«Медиазона. Беларусь» будзе штодня абнаўляць звесткі з базы міждзяржаўнага крымінальнага вышуку
Раней на сайце «Медиазона. Беларусь» публікацыі з абноўленым пералікам беларусаў у пошукавай базе РФ выходзілі прыкладна раз на паўгода. Беларускія грамадзяне трапляюць у гэтую базу на запыт сілавых структур Беларусі, і ў ёй ужо больш за сотню незалежных журналістаў і медыясупрацоўнікаў.

Выява: kovriolette спецыяльна для «Медиазона. Беларусь»
База, паводле якой беларускіх грамадзян вышукваюць у абедзвюх краінах, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх краін», абнаўляецца рэгулярна.
«Цяпер «Медыязона» будзе абнаўляць базу вышуку штодня — тут можна будзе знайсці інфармацыю пра тых, каго шукаюць беларускія і расійскія ўлады», — піша mediazonaby.com.
Незалежнае анлайн-выданне публікуе пералік выключна ўраджэнцаў і грамадзян Беларусі. На гэты момант у ім 9 185 чалавек, з іх больш за 5 тысяч — гэта журналісты, палітыкі, актывісты, удзельнікі пратэстаў 2020 года і мноства іншых людзей, якія мусілі пакінуць Беларусь пад пагрозай палітычна матываванага пераследу.
Толькі цягам апошніх месяцаў у базу міждзяржаўнага вышуку ўключылі экс-палітвязняў Вячаслава Лазарава і Алу Шарко, былога вядоўцу тэлеканала «Белсат» Сяргея Падсасоннага, тэлевядоўцу, блогерку і папулярызатарку беларускай культуры Кацярыну Ваданосаву, журналістаў Аляксандра Баразенку, Андрэя Мялешку, Аляксея Худанава, Руслана Ігнатовіча.
Некаторыя прозвішчы з гэтай базы выдаляюць, а некаторыя наадварот — дадаюць. Калі чалавека дадалі на працягу апошніх 7 дзён, на сайце «Медиазона. Беларусь» яго прозвішча пазначаецца знакам «+». Знак «х» азначае, што чалавек з базы выключаны. Аднак з гэтага не вынікае, што крымінальны пераслед супраць яго спынены.
Таксама выданне папярэджвае: «Памятайце, што калі нават вас у гэтым пераліку няма, гэта не азначае, што супраць вас няма крымінальнай справы ў Беларусі».
Дарэчы, у пошукавай базе не ўказваецца, у сувязі з якім артыкулам Крымінальнага кодэкса РБ шукаюць канкрэтнага чалавека. Там ёсць толькі асабовыя звесткі і кантактны нумар аддзялення міліцыі, зрэдчас — асаблівыя прыкметы і фотаздымкі.
@bajmedia