«Тут няма нічога канспіратыўнага». Ганна Любакова – пра вяртанне на «Белсат» і пра кнігу аб Беларусі, якую піша ў Парыжы
Знаная беларуская журналістка, палітычны аналітык Atlantic Council Ганна Любакова вяртаецца на «Белсат» як вядоўца праграмы «Агора. Беларускі вектар». У размове з «Белсатам» яна апавяла, чаму яе зацікавіў праект, якіх гасцей запрасіла на лютаўскае выданне «Агоры», а таксама пацвердзіла, што піша ў Парыжы кнігу пра Беларусь.

Вядоўца праграмы «Агора. Беларускі вектар» Ганна Любакова. Скрыншот: Белсат
– Я спадзяюся, гэта будзе вяртаннем. Я правяду ў Бруселі першае выданне, а там пабачым, як усё будзе развівацца.
Што да канкрэтных прычынаў, чаму я ўзялася за гэты праект, то тут няма нічога канспіратыўнага – проста здарыўся фармат, праект, ідэя, якая мне вельмі цікавая і да якой я радая далучыцца.
Апошнія гады я пішу ў асноўным для англійскамоўных выданняў. Мая мэта – пашыраць веды пра Беларусь менавіта сярод замежнікаў. Беларускія журналісты і журналісткі робяць выдатную працу, але, скажам так, на міжнародным узроўні галасоў недастаткова, таму я свой час пастанавіла прысвяціць менавіта гэтаму. Працую ў амерыканскім аналітычным цэнтры Atlantic Council як запрошаная старэйшая супрацоўніца і пішу для англійскамоўных выданняў.
І тут паступіла прапанова весці дыскусію па-англійску ў Еўрапарламенце з еўрапейскімі дэпутатамі, экспертамі. І для мяне ў гэтым ёсць два цікавыя аспекты. Гэта магчымасць, па-першае, задаваць пытанні еўрапейцам пра Беларусь, то бок, скажам так, прымушаць іх думаць пра Беларусь. А па-другое, паказваць беларусам і тлумачыць ім, што Еўропа думае пра нас, як бачыць магчымыя змены ў Беларусі, як бачыць саміх беларусаў. Такія дзве мэты. І яны вельмі мне падабаюцца. Так супала. І вось такім чынам я апынулася ў праекце.
«2020 год больше не интересует западные СМИ». Как белорусская журналистка строит карьеру в Лондоне
«Галоўная тэма – чацвёртая гадавіна пачатку вайны ва Украіне»
– Першае выданне «Агоры» з’явілася на «Белсаце» сёлета ў студзені, яго вёў Алесь Сіліч. Нагадайце, калі ласка, чытачам, у чым асаблівасць праграмы і яе канцэпцыі.
– Гэта дыскусіі, якія будуць адбывацца, прынамсі так плануем, раз на месяц – з удзелам еўрадэпутатаў і запрошанай ці запрошанага беларускага эксперта. У студзеньскім выданні быў шэраг блокаў, у тым ліку пра падзеі ў Венесуэле.
Гэтым разам я планую сфакусавацца на ўгодках пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, на ролі рэжыму ў Беларусі ў гэтай вайне. Паспрабуем таксама гаварыць пра магчымыя сцэнары: як гэта можа выглядаць для нашай краіны, калі будуць мірныя перамовы, і што беларусы думаюць пра гэта. А таксама – як у Еўропе ўспрымаюць нашую краіну. Карацей, будзем зыходзіць з геапалітычных падзеяў, якія адбываюцца, рабіць рэлевантнаю нашую краіну для гэтых падзеяў. І еўрапейцы будуць выказвацца на гэтую тэму.
– Хто будзе выказвацца ў лютым на «Агоры»? Каго вы запрасілі для ўдзелу ў дыскусіі?
– Запрошаныя еўрадэпутатка і былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічыене, еўрадэпутат з Польшчы і былы еўракамісар аб еўрапейскім бюджэце Януш Левандоўскі. Удзел у дыскусіі возьме таксама беларуская экспертка Ганна Штале, якая жыве ў Еўропе.
– Як я разумею, вы запрасілі еўрадэпутатаў адной партыі – хадэкаў. Чаму так?
– Добрая заўвага, але мы на гэты момант моцна не факусуемся на рознапартыйнасці. Засяроджваемся на краінах. А Літва і Польшча – важныя краіны, калі казаць сёння пра Украіну.
– Якія найважнейшыя пытанні і тэмы паспрабуеце агораць на белсатаўскай «Агоры»?
– Як я ўжо сказала, галоўная тэма – чацвёртая гадавіна пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Але цікава будзе паразмаўляць, напрыклад, і пра тое, чаму Лукашэнку запрасілі на Раду міру. Ён не паехаў, але цікава, як еўрапейцы глядзяць на пытанне патэнцыйнага выхаду Лукашэнкі з ізаляцыі, бо еўрапейская палітыка ў гэтым пытанні адрозная ад амерыканскай. Цікава было б спытаць таксама, чаму еўрапейцы не здолелі дамовіцца ў пытанні фіналізацыі 20-га пакету санкцыяў супраць Расеі, якія закранулі б і беларускія кампаніі. Ці азначае гэта, што ў Еўропе няма адзінства?
