За некалькі дзён быў закрыты збор для сям’і Дзяніса Сакалоўскага
На мінулым тыдні BYSOL адкрываў збор, каб дапамагчы сям’і Дзяніса Сакалоўскага вырашыць юрыдычныя пытанні пасля раптоўнай смерці журналіста, а таксама арганізаваць яго транспартыроўку ў Беларусь, развітанне і пахаванне. 2 сакавіка неабходная сума была сабраная.

Дзяніс Сакалоўскі
Дзяніс быў адным з найлепшых аператараў не толькі Беларусі, але і рэгіёну. Больш за 10 гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, дзе рабіў значныя праекты. Шмат працаваў для замежных тэлеканалаў, такіх як ARD, ZDF, DW, Arte, mdr, TV France, Al Jazeera, Al Arabia, NRK, ABC (TV Australia).
У 2007 атрымаў трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы тэлеаператар Беларусі», а ў 2017 быў узнагароджаны «Тэлевяршыняй» як найлепшы аператар. Таксама меў шматлікія ўзнагароды на тэлевізійных каналах, як найлепшы аператар года.
Некалькі значных фільмаў Дзяніса, якія атрымалі ўзнагароды на міжнародных фестывалях: «Я, Андрэй Іванавіч» , «AWAKEN» , «Сестра Иоанна», «DEMIGOD».
У жніўні 2020 года Дзяніс далучыўся да страйку Белтэлерадыёкампаніі, дзе прыняў актыўны ўдзел. Быў затрыманы па справе «Прэс клуба». Палітвязня вызвалілі ў 2021‑м, але да канца мая 2022 года ён заставаўся пад мерай стрымання. З цяжкасцямі яму ўдалося выехаць за межы Беларусі. У вымушанай эміграцыі ў Берліне давялося працаваць і на будоўлі.
22 лютага 2026 года дачка Дзяніса Сакалоўскага Васіліна паведаміла пра раптоўную смерць бацькі.
@bajmedia