Падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай журналіста Паўла Дабравольскага
Паводле звестак «Позірку», тэрмін утрымання пад вартай журналіста Паўла Дабравольскага падоўжаны да 22 снежня.

Павел Дабравольскі ў аргенцінскай Кардове. Фота: інстаграм
Такім чынам, агульны тэрмін зняволення складзе мінімум 11 месяцаў.
Дабравольскі быў затрыманы 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя. Абвінавачваецца ў “здрадзе дзяржаве” (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
26 жніўня праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітвязнем.
Паводле наяўнай інфармацыі, абвінавачанне звязанае з прафесійнай дзейнасцю журналіста, які раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Апошняе месца працы Дабравольскага ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем“.
30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.
Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Ірану і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе на яго напалі рабаўнікі. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.
Акаўнт журналіста ў “Тэлеграме” мінімум тройчы актываваўся пасля яго арышту — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер яго акаўнта ў месенджары няма.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.
@bajmedia