• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як і чаму радыё ў Швецыі загаварыла па-беларуску

    Ці ведалі вы, што ў нядаўнім мінулым «Радыё Швецыі» вяшчала па-беларуску? «Салідарнасць» расказвае, як так адбылося – у некалькіх фактах.

     радыё Швецыі па-беларуску

    Фота: Sveriges Radio

    «Радыё Швецыі» — тое самае радыё, якое першым у свеце паведаміла пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

    Для пачатку трошкі гісторыі. Датай заснавання «Радыё Швецыі» лічыцца 1924 год. Да канца 1970‑х кампанія адказвала не толькі за радыё, але і за тэлевізійнае вяшчанне ў краіне.

    26 красавіка 1986-га «Радыё Швецыі» першым у свеце паведаміла пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС — гэтую інфармацыю ўлады СССР ад сваіх грамадзян хавалі. Навіна дайшла да беларусаў праз заходнія радыёстанцыі.

    Замежнае вяшчанне «Радыё Швецыі» пачало ў 1938‑м – для інфармавання шведаў за мяжой. Затым узніклі службы на іншых мовах – з канца 1960‑х існавала, напрыклад, руская служба «Радыё Швецыі».

    Беларускую службу адкрылі для падтрымкі развіцця дэмакратыі і правоў чалавека

    Першая праграма на беларускай мове выйшла ў эфір 7 лістапада 2004-га. Адкрыццё беларускай службы адбывалася ў кантэксце пашырэння еўрапейскай інфармацыйнай падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Праект фінансаваўся Шведскім агенцтвам па міжнародным супрацоўніцтве SIDA.

    Беларускія праграмы выходзілі 4 разы на тыдзень (з суботы па аўторак): яны давалі сваім слухачам незалежную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, а таксама расказвалі пра розныя сферы жыцця ў Швецыі.

    Вяшчанне вялося на кароткіх хвалях. Паводле апытання НІСЭПІ, беларускую службу «Радыё Швецыі» слухалі ў Беларусі каля 140 тысяч чалавек.

    Вільня: пераплеценыя лёсы. Экскурсія па журналісцкіх мясцінах горада

    Стваральнікам беларускай службы «Радыё Швецыі» быў Дзмітрый Плакс

    Літаратар і перакладчык Дзмітрый Плакс эміграваў з Беларусі ў Швецыю ў 1997 годзе. Там ён пачаў супрацоўнічаць з службай замежнага вяшчання «Радыё Швецыі».

    — Я працаваў для рускай праграмы «Радыё Швецыі», і ад самага пачатку ў мяне ўзнікла ідэя, што калі ёсць руская – чаму б не зрабіць і беларускую?! — расказваў Дзмітрый Плакс пра сваю ініцыятыву.

    Кіраўніцтва яе патрымала, паколькі ў 2004‑м Еўрасаюз стаў межаваць з Беларуссю.

    Дмітрый Плакс у 2012 годзе

    Дзмітрый Плакс стаў адным з двух пастаянных супрацоўнікаў беларускай службы. Ён узгадваў:

    – Наша рэдакцыя была нечым кшталту альтэрнатыўнай беларускай амбасады. Амаль усе дзеячы, якія прыязджалі сюды не па дзяржаўнай лініі, ішлі да нас.

    Беларуская служба «Радыё Швецыі» вяшчала 5 гадоў 

    Праект быў закрыты 1 верасня 2009 года па рашэнні кіраўніцтва, якое істотна перафарматавала працу замежнай рэдакцыі. Сёння «Radio Swe­den» выпускае навіны і падкасты на некалькіх мовах, але арыентуецца на інтэграцыю прыезджых, таму сярод моваў радыё – арабская, курдская, самаліская і інш.

    Дмітрый Плакс пасля гэтага працаваў у якасці драматурга ў Радыётэатры Шведскага нацыянальнага радыё, у 2022‑м узначаліў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

    Няхай беларускай службы даўно няма, але яна застанецца ў гісторыі ўнікальным праектам па падтрымцы беларусаў. І сёння «Радыё Швецыі» працягвае інфармаваць сваіх слухачоў пра падзеі ў Беларусі.

    Гісторыя «Радыё Свабода» ў будынках: ад Мюнхена да Прагі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.