• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    35 гадоў таму была заснаваная інфармацыйная кампанія БелаПАН

    35 гадоў таму, 19 лістапада 1991 года, была заснаваная незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН. У той дзень яна была зарэгістраваная ў Менгарвыканкаме.

    35 гадоў таму была заснаваная інфармацыйная кампанія БелаПАН

    Фота: БелаПАН

    Сузаснавальнікамі БелаПАН (Беларускае прыватнае агенцтва навін) выступілі Алесь Ліпай і Віталь Цыганкоў, якія працавалі ў газеце “Знамя юности“.

    Агенцтва стала першым агульнанацыянальным СМІ, якое сканцэнтравалася выключна на падзеях у Беларусі і вакол яе, а таксама працавала ў выходныя і святочныя дні.

    У 2002 годзе БелаПАН стварыў першую ў краіне інтэрнэт-газету — “Беларускія навіны” (naviny.by). На пачатку 2000‑х кампанія выпускала інфармацыйна-забаўляльную газету “Отдыхай“.

    БелаПАН неаднаразова атрымліваў узнагароды, у прыватнасці прэмію імя Дзмітрыя Завадзкага “За мужнасць і прафесіяналізм” (2004), прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Усходняй Еўропы” (2005), прэмію Рунэта ў намінацыі “Рунэт за межамі Ru” (2006).

    Нязменным кіраўніком агенцтва быў Алесь Ліпай — да сваёй смерці 23 жніўня 2018 года ва ўзросце 52 гадоў. Пасля яго кіраўнікамі БелаПАН былі Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына.

    Алесь Ліпай. Фота: БелаПАН

    БелаПАН, як і іншыя недзяржаўныя СМІ, усе гэтыя гады працаваў ва ўмовах пастаянных спробаў уладаў абмежаваць свабоду слова. У 2021 годзе БелаПАН стаў першым СМІ, які ўлады прызналі “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 1 лістапада. Праз некалькі гадоў заднім чыслом дата была перапраўленая на 4 лістапада, і першым “экстрэмісцкім фарміраваннем“ сярод СМІ ў адпаведным пераліку цяпер фігуруе тэлеканал “Белсат“ (пастанова МУС ад 3 лістапада).

    У інтарэсах бяспекі журналістаў дзейнасць БелаПАН была прыпыненая 12 лістапада 2021 года — да змены сітуацыі ў краіне. На той момант за кратамі знаходзіліся галоўны рэдактар Ірына Леўшына, яе папярэднік Дзмітрый Наважылаў і былы намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў (у рамках т. зв. “справы БелаПАН“).

    Ад рэпрэсій пасля 2020 года наўпрост пацярпела агулам 8 супрацоўнікаў БелаПАН, якія працавалі там у розныя гады.

    Частка супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі, якія выехалі за мяжу, працягнула працу спачатку пад брэндам BPN, а затым як “Позірк“, які беларускімі ўладамі таксама прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем“ (рашэнне МУС ад 19 снежня 2024 года).

    “Позірк”, як і БелаПАН, працуе ў фармаце інфармагенцтва і выпускае навіны, аналітыку, інтэрв’ю і каментары экспертаў пра падзеі ў Беларусі і звязаныя з Беларуссю на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Падрабязней пра гісторыю БелаПАН у матэрыяле інтэрнэт-газеты Naviny.by да 25-годдзя інфармацыйнай кампаніі ў 2016 годзе:

    Как Лукашенко не пускали в БелаПАН. И другие наши истории

    Больш падрабязна пра “справу БелаПАН” і юрыдычную ліквідацыю агенцтва беларускімі ўладамі ў 2025 годзе:

    Суд завяршыў ліквідацыю БелаПАН, мільённы “доўг” павешаны на былых кіраўнікоў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.