• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пасля 5 гадоў за кратамі вызвалілі і вывезлі ў Польшчу Анджэя Пачобута

    Паводле дзяржаўных медыяў, 28 красавіка каля 14 гадзін на дзяржаўнай мяжы паміж беларускім і польскім бакамі адбылася «аперацыя па абмене затрыманымі асобамі па формуле «пяць на пяць»». У выніку абмену быў вызвалены палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут. 

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут у першыя хвіліны на волі. 28 красавіка 2026 года. Памежжа Беларусі і Польшчы ля Белавежскай пушчы. Фота: Х польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска

    Паводле БелТА, «абмен затрыманымі 5х5» з’яўляецца «кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцыяй выведкі Польшчы, які ажыццяўляўся па прамым даручэнні прэзідэнта Беларусі».

    БелТА падкрэслівае, што Анджэя Пачобута ў ліку пяці палякаў, якіх вярнулі на радзіму, вызвалілі па асабістай просьбе да Аляксандра Лукашэнкі з боку маці зняволенага журналіста, а таксама Анжалікі Борыс, кіраўніцы Саюза палякаў у Беларусі.

    Распавядаем гісторыю пераследу палітзняволенага журналіста і тое, як над ім здзекваліся на працягу больш як пяці гадоў у зняволенні.

    Затрыманне і абвінавачанне

    Анджэй Пачобут быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 25 сакавіка 2021 года. У той жа дзень у Гродне па так званай «польскай справе» былі затрыманыя іншыя актывісты Саюза палякаў у Беларусі, да якога таксама належыць журналіст.

    Спачатку сілавікі правялі ў доме Пачобута ператрус, а потым яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта ў Мінску. Пасля допыту пакінулі пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага у Мінску.

    Там з 14 красавіка па 17 мая 2021 года Пачобута трымалі ў камеры, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання – у так званым калідоры смерці.

    Потым перавялі ў следчую турму № 8 у Жодзіна (Мінская вобласць), а адтуль пазней — у следчы ізалятар пры гродзенскай турме.

    Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 3 арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і ч. 3 арт. 130 — «Распальванне варожасці ці варажнечы».

    Пачобуту закідалі ў віну, што ён у публікацыях у медыях называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Таксама інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў польскім выданні Gaze­ta Wybor­cza пра беларускія пратэсты ў 2020‑м і тэкст у Mag­a­zyn Pol­s­ki, які быў напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

    31 сакавіка 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.

    Анджэй Пачобут

    Журналіст Анджэй Пачобут на паседжанні Гарадзенскага абласнога суда. 16 студзеня 2023. © Leonid Shcheglov/Pool via AP

    Увосень 2021 года Пачобуту прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмовіўся. Далей журналіст неаднаразова адхіляў прапановы аб вызваленні ў абмен на прашэнне аб памілаванні і ад’езд з Беларусі.

    Дэпутат Еўрапарламента Роберт Бедрань стаў сімвалічным хросным журналіста.

    Калонія: змушалі да працы з хворым сэрцам

    4 кастрычніка 2022 года КДБ унёс Пачобута ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Суд над Анджэем Пачобутам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Суддзя Дзмітрый Бубенчык вядомы сваімі палітычнымі прысудамі. Ён караў тэрмінамі людзей, якія асуджалі вайну ва Украіне, выказвалі нязгоду з рэжымам Лукашэнкі і гвалтам з боку сілавікоў да мірных грамадзянаў. Падставай для прысудаў ад 4 да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, якія выносіў суддзя, станавіліся каментары і рэпосты ў сацсетках.

    Пасля прысуду Пачобуту Польшча закрыла прапускны пункт на мяжы з Беларуссю «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца»).

    26 траўня 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

    23 чэрвеня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі унесла імя журналіста-палітвязня ў «Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Напрыканцы чэрвеня 2023 года Анджэй быў этапаваны ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку. Адразу ж пасля «каранціну» палітвязня змясцілі ў штрафны ізалятар з невядомых прычын, дзе ўтрымлівалі 30 сутак запар. Потым накіравалі працаваць на ачыстцы кабеляў ад ізаляцыі — здабычы медзі.

    З сярэдзіны жніўня 2023 года Пачобута шэсць месяцаў трымалі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Паводле інфармацыі з сацсетак родных журналіста, гэтае пакаранне яму прызначылі за адмову ад працы, якую яму нельга выконваць.

    «Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа знаходзіцца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш дасведчаны медык — лекар-тэрапеўт і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер падчас вымярэння ціску Анджэю не паказваюць лічбы», — пісала Аксана Пачобут, жонка палітвязня, у сацсетках у жніўні 2023 года.

    Амаль увесь час у ПКТ і ШІЗА

    У лютым 2024 года стала вядома, што Анджэй правёў 8 месяцаў у штрафным ізалятары. За той час яму не дазволілі ніводнага спаткання і ніводнай перадачы. Пра гэта стала вядома з допісу ў Face­book жонкі палітзняволенага журналіста.

    «Сёння роўна год, як агучылі прысуд на 8 гадоў зняволення для Анджэя. З тае пары, як ён паехаў адбываць пакаранне ў наваполацкую калонію, у яго не было ніводнага спаткання, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго», — напісала Аксана Пачобут 8 лютага 2024 года.

