Даследаванне: Беларуская прапаганда перайшла з унутраных на знешніх ворагаў
Інстытут «Цэнтр новых ідэй» прэзентаваў даследаванне праўладнага сегмента рэсурсаў у Telegram. Паслухалі пра заўважныя змены трэндаў. На вяршыні застаецца «Пул Первого» — канал, «блізкі да прэс-службы беларускага правіцеля».

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
Даследаванне ахапіла публікацыі 33 праўладных Telegram-каналаў са студзеня 2025-га па травень 2026 года — усяго больш за 170 тысяч. Аўтары таксама аналізавалі рэпосты і рэакцыі аўдыторыі.
Паводле даследавання, канал «Пул Первого» служыць крыніцай 67 % усіх рэпостаў, большасць астатніх каналаў распаўсюджвае яго матэрыялы і параўнальна рэдка абменьваецца кантэнтам адзін з адным.
«Паміж крыніцай і перыферыяй існуе прамежкавы ўзровень: BELTA і «ЖС Premium» атрымліваюць кантэнт з цэнтра і перадаюць яго далей. Таму структура праўладнага Telegram больш падобная да сістэмы цэнтралізаванага вяшчання, чым да сеткі самастойных каналаў: адзін цэнтр стварае асноўную частку кантэнту, які распаўсюджваецца, а некалькі буйных рэтранслятараў забяспечваюць яго далейшае распаўсюджванне», — зазначаюць даследчыкі.
Асобнай фігурай ёсць канал «Белорусский силовик», які з’явіўся пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны і які піша пра вайну з прарасійскіх пазіцый. У ананімнага праекта больш за 450 тысяч падпісчыкаў.
Што да кантэнту, то, як зазначае супрацоўнік Цэнтра новых ідэй і суаўтар даследавання Аляксандр Стуканаў, легітымацыя рэжыму працягвае быць заўважнай, але ёсць асаблівасці:
«Амаль палова праўладнага кантэнту не ўтрымлівае наўпроставых аргументаў на карысць улады. І нават калі легітымацыя прысутнічае, часцей за ўсё гэта проста расповеды пра перамогі і дасягненні рэжыму альбо антызаходні дыскурс.
Частата выкарыстання антызаходняга ці патрыятычнага дыскурсу ў цэлым залежыць ад календара і пэўных важных для рэжыму сімвалічных дат. Напрыклад, антызаходні і патрыятычны дыскурсы найбольш часта сустракаюцца падчас 9 мая або Дня Незалежнасці. А такія тэмы, як перамогі і дасягненні рэжыму або стабільнасць супраць хаосу, — гэта пастаянны фон, які прысутнічае ўвесь год.
Пра што ж піша сама прапаганда і якія тэмы найбольш ёй цікавыя? Адна з самых цікавых высноў нашага даследавання заключаецца ў тым, што ўся прапаганда вельмі моцна экстэрналізуецца з пункту гледжання сваіх тэм і іншых метрык.
Так, напрыклад, за 17 месяцаў даследавання цікавасць да тэмы ўнутранай палітыкі знізілася з 25 % да 17 %. І ў цэлым унутраная палітыка сышла з першага месца».
Парадак дня становіцца ўсё больш глабальным
Доля згадак знешняй палітыкі і бяспекі, наадварот, вырасла з 16 % да 25 %. Радзей сталі гаварыць і пра ўнутраных праціўнікаў ды пагрозы: доля публікацый пра рэпрэсіі знізілася з 5 % да 4 %, пра апазіцыю — з 3 % да 1 %. Такім чынам, да канца перыяду ўнутраная палітыка перастае быць галоўным прадметам увагі, а вызваленае месца займаюць падзеі за межамі краіны.
Вобраз ворага застаецца важнай часткай парадку дня, але ўсё часцей гэты вораг знаходзіцца за межамі Беларусі.
Доля Украіны сярод тых, каго праўладныя каналы падаюць як ворага, вырасла з 16 % у студзені 2025 года да 26 % у маі 2026-га.
Апазіцыя, наадварот, паступова губляе гэтую ролю: за той жа перыяд яе доля скарацілася амаль удвая — з 19 % да 10 %. Галоўным аб’ектам варожай рыторыкі застаецца Захад — на яго прыпадае 37 % усіх выпадкаў, калі ў публікацыях з’яўляецца канкрэтны вораг, а ў студзені 2026 года яго доля дасягнула 44 %.
Пры гэтым сам вобраз ворага не становіцца прыкметна больш ці менш распаўсюджаным: ён прысутнічае прыкладна ў кожным пятым пасце — 23 %. Змяняецца перадусім тое, каго прызначаюць ворагам: месца ўнутранага праціўніка ўсё часцей займае знешні.
«Сама патрэба ў ворагу не змяншаецца — мяняецца той, каму адводзяць гэтую ролю. Па меры таго як апазіцыя і рэпрэсіі займаюць усё менш месца ў парадку дня, унутранага праціўніка паступова замяняюць Украіна і Захад. Гэта дазваляе захоўваць ранейшае дзяленне на «сваіх» і «чужых», не прывязваючы яго да аднаго канкрэтнага праціўніка: сёння для падтрымання гэтай мяжы важнейшая наяўнасць пагрозы, чым яе канкрэтная крыніца», — зазначаюць даследчыкі.
