У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі лагатып «у выглядзе тэлевізара з ротам і вачыма»
10 сакавіка на сайце Міністэрства інфармацыі папоўнілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У яго, паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 6 сакавіка 2026 года, уключылі «лагатып у выглядзе тэлевізара з ротам і вачыма на фоне агню». Гэта лагатып ТіkТok-акаўнта з назвай «Беларусь life». Сам відэарэсурс з беларускімі навінамі прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» раней — 23 лютага адпаведнае рашэнне прыняў суд Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Цяпер лагатып старонкі прызнаны «экстрэмісцкім» асобна.
У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма трапіла публіцыстычнае выданне «Дзённікі супрацоўніка НКУС: дакументальнае выкрыццё сталінізму» журналісткі і пісьменніцы Настассі Зелянковай. Праўда, на сайце ведамства прозвішча аўтаркі чамусьці пазначанае як «Зелянкоўская».
Кніга была выдадзеная ў 2019 годзе, журналістка пабудавала яе на матэрыялах дзённікавых запісаў супрацоўніка НКУС Іосіфа Ятчэні. Прызнаў кнігу «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Партызанскага раёна Мінска рашэннем ад 6 сакавіка 2026 года.
Рашэннем суда Ленінскага раёна Магілёва ад 6 сакавіка 2026 года «экстрэмісцкімі» прызнаныя Telegram-чат з назвай «Новы Час Chat» і Telegram-бот з назвай «Новы Час Online» (ідэнтыфікатар @novychas_bot). Абодва звязаныя з незалежным беларускім анлайн-медыя «Новы Час», іншыя інтэрнэт-рэсурсы якога прызнаваліся «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» у 2023–24 гадах.
@bajmedia