Ну і паколькі будуць парламентары з Польшчы і Літвы, я, канечне, спытаю, пра гібрыдны ціск з боку Менску. Якія могуць быць захады ў адказ? І, адпаведна, Ганна Штале будзе беларускім голасам, які зможа зрабіць reality check. Што думаюць пра гэта беларусы? Магчыма, не будзем моцна факусавацца на будучым візіце Святланы Ціханоўскай у Кіеў, спадзяемся, што ён адбудзецца. Але, можа быць, я таксама пра гэта спытаю, калі зойдзе гаворка пра змену ўкраінскага падыходу да дэмакратычнай Беларусі.

Еўрадэпутатка і былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічыене, экспертка Ганна Штале, вядоўца праграмы Ганна Любакова і еўрадэпутат з Польшчы ды былы еўракамісар у справе еўрапейскага бюджэту Януш Левандоўскі. Скрыншот: Белсат
«Тэма Беларусі не палярызуе, а яднае»
– Бачанне беларускай сітуацыі ў Еўропе салідарнае ці ўсё ж існуюць розныя полюсы?
– Думаю, у цэлым сёння трэба змагацца за тое, каб у еўрапейцаў былі веды пра Беларусь і агулам увага да яе – да полюсаў тут яшчэ не дайшло. Увогуле ж тэма Беларусі не падзяляе і не палярызуе, а, наадварот, яднае. Тут ясна, дзе чорнае, а дзе белае, і ясна, што Лукашэнка – суагрэсар.
Я заўважыла, дарэчы: не зважаючы на тое, што адбываецца з боку Амерыкі – візіты ці зняцце пэўных санкцыяў, – у еўрапейцаў з часам усё большае разуменне таго, што Лукашэнка – суагрэсар.
З самага пачатку, калі ракеты ляцелі з тэрыторыі Беларусі, яны маглі казаць, што, маўляў, ён жа войскаў не пасылаў. Але цяпер, пад уплывам, можа быць, звестак пра «Арэшнік» і ядравую зброю, разуменне, што Лукашэнка далей упісваецца ў вайну, толькі ўзмацняецца. А тым, хто такога разумення не мае, трэба тлумачыць: змена стратэгіі ў плане зняцця санкцыяў ці нейкай легітымізацыі рэжыму – гэта не новая стратэгія, гэта тое, што было мноства разоў і што таксама нічога не змяніла.
Анна Любакова: О Беларуси говорить стало намного сложнее, интерес к ней упал
– Ганна, вы кажаце, еўрапейцы разумеюць ужо, што Лукашэнка – суагрэсар, а ці ведаюць яны, што ён працягвае быць тыранам і катам уласнага народу, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, хоць пайшоў ужо шосты год пасля пратэстаў?
– Думаю, і журналісты, і грамадзянская супольнасць, і праваабаронцы, і дэмсілы – усе апавядаюць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца. Але зацікаўленасць зменшылася. Некаторыя еўрапейскія палітыкі забылі нават аб пратэстах у 2020 годзе, бо мінула больш за 5 гадоў, а гэта «вельмі даўно» ў палітычным жыцці – адбыліся новыя выбары, прыйшлі новыя палітыкі.
У гэтай сітуацыі цяжка ўтрымаць пераемнасць ведаў і інфармацыі. З падзеннем зацікаўленасці спадае інфармаванасць. І тут ізноў жа шмат чаго залежыць ад нас, ад нашых публікацыяў і ад таго, як мы прабіваемся з гэтай інфармацыяй. Гэта трэба рабіць болей. На фоне падзеяў ва Украіне, у Газе, Іране, Афрыцы апавядаць пра Беларусь стала яшчэ складаней. Але мусім гэта рабіць, каб разбураць уяўленне, што ў Беларусі «ўсё супакоілася».
«Кніга пра людзей, заснаваная на маіх інтэрвʼю»
– Апавядаць пра Беларусь складана, але, наколькі я ведаю, вы пішаце ў Парыжы кніжку пра Беларусь. Калі гэта праўда, раскажыце троху пра яе.
– Гэта праўда. Але я ўпершыню буду пра гэта казаць, бо да гэтага старалася не «паліцца» і з гэтым нікуды не выходзіць. Так, я ў Парыжы на часовай рэзідэнцыі і канцэнтруюся на сваёй кнізе, якую пачала пісаць яшчэ некалькі гадоў таму, але праз нястачу вольнага часу вымушаная была ўсё адкладаць і адкладаць працяг працы. А цяпер ужо настаў такі момант, калі адкладаць далей проста сорамна. Трэба зірнуць у люстэрка, сесці за стол і пісаць. Вось гэтым і займаюся.
Кніга па-англійску пра Беларусь, пра падзеі 2020 года і тое, што адбываецца з намі пасля 2020-га. І галоўны аспект – людзі. То бок гэта не аналітыка і не гістарычная кніга. Ясна, што там будуць элементы рэпартажу, але перадусім гэта кніга пра людзей, заснаваная на маіх інтэрвʼю. На жаль, ёсць героі, якія ўжо сышлі ад нас. Ёсць чалавек, які браў удзел у пратэстах, паехаў на вайну і там, ваюючы на баку Украіны, загінуў. Таму напісаць гэтую кнігу робіцца яшчэ важней для мяне. Апавесці гэтую гісторыю свету як сведчанне эпохі і падзеяў апошніх пяці гадоў.
– Чакаем кнігу і зычым вам творчых поспехаў і цікавых дыскусіяў на «Агоры!
Праграму «Агора. Беларускі вектар» з Ганнаю Любаковай у якасці вядоўцы глядзіце на «Белсаце» 27 лютага ў межах вечаровай «Студыі» а 20:20.
@bajmedia