адказу не атрымаў — гэта іх права». Больш рэагаваць «на відавочную і, магчыма, скаардынаваную атаку», не лічыць патрэбным.

Яўген Казарцаў. Фота: «Наша Ніва»
Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў трапіў у базу ўкраінскага цэнтра «Міратворац». На партале, які фіксуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, з’явілася картка з яго асабовымі звесткамі.
«Міратоворац» лічыць, што журналіст браў удзел «у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», распаўсюджваў расійскую прапаганду і маніпуляваў грамадска значнай інфармацыяй у інтарэсах Крамля, паведаміла 16 чэрвеня «Наша Ніва».
Прэтэнзіі да Казарцава звязаныя з яго працай з 2015‑га па 2020‑ы гады на расійскім дзяржаўным рэсурсе «Спутник». Журналіста вінавацяць, што ў сваіх тагачасных публікацыях ён паўтараў ключавыя наратывы Крамля і выпускаў тэксты, якія дыскрэдытавалі беларускіх добраахвотнікаў у зоне АТА.
«Я ведаў, што мяне ўнеслі ў гэтую базу, ужо два тыдні таму. Ну дадалі і дадалі, падумаў, — каментуе БАЖ сітуацыю Яўген Казарцаў.
— На «Міратворцы» тэкст напісаны маімі дзвюма «прыхільніцамі», якія ўжо некалькі месяцаў атакуюць мяне ўсімі магчымымі шляхамі. Яны і донарам («Еўрарадыё») пісалі, і ў Facebook нешта. Дарэчы, я ж дзеля бяспекі працаваў ананімна гэтыя гады, але яны зрабілі аўтынг, бо ім відавочна ўсё роўна на бяспеку іншых».
Яўген Казарцаў называе паведамленне на ўкраінскім валанцёрскім партале «маніпулятыўным»: «Што я працаваў на «Спутніку» я ніколі і не хаваў — гэта ў мяне ў Linkendin пазначана і г. д. Але тыя спасылкі, што яны даюць, яны перакручваюць. Напрыклад, калі чытаць па спасылках, нідзе я не адмаўляю існаванне палітвязняў. Артыкул, у якім я нібыта называю добраахвотніка «нацыстам» — гэта інтэрв’ю з яго сябрам, які кажа, што такога ніколі не было, і цытата МУС Беларусі. Вядома, непрыемна тое, што маніпуляцыі і перакручванне фактаў нехта ўспрымае як праўду і не чытае далей. Але што ж тут зрабіць».
Яўген Казарцаў кажа, што ўжо пачаў збіраць ананімныя пытанні ў сетцы X, каб потым адказваць падпісчыкам.
«Я ўзначальваю рэдакцыю «Еўрарадыё» ўжо паўтара года. Палітыка СМІ, якая палягае ў поўнай падтрымцы Украіны і асуджэнні расійскай агрэсіі, аніяк не змянілася. Мы публікавалі артыкулы і відэа і пра добраахвотнікаў, і пра расійскія злачынствы, і рэпартаж з Бучы і г. д. І так працягнецца. Тыя, хто захоча разабрацца, а не проста кідацца словамі — тыя разбяруцца», — зазначыў Яўген Казарцаў.
Журналіст кажа, што спрабаваў кантактаваць з «Міратворцам»:
«Калі я даведаўся, што трапіў у базу (даведаўся, дарэчы, з расійскага медыя), я напісаў у гэты праект — там ёсць адрас, маўляў, калі вы лічыце нешта памылкай, пішыце. З цытатамі з тых жа спасылак я абгрунтаваў, чаму напісанае ёсць хлуснёй і маніпуляцыяй. Адказу не атрымаў — гэта іх права. Нечага іншага рабіць не планую.
Калі лічаць, што я мушу быць там — буду там разам са Святланай Алексіевіч, Максам Каржом і Сяргеем Ціханоўскім. Не самая кепская кампанія. Увогуле рэагаваць на відавочную і, магчыма, скаардынаваную атаку «добразычлівіц», не лічу патрэбным. І так працы шмат».
@bajmedia