Супраць журналісткі Ірыны Халіп распачалі крымінальную справу па «экстрэмісцкім» артыкуле
Журналістка Ірына Халіп, якая жыве ў вымушанай эміграцыі і працуе спецыяльнай карэспандэнткай анлайн-выдання «Новая газета Европа», даведалася пра гэта ад бацькоў. Да іх у Мінску 27 лістапада прыйшлі з ператрусам сілавікі.

Ірына Халіп. Выява: скрыншот праграмы ТОК Настассі Роўды
Пра гэта Ірына Халіп паведаміла ўвечары 27 лістапада на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле допісу журналісткі, з пастановы на ператрус вынікала, што ён праводзіцца ў межах крымінальнай справы, распачатай пракуратурай горада Наваполацка па экстрэмісцкім артыкуле. Па якім дакладна артыкуле пераследуюць — пазначана не было.
Таксама міліцыянты дапыталі 89-гадовую маці журналісткі Люцыну Бяльзацкую. Іх цікавіла, дзе знаходзіцца Ірына, прасілі даць яе нумар тэлефона.
Паколькі журналістка даўно не жыве ў кватэры бацькоў, то ніякіх яе асабістых рэчаў або чагосьці, звязанага з яе працай, там не знайшлі.
Распавядаючы на старонцы novayagazeta.eu пра ператрус у бацькоўскай кватэры журналістка зазаначае: «Гэта абсалютна дакладны сігнал: памятай, што ў цябе ёсць сям’я ў Беларусі, перш чым узводзіць паклёп на наш квітнеючы рэжым. Такога роду сігналы любяць дасылаць дыктатарскія рэжымы ва ўсім свеце. Так што памылкова сцвярджаць, што чалавек, які паспеў бегчы з краіны, ужо недасягальны. Тыя, у каго застаюцца закладнікі ў краіне зыходу, гэтак жа ўразлівыя, ведаючы, што не могуць засцерагчы ад пераследу сваіх блізкіх».
Ірына Халіп — вядомая беларуская журналістка, жонка палітыка, экс-дыпламата Андрэя Саннікава.
@bajmedia