• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу Ларысы Шчыраковай на выгнанне з Беларусі

    Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын 24 лютага зарэгістраваў скаргу былой палітзняволенай, журналісткі Ларысы Шчараковай на прымусовае выдварэнне з Беларусі, паведаміў у Face­book праваабаронца, таксама былы палітвязень Леанід Судаленка.

    скарга Ларысы Шчыраковай у ААН

    Ларыса Шчыракова і Леанід Судаленка. Фота: фэйсбук-акаўнт Леаніда Судаленкі

    У скарзе “паставілі пытанне пра тое, ці можа дзяржава распараджацца лёсам сваіх грамадзян як прадметам палітычных дамоўленасцяў і называць выгнанне “вызваленнем”, адзначыў праваабаронца.

    “Былую палітзняволеную, журналістку Ларысу Шчыракову вывезлі з папраўчай калоніі за некалькі месяцаў да заканчэння тэрміну. Заканадаўства Беларусі не прадугледжвае выдварэнне сваіх грамадзян. Не было рашэння суда аб вызваленні, як і рашэння аб выдварэнні. Не было права на абскарджванне. Фактычна пазбаўленне волі было спынена праз прымусовае выгнанне”, — напісаў Судаленка.

    Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў жанчыны засталіся пажылы бацька і сын, падчас зняволення памерла маці. Клопат пра ўнука на сябе прыйшлось браць 90-гадоваму дзядуле.

    Пасля вывазу Шчаракова атрымала ў Літве гуманітарную візу на адзін год. Афіцыйны запыт аб прававым статусе і праве на вяртанне на радзіму беларускія органы ігнаруюць, адзначыў праваабаронца.

    Гомельскі абласны суд 31 жніўня 2023 года прыгаварыў Шчыракову да 3,5 года пазбаўлення волі па арт. 369¹ (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і 2 арт. 361⁴ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Мікалай Доля разглядаў справу з 27 ліпеня ў закрытым рэжыме.

    9 жніўня 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем” “Гомельскую вясну” — рэгіянальнае аддзяленне праваабарончага цэнтра “Вясна”. Да ўдзельнікаў гэтай групы ведамства аднесла Шчыракову.

    “Гомельская Вясна” 15 жніўня таго ж года падкрэсліла, што Шчыракова спыніла займацца журналістыкай, занялася фотамастацтвам і вучылася на псіхолага.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў асудзіла вырак, назваўшы яго “чарговай расправай і помстай журналістам”.

    Шчыракова была затрыманая 6 снежня 2022 года. Яе сына Святаслава, якому на той момант было 15 гадоў, змясцілі ў гомельскі прытулак. Бацька, які прыехаў з Расіі, змог забраць падлетка на пяты дзень пасля звароту ва ўстанову. Яму не дазвалялі сустрэцца з сынам, запатрабаваўшы шэраг дакументаў, у тым ліку даведку з працы. Акрамя таго, бацька як грамадзянін РФ павінен быў аформіць рэгістрацыю ў Беларусі.

    Да 2021 года Шчыракова супрацоўнічала з незалежнымі СМІ. Пасля яна публічна заявіла пра зыход з журналістыкі і пераключылася на этнаграфічныя фотасесіі.

    У верасні 2024 года, знаходзячыся ў зняволенні, Шчыракова стала лаўрэатам прэміі Free Media Awards. Нарвежскі фонд Fritt Ord Foun­da­tion, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў узнагароды, адзначаў, што Шчыракова ўганараваная прэміяй “за сваю доблесную і незалежную дзейнасць у Беларусі”.

    Вызваленая 11 верасня 2025 года і прымусова вывезеная ў Літву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.