• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гурневіч: Многія крытыкуюць «Нашу Ніву», але самі чытаюць. Бо медыя — гэта люстэрка грамадства

    У вялікай часткі беларускай грамадска-палітычнай бурбалкі ёсць адно таемнае guilty plea­sure. Яны крытыкуюць «Наша Ніву» і публічна гідзяцца ёй, абвяшчаюць ёй байкоты, але штодня працягваюць чытаць. «Нашай Нівай» абураюцца, але пасля ўпісваюць у браўзэры тыя самыя дзве літаркі. Адкуль я гэта ведаю? Бо я сам так раблю.

    Дзмітрый Гурневіч пра канфлікт Ціханоўскага і Нашай Нівы

    Дзмітрый Гурневіч. Фота: яго старонка Face­book

    Часам мяне раз’юшваюць некаторыя публікацыі «НН». Але пасля іншыя зачароўваюць геніяльнасцю. І гэта нармальна, бо ідэальнага медыя, ад якога б усе былі ў захапленні, не існуе ані ў беларускай прасторы, ані ў любой іншай. Я плачу немалыя грошы за падпіскі на замежныя выданні, якія падаюцца мне бездакорнымі. І пасля прачытання некаторых тэкстаў у мяне трасецца ад злосці галава, як у позняга Лукашэнкі. Медыя працуе для людзей, а людзі — розныя. І калі вы дзівіцеся, чаму «Нашу Ніву» чытае так шмат людзей, то адказ тут відавочны — аўтары выдання цудоўна адчуваюць, чаго хочуць беларусы. У тым ліку і вы! Але на сваім шляху журналісты (любыя) таксама робяць памылкі.

    Сёння я ўбачыў шмат інструкцый як стварыць ідэальнае медыя. Без хайпу і медыяшуму. Канешне ж, гэта магчыма. Праблема толькі ў тым, што такое медыя ніхто не захоча чытаць, уключна з тым, хто прыдумаў геніяльную інструкцыю.

    Свет змяніўся, а разам з ім і медыі. Людзі спажываюць інфармацыю хутка, не любяць пустэчы, пафасу, відэа хочуць з аганьком, а часам з хуліганствам. Задача журналістаў — не перакрочыць мяжу, калі спакусаў так шмат.

    СМІ стала цяжка канкураваць з сацсеткамі і, на жаль, медыі мусяць гэта ўлічваць. Нават мільярдэр Джозэф Бэзас звольніў сотні журналістаў з адной з самых салідных газет свету Wash­ing­ton Post. Грошы аднаго з самых багатых людзей планеты, прафесійныя кадры і неабмежаваныя магчымасці ўжо не ратуюць. Але медыі надалей абавязаныя трымаць планку, гэта бясспрэчна. Не толькі задавальняць спажывецкі попыт, часам самы нізкі, але і выхоўваць густ. І пошук балансу ў гэтым надзвычай складаны.

    Я часта бачу, як людзі патрабуюць глыбокіх тэкстаў. Ну колькі вы самі такіх клікаеце? Толькі шчыра! Людзі перастаюць чытаць не проста даўгія тэксты, а ўвогуле чытаць. Калі так шмат людзей хоча глыбокага чытва ў каментарах, чаму тады нашыя кнігары не могуць прадаць сотні асобнікаў сусветных бестселераў і баяцца, што іх давядзецца знішчаць, каб не плаціць штраф уладальнікам аўтарскіх правоў? 

    Хочуць больш культуры! Тады чаму тэксты пра культуру так слаба чытаюцца? Нехта тут скажа: а вы напішыце добра, тады ўсе прачытаюць. Не прачытаюць, і так у любых СМІ. Але медыі ўсё роўна пішуць, бо гэта адна з місій СМІ.

    Не падабаецца Лукашэнка на вокладцы ў ютубе? Але чаму на вокладкі без Лукашэнкі мала хто клікае? Можна рабіць прадукт, які ўвогуле ніхто не клікае, але бездакорны па сэнсе і форме. Толькі навошта? А што клікаеце на ютубе вы, толькі шчыра? Напішыце ў каментары. 

