Нямецкія СМІ выдалілі публікацыі з‑за выкарыстання ў іх ШІ
Нямецкія СМІ ўскалыхнуў скандал, звязаны з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. У чэрвені дзве вядомыя газеты — Tagesspiegel і Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ) — выдалілі матэрыялы, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту без адпаведнай маркіроўкі. Гэта выклікала дэбаты ў нямецкай медыясупольнасці, піша DW.

У Tagesspiegel, як высветлілася, такія тэксты публікаваў 67-гадовы былы выдавец і галоўны рэдактар Стэфан-Андрэас Касдорф. Выданне часова прыпыніла з ім супрацоўніцтва. Касдорф прызнаў, што дапусціў «велізарную памылку» і «нанёс шкоду рэпутацыі выдання і сваёй уласнай». 67-гадовы аўтар папрасіў прабачэння за выкарыстанне штучнага інтэлекту ў сваіх аналітычных матэрыялах без адпаведнай маркіроўкі.
Незадоўга да гэтага вядома, што гасцявая калонка прэм’ер-міністра Цюрынгіі Марыа Фойгта для FAZ таксама была створана з дапамогай штучнага інтэлекту. Газета сцвярджае, што даведалася пра гэта ўжо пасля публікацыі.
Даследчыца СМІ Вера Катцэнбергер з Лейпцыгскага ўніверсітэта выказала меркаванне, што гэты выпадак пахіснуў давер да нямецкай журналістыкі.
«Гаворка ідзе не пра падтрымку ў мазгавым штурме ці даследаваннях, а пра аснову журналісцкай працы», — адзначыла Катцэнбергер у інтэрв’ю DW.
Па словах даследчыцы, чытачы купляюць або падпісваюцца на газеты з‑за экспертных меркаванняў або поглядаў пэўных аўтараў.
«Калі штучны інтэлект стварае артыкулы з меркаваннямі без раскрыцця інфармацыі пра яго выкарыстанне, грамадскасць цалкам можа ўспрыняць гэта як падман», — кажа Катцэнбергер.
На скандал адрэагавалі і кіраўнікі найбуйнейшых медыякампаній Германіі. Генеральны дырэктар медыяканцэрна Axel Springer SE Маціяс Дёпфнер раскрытыкаваў FAZ за выдаленне калонкі Фойгта. Ён даручыў штучнаму інтэлекту падрыхтаваць артыкул з крытыкай рашэння газеты і апублікаваў яго пад сваім імем.
У падрыхтаваным штучным інтэлектам тэксце спробы абмежаваць выкарыстанне новых тэхналогій у журналістыцы параўноўваліся з «барацьбой лобі конных павозак супраць аўтамабіляў».
Нямецкая Рада па прэсе (самарэгулявальны орган, які ахоплівае нямецкія друкаваныя і анлайн-СМІ), заявіла, што адказнасць за ўсе рэдакцыйныя матэрыялы, незалежна ад таго, як яны былі створаны, цалкам ляжыць на рэдакцыях. «Гэтая адказнасць таксама распаўсюджваецца на штучна створаны кантэнт», — гаворыцца ў паведамленні.
Нягледзячы на гэта, Рада па прэсе лічыць патрабаванне маркіроўкі тэкстаў, створаных штучным інтэлектам, непатрэбным. Аргументацыя палягае ў тым, што для этычнай ацэнкі скаргаў не мае значэння, хто стварыў артыкул і якія інструменты ён выкарыстаў.
Искусственный интеллект в медиа. Правовое регулирование и этические стандарты
@bajmedia