• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    YouTube выдаліў некалькі стрымаў Сяргея Ціханоўскага

    З ютуб-канала «Краіна для жыцця», на якім апошнім часам перыядычна з’яўляюцца новыя відэа блогера Сяргея Ціханоўскага, былі выдаленыя чатыры ролікі. Гаворка ідзе пра два стрымы і два відэа. «Мы прасілі Сяргея не злоўжываць памяццю Мікіты Мелказёрава. Наш зварот быў праігнараваны»,  — патлумачыла «Нашай Ніве» каманда праекта «Жыццё-Маліна».

    YouTube выдаліў некалькі стрымаў Сяргея Ціханоўскага

    Скрыншот

    Калі спрабаваць адкрыць іх па старым адрасе, то высвечваецца паведамленне: «Відэа недаступнае. Яно было выдалена праз парушэнне аўтарскіх правоў».

    Як аказалася, прычынай стала выкарыстанне Ціханоўскім кавалкаў старога відэа з Мікітай Мелказёравым — папулярным блогерам, які памёр у снежні 2025 года.

    Ціханоўскі ў стрымах зноў і зноў уключаў той кавалак відэа, на якім Мелказёраў заклікае падпісацца на канал «Краіна для жыцця», дэманструючы падпісчыкам, што Мелказёраў падтрымлівае менавіта яго.

    «Мы звярнуліся ў Ютуб па стандартнай працэдуры з просьбай выдаліць кавалкі відэа з заклікам ад Мікіты. Там быў выкарыстаны кавалак размовы Мікіты Мелказёрава з адвакаткай Наталляй Мацкевіч. Той выпуск «Жыцця-маліны» быў апублікаваны ў снежні 2023 года, за паўтара года да выхаду Сяргея Ціханоўскага на волю. Фраза Мікіты пра падтрымку палітвязня (на той момант) і заклік падпісацца на яго канал была сказаная ў канкрэтным кантэксце і не мае дачынення да сённяшняга моманту. Паколькі Мікіты больш няма, мы не можам ведаць, ці згодны б ён быў на выкарыстанне яго ў іншых відэа, асабліва ў такім кантэксце, што можа траўмаваць блізкіх і сяброў», — патлумачыла «Нашай Ніве» каманда праекта «Жыццё-Маліна».

    Да Ціханоўскага звярнуліся з просьбай надалей не выкарыстоўваць відэа з Мікітам без папярэдняга ўзгаднення, выдаліць тое, што ўжо было, і не злоўжываць яго памяццю. Але блогер праігнараваў зварот. У наступным стрыме Ціханоўскі зноў уключыў відэа з Мікітам у якасці рэкламы свайго канала.

    У выніку каманда скарысталася інструментамі Ютуба па абароне аўтарскага права:

    «Мікіта быў бесстароннім журналістам і блогерам, і выкарыстанне яго імя ў нечых інтарэсах недапушчальнае».

    Скаргі былі пададзеныя на два стрымы і два відэа на канале. У выніку па рашэнні Ютуба яны былі выдаленыя цалкам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.