• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заява аб сістэмным пераследзе ў кніжнай сферы і прызнанні літаратурных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»

    БАЖ далучыўся да заявы Беларускага ПЭНа, які разам з праваабарончай і культурнай супольнасцю рашуча асуджае новую хвалю маштабных рэпрэсій супраць незалежных выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў кніг і культурных арганізацый у Беларусі. 

    Апошнія падзеі сведчаць пра мэтанакіраванае знішчэнне інфраструктуры беларускага кнігавыдання і беспрэцэдэнтную крыміналізацыю легальнай культурнай дзейнасці.

    Так, у лютым–сакавіку 2026 года была задакументавана чарговая хваля пераследу, падчас якой стала вядома пра больш чым дваццаць выпадкаў затрыманняў і ціску на прадстаўнікоў кніжнай сферы і літаратурныя і выдавецкія арганізацыі. Адначасова з гэтым дзяржава працягвае актыўна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства і транснацыянальныя рэпрэсіі ў якасці інструментаў для знішчэння беларускай культуры і кнігі і пераследу іншадумцаў.

    З публічна вядомых фактаў гэтага перыяду:

    • 16 лютага сайт і сацыяльныя сеткі праваабарончай і культурнай арганізацыі Беларускі ПЭН, якая зарэгістраваная і легальна дзейнічае ў Польшчы, былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»[1].
    • 16 лютага Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» выдавецтва «Guten­berg Pub­lish­er», якое зарэгістравана і легальна дзейнічае ў Польшчы[2].
    • 17 лютага сілавыя структуры правялі ператрус у выдавецтве «Тэхналогія», якое працягвала працу ў Беларусі, і канфіскавалі ўсё абсталяванне. Выдавецтва прыпыніла сваю дзейнасць.
    • 17 лютага былі затрыманыя не менш за 10 чалавек, некаторыя з якіх былі асуджаныя на 14–15 сутак адміністрацыйнага арышту, сярод іх – дырэктар выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч, перакладчык і былы выдавец Зміцер Колас, а таксама распаўсюджвальнік кніг Алесь Яўдаха[3].

    Вядомыя іншыя, непублічныя, выпадкі пераследу.

    Ёсць прыкметы катаванняў і збіцця затрыманых.

    27 лютага КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні праваабарончай і культурнай арганізацыі Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фарміраваннем»[4].

    3 сакавіка  КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «кааліцыю выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў». Такой кааліцыі насамрэч не існуе: яна была выдумана ў самім рашэнні як падстава для пераследу. У склад «кааліцыі» штучна ўключылі вядомых кніжных выдаўцоў: фонд «Kamunikat.org» (які зарэгістраваны і легальна дзейнічае ў Польшчы), выдавецтвы «Lohv­in­au Pub­lish­ing House» і «Andrei Yanushke­vich Pub­lish­ing» (зарэгістраваны і легальна дзейнічае ў Польшчы)[5].

    Сярод асобаў, якія маюць дачыненне да дзейнасці так званага экстрэмісцкага фарміравання, былі названыя: Яраслаў Іванюк (грамадзянін Польшчы), Андрэй Янушкевіч, Ігар Логвінаў, а таксама Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, што стварае для іх рэальную пагрозу крымінальнага пераследу. Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі[6].

    Беларускі ПЭН разглядае гэтыя дзеянні як сістэматычную дзяржаўную палітыку, накіраваную на ліквідацыю іншадумства і этнацыд – знішчэнне незалежнай культурнай сферы Беларусі. Навешваючы на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў цэтлікі «экстрэмістаў», улады фактычна крыміналізуюць усю экасістэму стварэння і распаўсюджвання кніг на беларускай мове. Такія захады з’яўляюцца наўмысным, неапраўдана шырокім і злоўжывальным прымяненнем антыэкстрэмісцкага заканадаўства супраць людзей і арганізацый, якія адстойваюць правы чалавека і абараняюць нацыянальную культуру.

    Стварэнне юрыдычных фантомаў, такіх як выдуманая «кааліцыя выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў», сведчыць пра выкарыстанне метадаў таталітарнага мінулага. Штучнае аб’яднанне незалежных дзеячаў у «злоўжывальную структуру» мае на мэце фабрыкацыю крымінальных спраў паводле артыкулаў аб экстрэмізме.

    Пераслед выдавецтваў і культурных арганізацый — гэта не толькі напад на канкрэтных людзей і ініцыятывы. Гэта ўдар па праве ўсяго беларускага грамадства на доступ да кнігі, ведаў, мовы, культурнай памяці і свабоднага інтэлектуальнага абмену. Такія дзеянні ствараюць атмасферу страху, прымушаюць да самацэнзуры, разбураюць прафесійныя сувязі і падрываюць саму магчымасць існавання незалежнага культурнага жыцця.

