• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Егіпце арыштавалі ўсю рэдакцыю незалежнага расследавальніцкага медыя Matsadaash

    Улады абвінавацілі іх у меркаванай прыналежнасці да забароненай групы «Браты-мусульмане», сцвярджаючы, што яны падрыхтавалі сфабрыкаваныя навіны для інтэрнэт-выдання ў абмен на замежнае фінансаванне.

    У Егіпце арыштавалі ўсю рэдакцыю расследавальніцкага медыя Matsadaash

    Калаж: АР

    У Егіпце арыштавалі ўсю рэдакцыйную каманду незалежнага расследавальніцкага медыя Mat­sadaash (па-арабску «Не вер»), абвінаваціўшы журналістаў у прыналежнасці да забароненай групоўкі «Браты-мусульмане». Пра гэта паведамляе Asso­ci­at­ed Press.

    Арышт шасці журналістаў выклікаў абурэнне з боку міжнародных і рэгіянальных праваабарончых груп, якія назвалі гэта «трывожнай эскалацыяй ціску на незалежныя медыя і свабоду слова».

    Улады абвінавацілі іх у членстве ў «Братах-мусульманах», сцвярджаючы, што яны стваралі сфабрыкаваныя навіны для анлайн-выдання ў абмен на замежнае фінансаванне.

    Су-заснавальнік Mat­sadaash Абдэльрахман Мансур адхіліў гэтыя абвінавачанні і заявіў, што ён і сем’і журналістаў не ведаюць, дзе яны цяпер знаходзяцца.

    «Усе ў гэтай камандзе ведалі пра рызыкі, калі кожны дзень хадзілі на працу, але непрымальна, каб урад выстаўляў ілжывыя абвінавачанні і выкрадаў журналістаў толькі таму, што яны баяцца свабоднай прэсы. Іх сем’і хвалююцца, мы хвалюемся, мы проста хочам, каб іх вызвалілі непашкоджанымі», — сказаў ён.

    Мансур сказаў, што двух рэдактараў выдання арыштоўвалі ў 2023 годзе, але вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў пасля таго, як следчыя не выявілі ніякай сувязі з «Братамі-мусульманамі».

    Увечары 28 верасня праваахоўнікі арыштавалі першага журналіста — Абдаллу Кадры. На наступны дзень арыштавалі яшчэ пяцярых супрацоўнікаў: Могамеда Абу Эмайру, Могамеда Адэля, Могамеда Магмуда, Омара Гелала і Іслама Баракату.

    1 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў Егіпта назвала выданне неліцэнзаванай старонкай, якой кіруе з‑за мяжы «ўцякач-член “Братоў”», якога ідэнтыфікавалі як Мансура.

    У ведамстве заявілі, што шасцёра затрыманых былі часткай «медыякамітэта» «Братоў-мусульман», які рыхтаваў ілжывыя і сфабрыкаваныя навіны, і толькі адзін з шасці затрыманых з’яўляецца членам Сіндыката журналістаў, нацыянальнага прафсаюза работнікаў прэсы. У заяве гаворыцца пра прыняцце прававых мер, аднак канкрэтныя абвінавачанні супраць затрыманых не ўдакладняюцца.

    Медыя заснавалі ў 2018 годзе як фактчэкінгавую платформу. Пазней рэсурс заняўся журналісцкімі расследаваннямі ў Егіпце і іншых арабскіх краінах. Сайт Mat­sadaash заблакаваны ў Егіпце, але яго старонка ў фэйсбуку мае больш за мільён падпісчыкаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.