Кацярына Ваданосава ахвяравала 10 тысяч еўра на збор для палітвязняў
Спявачка і тэлевядоўца Кацярына Ваданосава паўдзельнічала ў тэрміновым зборы BYSOL для вызваленых 19 сакавіка палітвязняў.

Кацярына Ваданосава. Фота: Настасся Уткіна / MOST
Кацярына ахвяравала фонду 10 тысяч еўра. Гэты ўнёсак істотна папоўніў збор: дзякуючы яму сума перавысіла 100 тысяч еўра. Усяго BYSOL планаваў сабраць 250 тысяч еўра на дапамогу беларускім палітзняволеным, якія выйшлі на волю пасля перамоваў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з беларускім рэжымам.
У ліку 250 памілаваных 19 сакавіка — некалькі незалежных журналістаў
Такім чынам Кацярына Ваданосава вырашыла выкарыстаць грошы, якія ў яе засталіся ад ўласнага збору BYSOL. Ён быў адкрыты на лячэнне маці вядоўцы, Нэлі Ваданосавай. Але тая памерла пасля інсульту. Частка сабранай сумы пайшла на пахаванне і помнік. Яшчэ частку планавалі аддаць шпіталю за медычныя паслугі, бо з‑за бюракратычных праблемаў Нэлі Ваданосава не магла карыстацца страхоўкай. Аднак сям’і удалося даказаць памылку, і рахунак будзе аплочаны дзяржавай, распавяла Кацярына Ваданосава на сваёй старонцы ў Facebook.
«Некалькі дзён таму, дзякуючы дапамозе адной цудоўнай адвакаткі, якая бясплатна кансультавала мяне і падтрымлівала (яна папрасіла захаваць яе ананімнасць), а таксама дзякуючы садзейнічанню Fundacja OKNO NA WSCHÓD і дапамозе Pavel Latushka ды яго каманды, мне прыйшоў адказ наконт аплаты рахунка за шпіталь. Я нічога не мушу плаціць. Усе выдаткі мусіць пакрыць «Петра Медыка» — медцэнтр, які апякуецца ўцекачамі на міжнароднай ахове», — напісала Кацярына Ваданосава.
У сваім зборы Кацярына дэкларавала, што, калі не ўсе сродкі будуць выкарыстаныя, то яна ахвяруе іх на іншыя зборы. З сабранай сумы засталося 10 тыс еўра, і менавіта іх беларуска пералічыла на экстраны збор для вызваленых палітвязняў.
«Дзякуй усім, хто дапамог мне ў гэтай бядзе, у гэтыя дні. Тое, што збор [для маці] быў закрыты за тры дні, дало мне вялікую падтрымку і сілы. Спадзяюся, што сваім учынкам я нікога не пакрыўдзіла. Мне падаецца, мама была б радая. Дзякуй. Сёння я нарэшце магу пачынаць плакаць і дыхаць крышку вальней, і гэта добра», — дадала Кацярына.
@bajmedia