Цікавасць аўдыторыі падае
Сумарная колькасць штомесячных праглядаў праўладных каналаў зменшылася на 32 % за перыяд ад першага квартала 2025 года да сакавіка–траўня 2026-га. І гэта пры тым, што інтэнсіўнасць публікацый практычна не змянілася.
Агрэсіўнасць рыторыкі паступова зніжаецца, хоць у асобных каналах яна застаецца высокай. У студзені 2025 года мова нянавісці сустракалася ў 11 % пастоў, да траўня 2026 года яе доля скарацілася да 7 %. За той жа перыяд доля таксічных публікацый знізілася з 20 % да 16 %.
Аднак сярэднія паказчыкі хаваюць прыкметныя адрозненні паміж каналамі. Агрэсіўная рыторыка характэрная перадусім для каментатараў: у Бондаравай мова нянавісці сустракаецца ў 27 % пастоў, у Азаронка — у 20 %, тады як у сярэднім па выбарцы гэты паказчык складае 9 %.
Іншымі словамі, зніжэнне агрэсіі адбываецца не таму, што яна знікае з экасістэмы, а таму, што ўсё больш становіцца спецыялізацыяй адносна невялікай групы каналаў.
Лукашэнка і Трамп — лідары ў прапагандзе
Найчасцей згадваецца ў прапагандзе Аляксандр Лукашэнка (12 600 разоў), на другім месцы — Дональд Трамп (10 300).
Астатнія топ-персоны — Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі. Беларускія чыноўнікі другога ўзроўню з’яўляюцца значна радзей.
Большасць публікацый паўтараюць адна адну. Даслоўнае цытаванне і простая агрэгацыя чужых матэрыялаў складаюць 52 % усіх публікацый праўладнай экасістэмы. Унікальныя публікацыі — усяго 1 % пастоў. Даследчыкі кажуць пра гэта як пра «крызіс арыгінальнасці».
«Калі людзі думаюць пра беларускую прапаганду, яны думаюць пра нейкую вельмі агрэсіўную, таксічную інфармацыю, якую ты можаш адразу заўважыць. Звычайны чалавек заўсёды мог зразумець: гэта прапаганда.
Але цяпер, як мы бачым з дадзеных даследавання, гэта ўжо не так. Прапаганда цяпер дастаткова добра маскіруе свае наратывы нейтральнасцю, зніжанай мовай агрэсіі, у палове выпадкаў — адсутнасцю легітымізацыі ўлады. Але гэта ўсё яшчэ прапаганда», — зазначае Стуканаў.
Патрэбнае даследаванне па ўздзеянні
Медыяэкспертка Ірына Сідорская заўважыла падчас прэзентацыі, што такое маштабнае даследаванне «ўжо дазваляе ўбачыць не асобныя яскравыя праявы прапаганды, а некаторыя ўстойлівыя асаблівасці функцыянавання ўсёй гэтай экасістэмы».

Ірына Сідорская, фота з асабістага архіва
Экспертку здзіўляе трэнд на зніжэнне моўнай агрэсіі пры захаванні дастаткова стабільнага вобразу ворага:
«Гэта было ў нечым нечакана, бо мы прывыклі ўспрымаць прапаганду як вельмі эмацыйную. А вось у даследаванні мы ўбачылі, што прапаганда змяняецца, і прапаганда цалкам можа заставацца прапагандай, выкарыстоўваючы дастаткова спакойную і нават нейтральную лексіку. То-бок не абавязкова: няма мовы нянавісці — значыць, не прапаганда. Якраз тут мы ўбачылі абгрунтаванне таго, што беларуская прапаганда становіцца менавіта вонкава спакойнай і нейтральнай, але не перастае быць прапагандай і, самае галоўнае, не перастае трансляваць уяўленне пра варожасць свету».
Ірына Сідорская спадзяецца, што даследаванне працягнецца ў кантэксце «ўзаемадзеяння з аўдыторыяй»:
«Як прапаганда ўздзейнічае? Даследаванне не дае прамога адказу на гэта. Мы не ведаем, што чалавек запомніў з таго, што прачытаў, чаму паверыў, тым больш, што прапаганда можа працаваць і тады, калі чалавек вонкава ніяк не рэагуе. (…) Я б лічбавыя паводзіны і прысутнасць людзей у прапагандысцкіх каналах не атаясамляла б з перакананасцю аўдыторыі ў тым, што гэтыя прапагандысцкія каналы транслююць. Наступны крок для даследавання беларускай прапаганды — гэта менавіта выхад да аўдыторыі. (…) Мая прапанова — зрабіць даследаванне, якое ўключае як беларускія незалежныя медыя, так і прапагандысцкія, не даследаваць экасістэмы ізалявана».
@bajmedia