• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У ліку 250 памілаваных 19 сакавіка — некалькі незалежных журналістаў

    Пасля візіту ў Мінск 19 сакавіка Джона Коўла — спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША, беларускія ўлады паведамілі пра вызваленне 250 палітзняволеных. З іх 15 чалавек былі вывезеныя ў той жа дзень у Літву, 235 застаюцца ў Беларусі. Інфармацыя пра вызваленне апошніх удакладняецца.

    Першы здымак палітзняволеных пасля вызвалення. Беларуска-літоўская мяжа, 19 сакавіна 2026 года. Фота: з акаўнта Джона Коўла ў сацсетцы X

    Вядома, што ў ліку тых, каго датэрмінова вызвалілі і дэпартавалі, — журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева), блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова і Настасся Лойка.

    Эдуард Пальчыс многім вядомы яшчэ з часоў блогу 1863x.com, які ён вёў пад псеўданімам Джон Сільвер. Увосень 2020 года блогер быў арыштаваны. Яму інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса: «распальванне варожасці», «арганізацыю масавых беспарадкаў», «грубае парушэнне грамадскага парадку» і «заклікі да санкцый». У снежні 2021 года суд прызначыў яму 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і абавязаў выплаціць 575 тысяч рублёў на карысць прадпрыемстваў: «Мінсктурыст», «Мінсктранс», «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама», «Спецкамунаўтатранс» і «Мінскзелянбуд». На думку суда, Пальчыс нанёс ім маёмасную шкоду сваімі дзеяннямі.

    Кацярына Бахвалава (Андрэева)  і відэааператарка Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года ў шматпавярховіку на вядомай «Плошчы Перамен» у Мінску, калі ў жывым эфіры асвятлялі вулічную акцыю памяці забітага Рамана Бандарэнкі для тэлеканада «Белсат». 18 лютага 2021 года кожную з журналістак асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі. Дар’я Чульцова ўжо выйшла з‑за кратаў, а Кацярыну ў ліпені 2022 года асудзілі яшчэ раз — ужо на 8 гадоў калоніі. Увесь гэты час Кацярына Андрэева знаходзілася ў калоніі № 4 Гомеля.

    Кацярына Андрэева

    Кацярына Андрэева разам з каляжанкай Алінай Коўшык. Вільня, 19 красавіка 2026 года. Фота: БАЖ

    Валянцін Стэфановіч — намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» і сябра БАЖ. 3 сакавіка 2023 года суд прызначыў яму 9 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у кантрабандзе грашовых сродкаў і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.  За кратамі Валянцін адбыў 1709 дзён.

    19 сакавіка пасля візіту ў Мінск Джона Коўла таксама выпусцілі на волю праваабаронцаў Марфу Рабкову і Настассю Лойка. 

    Валянцін Стэфановіч

    Намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч у першыя хвіліны свайго прыезду ў Вільню пасля вызвалення з‑за кратаў. 19 красавіка 2026 года. Фота: БАЖ

    Частка журналістаў, імёны якіх ёсць у спісе памілаваных 19 сакавіка, застаецца ў Беларусі — іх беларускія ўлады не дэпартавалі. Чакаем пацверджання інфармацыі пра іх вызваленне.

    Дзмітрый Наважылаў — былы дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, фігурант крымінальнай справы, распачатай супраць супрацоўнікаў медыя. Быў затрыманы 18 жніўня 2021 года.  6 кастрычніка 2022 года Наважылава асудзілі да 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361–1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).

    Алег Супрунюк — журналіст з Брэста, якога затрымалі ў студзені 2025 года. 7 месяцаў ён правёў у СІЗА,  8 жніўня 2025 года ён быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму. Суд  прызнаў яго вінаватым ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (паводле ч. 3 арт. 361–1 КК РБ).

    Аляксандр Марчанка — спецыяліст па рэкламе, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім». Адразу па затрыманні 19 кастрычніка 2023 года ён адбыў і два адміністрацыйныя арышты па 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Пакуль мужчына знаходзіўся пад арыштам, сілавікі знайшлі падставы для крымінальнага пераследу, яго звінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат».

    Валерыя Касцюгова — медыяэкспертка, асуджаная да 10 гадоў пазбаўлення волі. Жанчына была затрыманая 30 чэрвеня 2021 года ў сваёй кватэры ў Мінску супрацоўнікамі КДБ. Разам з ёй затрымалі мужа-аналітыка і бацьку-інваліда. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі. Мужчын пасля допыту адпусцілі, а Валерыя апынулася ў сталічным СІЗА № 1. 17 сакавіка 2023 года суд прызнаў яе вінаватай паводле часткі 1 артыкула 357 КК РБ (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), часткі 3 артыкула 361 КК РБ (заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), часткі 3 артыкула 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

    Антон Казельскі — былы аператар тэлеканала АНТ. У траўні 2024 года ён быў асуджаны паводле двух артыкулаў — «заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). За  некалькі каментароў у Telegram Казельскага асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

    Камертар старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў

    Андрэй Бастунец падкрэсліў, што ён адчуваю дваякія пачуцці: 

    — З аднаго боку я вельмі рады, што нашы сябры, нашы калегі выйшлі з‑за кратаў. Мы пакуль не ведаем дакладную колькасць і ўсе прозвішчы вызваленых. Спадзяюся, што працэс вызвалення будзе працягвацца.

    Але сёння мы не можам, не маем права забываць пра калег, якія застаюцца за кратамі. Пра ўсіх палітычных вязняў. Літаральна некалькі тыдняў некалькі нашых калег былі асуджаныя на вялізныя турэмныя тэрміны: 9, 12, 14 гадоў.

    Гэта паказвае, сітуацыя ў Беларусі не становіцца лепш. Хацелася, каб дзеянні ўладаў былі паслядоўнымі , тычыліся вызвалення ўсіх вязняў і ўсіх журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.