    Гэта наўпрост парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоду выказвання (арт. 33) і права на ўдзел у культурным жыцці (арт. 51), а таксама груба супярэчыць міжнародным стандартам, у тым ліку артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулу 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, артыкулам  2, 7, 11 Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 года), якія гарантуюць права людзей і культурных арганізацый ствараць, вырабляць і распаўсюджваць культурныя выказванні, а таксама прызнаюць ключавую ролю грамадзянскай супольнасці ў культурным жыцці.

    Больш за тое, такія дзеянні набываюць характар транснацыянальных рэпрэсій, паколькі яны маюць на мэце запалохаць і абмежаваць дзейнасць тых культурных дзеячаў і арганізацый, якія вымушана працягваюць сваю працу за межамі краіны.

    Мы падкрэсліваем, што прызнанне мірнай культурнай і праваабарончай дзейнасці «экстрэмісцкай» не мае нічога агульнага з абаронай грамадскай бяспекі. Гэта форма адвольнай крыміналізацыі законнай дзейнасці і злоўжыванне антыэкстрэмісцкім заканадаўствам з мэтай задушэння свабоды выказвання, свабоды асацыяцыі і права на ўдзел у культурным жыцці.

    Мы выказваем безумоўную салідарнасць з усімі затрыманымі і пераследаванымі прадстаўнікамі кніжнай галіны. Незалежныя выдаўцы, перакладчыкі і кнігараспаўсюджвальнікі – гэта стрыжнёвыя інстытуцыі і асобы, дзякуючы якім сёння захоўваецца беларуская літаратура і інтэлектуальнае жыццё.

    Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

    • неадкладна спыніць сістэматычны пераслед у кніжнай сферы, культурных ініцыятыў, дзеячаў культуры;
    • неадкладна вызваліць усіх беспадстаўна затрыманых;
    • спыніць практыку стварэння штучных падстаў для пераследу за ажыццяўленне прафесійнай культурнай дзейнасці;
    • адмяніць неправамерныя рашэнні аб прызнанні выдавецтваў, кнігараспаўсюджвальнікаў і Беларускага ПЭНа «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

    Мы таксама звяртаемся да міжнароднай супольнасці, праваабарончых арганізацый і міжнародных культурных інстытуцый, урадаў дзяржаў,  а таксама да Спецыяльнага дакладчыка ААН у галіне культурных правоў, Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ЮНЕСКА з просьбай падтрымаць нашыя патрабаванні і заклікам:

    • публічна асудзіць гэтыя парушэнні культурных правоў,
    • патрабаваць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення затрыманых і адмену неправамерных рашэнняў,
    • праявіць дзейную салідарнасць з беларускімі кнігавыдаўцамі, у тым ліку праз пашырэнне магчымасцяў падтрымкі культурніцкіх праектаў,
    • працягваць рашучы ціск на ўлады Беларусі дзеля забеспячэння выканання тымі сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека,
    • да маніторынгу захавання культурных правоў у Беларусі.

    Мы заклікаем міжнародную супольнасць не абмяжоўвацца сімвалічнай падтрымкай, а даваць публічную і паслядоўную ацэнку гэтым дзеянням як злоўжыванню антыэкстрэмісцкім заканадаўствам і як форме сістэмнага разбурэння незалежнай беларускай культуры.

     

    Заяву падтрымліваюць:

    Беларускі ПЭН
    Правовая инициатива
    Human Con­stan­ta
    Праваабарончы цэнтр “Вясна”
    Lawtrend
    Беларуская асацыяцыя журналістаў
    Беларускі Хельсінкскі Камітэт
    Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
    Тутэйшы Тэатр
    Fun­dac­ja Tuta­ka, Paweł Stana Stankiewicz
    Беларуская Рада культуры
    Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”
    Фундацыя “Дом творцаў”
    Sto­warzysze­nie Cza­bor
    Крысціна Дробыш, аўдыявыдаўца
    Belaru­sis­che Gemein­schaft Razam e. V.
    Razamkun­st 
    Выдавецтва Сведкі
    Guten­berg Pub­lish­er
    hochroth Min­sk
    Fun­dac­ja RozUM Media
    Фонд Kamunikat.org
    Skary­na Press
    Grun­wald Pub­lish­ing

     

    Дадатковая інфармацыя

    Каб даведацца больш пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра сітуацыю з  правамі чалавека ў сферы культуры і культурнымі правамі, калі ласка, націсніце тут.

    Калі вы хочаце далучыцца да гэтай заявы, напішыце на адрас info@penbelarus.org  назву арганізацыі, якую вы ўпаўнаважаныя прадстаўляць.

    [1] https://penbelarus.org/2026/02/23/sajt-i-staronki-u-saczsetkah-belaruskaga-pena-abveshchanyya-ekstremisczkimi.html

    [2] https://penbelarus.org/2026/03/02/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15–28-lyutaga-2026-goda.html

    [3] https://penbelarus.org/2026/03/02/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15–28-lyutaga-2026-goda.html

    [4] https://penbelarus.org/2026/03/04/belaruski-pen-pryznany-ekstremisczkim-farmavannem.html

    [5] https://www.mvd.gov.by/ru/news/8642

    [6] https://spring96.org/be/news/119818

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.