• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Камісія: Пры публікацыі матэрыялу Валера Руселіка «Новы час» дапусціў парушэнне этыкі

    ПАСТАНОВА

    Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 30 лістапада 2017 года.

    Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай, Андрэя Пачобута разглядзела заяву сп. Валера Руселіка наконт публікацыі ў «Новым часе» яго артыкула “Вейшнорыя: смех скрозь слёзы”.

    Заяўнік просіць Камісію даць экспертную ацэнку сітуацыі з прадмовай, якую рэдакцыя зрабіла да дадзенага артыкула:

    “Ад рэдакцыі. Мы вагаліся, ці даваць гэтыя развагі на суд чытачоў. Шмат што ў іх нам падалося прыцягнутым за вушы ці проста значна перабольшаным. Але, магчыма, для кагосьці гэта меркаванне падасца вельмі блізкім, сугучным уласным думкам і перасцярогам. Таму чакаем вашых водгукаў”.

    Выраз “Шмат што ў іх нам падалося прыцягнутым за вушы ці проста значна перабольшаным” абурае заяўніка. Ён лічыць, што аўтарскія матэрыялы можна змяшчаць у межах дыскусіі альбо не змяшчаць зусім. Але не трэба аўтара абражаць.

    Заяўнік звяртаўся ў рэдакцыю з просьбай выдаліць матэрыял з сайту наогул, каб пазбегнуць канфлікту. Але гэта зроблена не было.

    Камісія адзначае, што на самой справе, на сайце выдання «Новы час» быў апублікаваны артыкул «Вейшнорыя: смех скрозь слёзы», які з’яўляецца скарочанай версіяй ранейшага допісу Руселіка ў фэйсбуку. І, на самой справе, згаданая вышэй прадмова там прысутнічае. На думку рэдакцыі, выказаную ў гутарцы рэдактарам выдання Аксанай Колб, нічога абражальнага там няма, тым болей, што ў прадмове ўжыты тэрмін “падалося”. То бок, рэдакцыя нічога не сцвярджае.

    Камісія не лічыць магчымым дыктаваць калегам метады работы з крыніцамі інфармацыі. Але звяртае ўвагу на тое, што Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі БАЖ заклікае “Паважаць іншыя погляды і меркаванні, спрыяць шырокай грамадскай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі”.

    А таксама Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ прапануе “Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе”.

    Камісія лічыць, што калі рэдакцыю не задавальняе якасць аўтарскай аргументацыі (…факты, “прыцягнутыя за вушы”), то лагічна было б ці папрасіць аўтара дапрацаваць матэрыял, ці не друкаваць яго.

    Камісія пастанаўляе:

    Пры публікацыі прадмовы да матэрыялу Валера Руселіка «Вейшнорыя: смех скрозь слёзы» рэдакцыяй выдання “Новы час” дапушчаны парушэнні прафесійнай этыкі.

     

    Старшыня Камісіі                          Анатоль Гуляеў

    Сакратар Камісіі                            Таццяна Равяка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Вольнае слова-25»: хто стаў пераможцам? Павіншуйце лаўрэатаў!

    Сёння ў Вільні ізноў сабраліся журналісты, каб павіншаваць пераможцаў конкурсу «Вольнае слова», на якім штогод вызначаюць прафесійна дасканалыя тэксты нашых суайчыннікаў. Нагадаем, што апошнія тры гады творчае спаборніцтва праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. 
    16.09.2025
    Акцэнты

    «Магчымасць пагаварыць у фармаце «без гальштукаў». БАЖ правёў МедыяКэмп ШМАТ ФОТА

    Больш за 30 беларускіх медыйшчыкаў і медыйшчыц з’ехаліся пад Коўна, каб абмеркаваць надзённыя праблемы, набыць новыя веды, досвед і знаёмствы ў тэматычным МедыяКэмпе «За Кадрам».
    21.07.2025
    Акцэнты

    З’езд ЕФЖ выказаў салідарнасць са зняволенымі беларускімі журналістамі

    Удзельнікі з’езда Еўрапейскай федэрацыі журналістаў у Будапешце — лідары і прадстаўнікі 58-мі журналісцкіх саюзаў і асацыяцый — зладзілі акт салідарнасці з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі медыя ў беларускіх турмах.
    02.06.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.