    Кажуць, нудна вас чытаць або глядзець. Зразумейце: медыі рэагуюць на нагоды, а не ствараюць іх. Гэта як люстэрка грамадства.

    Яшчэ восем гадоў таму я б мог моўчкі сядзець перад камерай і сабраць дзясяткі і сотні тысяч праглядаў, бо людзі чакалі навін. Зараз людзі хаваюцца ад навін, і мы маем тысячы, добра, калі часам дзясяткі. Гэта не журналісты змяніліся, змяніліся рэаліі.

    Сёння беларускія СМІ апынуліся ў катастрафічнай сітуацыі. Унутры сваёй дзяржавы працаваць немагчыма. З аўдыторыяй і патэнцыйнымі героямі, экспертамі ў Беларусі, камунікаваць немагчыма. Я не ведаю, у якой яшчэ краіне свету журналісты апынуліся ў такіх рэаліях. Нават расейскія журналісты (у якіх вайна пяты год) лепяць сабе плашку, што яны «інагенты», і далей камунікуюць з аўдыторыяй унутры краіны. Бяруць інтэрв’ю, здымаюць сюжэты. Легальна. 

    Прачытаў сёння, што ў беларускіх медыяў адныя і тыя ж самыя эксперты. Вы думаеце, журналісты склалі чорны спіс і не пускаюць талковых спікераў у эфір? З даступных гадамі раней адмыслоўцаў у розных галінах з «экстрэмісцкімі» СМІ размаўляе добра калі траціна. І гэта я кажу пра тых, хто жыве ўжо гадамі за мяжой. 90 % герояў, з якімі я б хацеў рабіць гутаркі ці расказваць іх гісторыі, проста баяцца з’яўлення сябе ў ютубе «экстрэмістаў».

    З людзьмі ўнутры Беларусі, нават калі яны хочуць (не ўсе разумеюць, што іх можа чакаць), мы самі адмаўляемся размаўляць. Гэта неверагодная адказнасць перад людзьмі, але і маргіналізацыя сябе.

    Сёння я пачуў папрок, што цытаты Лукашэнкі медыі даюць больш ахвотна, чым паведамляюць пра канкрэтныя вынікі дзейнасці дэмсілаў, што ўплываюць на жыццё прынамсі дыяспаральных беларусаў, калі не шырэй. Напішыце мне пра гэтыя вынікі ў каментары. Я заўтра з вамі скантактуюся (як раблю гэта па некалькі разоў на тыдзень).

    Але на дзіва, калі ў тых жа медыях гучаць некамфортныя пытанні лідарам дэмсілаў, то тыя ж самыя людзі абураюцца. Калі захапляцца Каардынацыйнай радай, то ўсім тады добра. Калі ж агучваць нязручныя пытанні КР, то многім тады сумна. Тады «медыі працуюць на раскол». Усе б мы хацелі выглядаць лепш, чым мы ёсць насамрэч.

    Самае смешнае, што я сёння пачуў, гэта пра «напампоўку незалежных СМІ грашыма». Гэта ў той час, калі дзясяткі журналістаў толькі за апошні год апынуліся без працы, іншыя вымушаныя таксаваць, каб выжыць працуючы ў рэдакцыі, і калі адзін журналіст зараз выконвае функцыі аркестра. Цуд, што ў беларускай журналістыцы яшчэ засталіся людзі. Гэта проста латарэя па пошуку непрыемнасцяў, дзе бонусам выступае дэпрэсіўны парадак дня, які трэба штодзённа прапускаць праз сябе.

    І акурат сёння прагучала «геніяльная» ідэя скараціць фінансаванне і тым СМІ, якія яго маюць. Як ніхто раней не дадумаўся?! Тады, напэўна, споўніцца наша агульная мара і ў беларускіх СМІ стане больш глыбокіх тэкстаў, вострых інтэрв’ю, больш нацыянальнай культуры і мовы, а пісаць пра гэта застануцца самыя этычныя журналісты. 

    Меркаванні калумністаў не адлюстроўваюць пазіцыю арганізацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.