    Паводле звестак праваабаронцаў, практычна ўвесь час зняволення ў папраўчай калоніі № 1 Анджэя Пачобута трымалі ў ПКТ — то бок у турэмнай камеры. Пра гэта ж казалі вязні, якія сядзелі ў наваполацкай калоніі № 1 — што як толькі журналіста выпускалі адтуль пасля чарговага тэрміну «спагнання», то ў той жа дзень «прыпісвалі» новае парушэнне і вярталі ў ПКТ зноў.

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    У зняволенні ў журналіста абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі страўніка, у яго быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца.

    «Яго ўжо два гады трымаюць у рэжыме абсалютнага інкамунікада, пастаянна ўтрымліваюць у ПКТ. Няма перапіскі, няма магчымасці перадачаў. Невядома нават, ці ёсць у яго, прабачце, ніжняя бялізна, ці не», – распавядалі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

    «Мы не выбіраем час, у які жывем, але выбіраем, як нам жыць у той час»

    Увесь час зняволення Пачобуту былі забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзураваліся, блакавалася ліставанне журналіста з няпоўнагадовым сынам. Адвакаты журналіста маўчалі, баючыся быць пазбаўленымі ліцэнзіі.

    У адным са сваіх лістоў на волю Анджэй Пачобут напісаў:

    «Ідзе 17 месяц майго зняволення. Калі азіраюся назад, дык здаецца яшчэ нядаўна я быў у Жодзіна і пазнаваў, ці лепш сказаць знаёміўся, з «турэмнымі ўніверсітэтамі», а ўжо хутка канец следства і перадача справы ў суд. Хоць, канешне, я не маю ніякіх ілюзіяў наконт прысуду, але ўсё адно хочацца хутчэй мець гэта за сабой і ехаць у лагер. <…> настрой у мяне бадзёры, а натхненнем служаць лёсы людзей, якія сядзелі ў сталінскія часы. Шмат каго з іх я меў гонар ведаць асабіста. Цяпер узгадваю іхныя аповеды, і яны, шмат хто ўжо з таго свету, дадаюць мне веры, упэўненасці і аптымізму».

    У яшчэ адным з лістоў Пачобут распавядаў, што давала яму сілы трымацца:

    «Я думаю пра тых, хто сядзеў у гэтых сценах у 40–50‑я гады, і яны чакалі суда. Ім было цяжэй, у тыя гады гэта было сапраўднае пекла. Іх прыклад дае сілы. Мы не выбіраем час, у якім мы жывем, але мы выбіраем, як нам жыць у той час. Вядома, я ніколі не думаў, што гісторыя раптам стане такой небяспечнай, але рэчаіснасць заўсёды здзіўляе. У гэтым і заключаецца яе прыгажосць».

    Двойчы палітвязень

    Лукашэнка згадваў Пачобута напярэдадні 52-га дня народзінаў журналіста, які ён сустрэў за кратамі ў красавіку 2025 года — казаў, што хацеў выдаць яго Польшчы, аднак польскі бок адмовіўся, гэтак жа, як і сам Анджэй. Аднак кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі пасля сустрэчы з журналістам яшчэ ўвесну 2024 года казала, што ён гатовы пакінуць Беларусь.

    Анжэліка Борыс зноў сустрэлася з Анджэем у калоніі 23 верасня 2025 года. Яна распавяла, што журналіст моцна схуднеў, важыць 73 кілаграмы. Тыдзень правёў у шпіталі, аднак казаў, што пачуваецца добра і атрымлівае неабходныя лекі.

    Еўрапейскія кансерватары рэкамендавалі Анджэя Пачобута на прэмію Сахарава

    Анджэй Пачобут нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца ў Гродзенскай вобласці. У 1998 годзе скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 1999 па 2001 гады працаваў выкладчыкам права ў Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнесу.

    З 2002 года стаў займацца журналістыкай. Працаваў у гродзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», Głos znad Niem­na («Глос з‑над Немна»), а таксама быў карэспандэнтам агульнанацыянальнай незалежнай газеты «Народная воля». Займаў пасаду галоўнага рэдактара Mag­a­zynu Pol­skiego na uchodźst­wie – часопіса Саюза палякаў у Беларусі. Быў актыўным сябрам Саюза палякаў у Беларусі, да якога належаў з пачатку 1990‑х гадоў. З 2006 года з’яўляўся карэспандэнтам у Беларусі буйнога польскага выдання Gaze­ta Wybor­cza.

    Журналіст ужо быў прызнаны раней палітычным вязнем. 18 сакавіка 2011 года Гродзенская абласная пракуратура ўзбудзіла супраць Анджэя Пачобута  крымінальную справу, звінаваціўшы ў знявазе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Журналіста затрымалі і да суда ўтрымлівалі пад вартай. Той судовы працэс таксама быў закрытым. Пасля лінгвістычнай экспертызы абвінавачванні ў знявазе былі знятыя. А па абвінавачанні ў «паклёпе» 5 ліпеня 2011 года суддзя Ленінскага раёна Гродна Віталь Ляцко асудзіў Пачобута да 3 гадоў зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Журналіста вызвалілі ў зале суда.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.