• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З якімі кібератакамі сутыкаюцца сайты НДА і незалежных медыяў і што з гэтым рабіць? Распавядае тэхнічны спецыяліст

    Сайт БАЖ 6 лістапада перажыў чарговую кібератаку. Апошнім часам гэта стала ўжо рэгулярнай з’явай, з якой сутыкаюцца, напэўна, усе ці большасць беларускіх незалежных медыяў. Гутарым з тэхнічным спецыялістам пра тое, што гэта за атакі, хто за імі стаіць, як развіццё штучнага інтэлекту стварае дадатковыя рызыкі, і што з гэтым рабіць.

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Блакаванне сайтаў-люстэрак

    Са словаў спадара П., сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў апошнім часам даволі часта, практычна пастаянна сутыкаецца з кібератакамі і агулам лічбавым ціскам. Апошнім відавочна займаецца беларуская дзяржава, і да яго адносіцца блакаванне даменных імёнаў сайта. Асноўны дамен baj.media не адчыняецца з Беларусі.

    «Для абыходу гэтай блакіроўкі ўвесь час робяцца дадатковыя даменныя імёны — сайты-люстэркі. Гэта фактычна сайты-дублі, якія можна адчыняць з юрысдыкцыі, дзе доступ да асноўнага сайта заблакаваны. І першая непрыемнасць, з якой сутыкаецца БАЖ, што перыядычна блакуюць і іх. Калі пашчасціць, сайт-люстэрка можа праіснаваць некалькі месяцаў, потым і яго блакуюць», — распавядае тэхнічны спецыяліст.

    DDOS-атакі

    Другая праблема, з якой сутыкаецца сайт БАЖ — гэта менавіта кібератакі. Найчасцей DDOS-атакі. Яны маюць месца, калі за кароткі перыяд часу на сервер ідуць масавыя запыты з розных іншых сервераў і такім чынам ствараецца смеццевая нагрузка, тлумачыць суразмоўца.

    Калі за кароткі часавы прамежак ідзе вялікая колькасць нерацыянальных запытаў на выпадковыя адрасы старонак, сервер у пэўны момант не спраўляецца і ці часова спыняе працу, ці доўга адказвае на запыты звычайных карыстальнікаў, і яны фактычна страчваюць доступ да сайта і інфармацыі.

    «Гэта самыя прымітыўныя атакі, але яны і самыя распаўсюджаныя. Такое можа быць некалькі разоў на месяц. Праблема тут у тым, што вылічыць і даказаць, хто гэта зрабіў, фактычна немагчыма. Напэўна, нейкае такое расследаванне можа зрабіць дзяржава, але на ўзроўні арганізацыі гэта немагчыма, бо гэта вельмі затратна», — кажа тэхнічны спецыяліст.

    Справа ў тым, што запыты падчас DDOS-атак ідуць з абсалютна розных сервераў, найчасцей з узламаных. Са слоў эксперта, гэта могуць быць у тым ліку нейкія дэвайсы, прылады, якія маюць выхад у інтэрнэт, напрыклад, лядоўня. Калі яна выходзіць у сеціва, яе могуць узламаць і з яе рабіць хакерскія атакі.

    DDOS-атака

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Займацца гэтым могуць таксама ботафермы з розных частак свету — Азіі, Амерыкі, Афрыкі — і рабіць гэта адначасова.

    «Адбываецца гэта так — уладальнік хакерскай ці нейкай іншай групоўкі, якая валодае гэтым пулам узламаных дэвайсаў, у пэўны момант адначасова запускае іх у адным кірунку, так і адбываецца DDOS-атака», — дадае спадар П.

    Каму гэта выгадна?

    Тэхнічны спецыяліст адзначае, што такія атакі даволі дарагія для замоўцаў, таму агулам яны даволі кароткія — па некалькі гадзін раз ці некалькі разоў на месяц. Арганізаваць такі напад, напрыклад, на некалькі сутак, будзе вельмі дорага.

