RSF заклапочана лёсам Дзмітрыя Наважылава
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) выказвае крайнюю заклапочанасць лёсам палітзняволенага беларускага журналіста Дзмітрыя Наважылава пасля паведамленняў пра магчымы працяг яго ўтрымання за кратамі.

Дзмітрый Наважылаў. Фота: LookByMedia
RSF выпусціла паведамленне, у якім заклікала неадкладна вызваліць былога дырэктара інфармагенцтва БелаПАН Дзмітрыя Наважылава. Арганізацыя адзначае, што дагэтуль няма інфармацыі пра яго лёс, нягледзячы на тое, што ён быў уключаны ў спісы на вызваленне 19 сакавіка 2026 года.
Нагадаем, пасля візіту ў Мінск 19 сакавіка Джона Коўла — спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, беларускія ўлады паведамілі пра памілаванне і вызваленне 250 палітзняволеных. З іх 15 чалавек былі вывезеныя ў той жа дзень у Літву, 235 застаюцца ў Беларусі.
У ліку тых, каго датэрмінова вызвалілі і дэпартавалі ў Літву, — журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева) і блогер Эдуард Пальчыс.
У спісе тых вязняў, каго памілавалі, але дазволілі застацца ў Беларусі, фігуравалі імёны супрацоўнікаў медыя: Дзмітрыя Наважылава, Алега Супрунюка, Аляксандра Марчанкі, Валерыі Касцюговай і Антона Казельскага.
Па стане на 31 сакавіка БАЖ нічога не вядома пра вызваленне Дзмітрыя Наважылава. Выглядае на тое, што журналіст застаецца ў калоніі.
Дзмітрый Наважылаў — былы дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, фігурант крымінальнай справы, распачатай супраць супрацоўнікаў медыя. Быў затрыманы 18 жніўня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Дзмітрыя Наважылава асудзілі да 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361–1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).
@bajmedia