    Хто замаўляе і ў стане аплаціць нават непрацяглыя DDOS-атакі, вылічыць немагчыма, зазначае эксперт. Можна толькі рабіць нейкія дапушчэнні, аднак нельга нічога адназначна канстатаваць.

    «Калі казаць з пункту гледжання таго, каму гэта выгадна, то, напэўна, нейкай хакерскай групоўцы няма ніякага сэнсу гэта рабіць, апроч як за грошы па замове для нейкіх трэціх асоб. А хто замоўшчык? Пытанне адкрытае. Доказаў мы тут не маем. Але паколькі гэта грамадская арганізацыя, то, хутчэй за ўсё, за гэтым стаяць пэўныя органы, зацікаўленыя ў гэтым», — мяркуе суразмоўца БАЖ.

    Акрамя DDOS-атак, здараюцца і іншыя. Хакеры ўвесь час шукаюць дзіркі ў серверах і новыя магчымасці для атак: скануюць парты, падбіраюць паролі. Гэта аўтаматызаваны працэс — запускаецца нейкі скрыпт, бот, які падбірае паролі, каб трапіць на сервер.

    Са слоў спадара П., БАЖ пакуль што спраўляўся з такімі пагрозамі, і пакуль не было такога, каб сайт арганізацыі цалкам знішчылі ці атрымалі да яго доступ.

    ШІ на службе ў хакераў і як гэтаму супрацьстаяць

    З развіццём штучнага інтэлекту кіберпагроз можа стаць больш, і яны могуць зрабіцца больш складанымі, адзначае эксперт. Так, нядаўна свет сутыкнуўся з так званым «PHP-апакаліпсісам», калі з дапамогай ШІ былі знойдзеныя два крытычныя ўразлівыя месцы ў мове праграмавання PHP. Гэта прывяло да масавага адключэння сайтаў.

    «Сайты на Word Press, ці на самапісных рухавіках на PHP, якіх абсалютная большасць у інтэрнэце, апынуліся пад пагрозай. БАЖ тэрмінова, як толькі выйшла абнаўленне, гэтую праблему вырашыў. Але гэта прыклад такой сітуацыі, як такія сур’ёзныя хібы, калі своечасова не адрэагаваць, могуць прывесці да доступу хакераў да ўсяго сервера і яго зместу і выкарыстоўваць яго як заўгодна», — тлумачыць спадар П.

    Беларускія медыі паведамляюць пра збоі ў працы сайтаў і DDOS-атаку

    Эксперт перакананы, што такія атакі праз дзіркі, знойдзеныя з дапамогай ШІ, будуць адбывацца і далей. Гэта новая рэчаіснасць, да якой трэба адаптавацца. Тэхнічным спецыялістам, якія займаюцца сайтамі, спадар П. раіць сачыць за тэхналогіямі. Справа ў тым, што іх развіццё, і той жа ШІ, могуць працаваць у два бакі. Гэтыя інструменты можна выкарыстоўваць для кібератак, але адначасова і для абароны ад іх.

    «Гэта ўсё цяпер вельмі хутка развіваецца, і калі застацца на ўзбоччы, калі ўсё ляціць наперад, можна апынуцца ў небяспечнай сітуацыі. Таму няма іншага выйсця, як увесь час трымаць руку на пульсе», — рэзюмуе эксперт.

    БАЖ рэгулярна паведамляе пра кібератакі на сайты беларускіх незалежных медыяў. З апошняга, у першыя дні лістапада са збоямі ў працы сайтаў сутыкнуліся Reform.news і «Наша Ніва». Сайт Reform.news не абнаўляўся некалькі гадзін. «Наша Ніва» папярэдзіла, што сайт можа быць часова недаступны ці адкрывацца з цяжкасцю праз DDOS-атаку, але запэўніла, што тэхнічныя спецыялісты паспяхова даюць рады праблеме.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.