• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Журналістыка — не толькі рамяство. Гэта выпрабаванне і ціскам, і свабодай

    «Я ганаруся калегамі: былі ў літаральным сэнсе на перадавой, траплялі ў пастарункі, і ніхто не здрадзіў прафесіі, нават калі ўсё навокал развальвалася», — падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі. Усім сваім прафесійным жыццём выбітны журналіст даказвае, што нашая справа — гэта аголены нерв, баявая гатоўнасць і мужнасць называць рэчы сваімі імёнамі. 

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі на канферэнцыі БАЖ у верасні 2023 года. Фота: БАЖ

    Гэтае інтэрв’ю — частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае аб лаўрэатах прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». Ён будзе прэзентаваны 15 лістапада 2025 года ў 17:00 падчас дыскусіі з лаўрэатамі і лаўрэаткамі Прэміі «Голас пакалення свабоды» ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (Europe­jskie Cen­trum Sol­i­darnoś­ci, Gdańsk, pl. Sol­i­darnoś­ci 1).

    Калі «Знаменка» пісала пра чалавека з перабудовачнымі поглядамі, ён амаль аўтаматычна станавіўся дэпутатам

    — Вы зайшлі ў прафесію акурат тады, калі савецкая медыясістэма трашчала па швах, а знутры прабіваўся новы тып прэсы. Якім быў рэальны газетны фонд перабудовы? Складана ўкручваліся новыя стандарты ў яшчэ не трухлявы савецкі каркас?

    — Тады беларускія медыі выразна расслаіліся, нават палярызаваліся. Адны падтрымалі перабудову, іншыя трымаліся рэакцыйных пазіцый.

    Да першых варта аднесці «ЛіМ», «Чырвонку», «Моладзевую газету», нечакана дэмакратызавалася партыйная «Звязда». У 1990–1991‑м з’явіліся ўжо «Белорусский рынок», «Прессбол», «Свабода», «Свободные новости», «Народная газета», недзяржаўныя рэгіянальныя СМІ — новая хваля. Але большая частка партыйнай і мясцовай прэсы заставалася на захавальных пазіцыях.

    Вырашальным чыннікам была, напэўна, смеласць рэдактараў і камандаў. У «ЛіМе», скажам, гэта асоба Анатоля Вярцінскага: ён зрабіў з шэрага, рэтушаванага выдання жывую грамадска-палітычную газету. Тады кожны журналіст, кожная рэдакцыя бралі столькі свабоды, на колькі адважваліся.

    — Вы трапілі ў «Знамя юности», дзе сабралася плеяда моцных аўтараў: акулы, як Павел Якубовіч, магі пяра, як Лілія Брандабоўская, рыцары слова, як Юрый Вельтнер. Пры гэтым галоўны рэдактар — зусім малады. Як выглядаў эксперымент знутры? Ці было адчуванне, што частка калег глядзіць зверху? Ці, наадварот, перабудова абнуляла і ўзрост, і пасады?

    — Гэта было ўжо маё другое прышэсце ў рэдакцыю пасля «Звязды» і часопіса «Парус». Пачынаў там яшчэ студэнтам: супрацоўнічаў, публікацыі лічыліся прэстыжнымі. «Знаменка» нават у застойныя гады заставалася жывой, крыху фрывольнай газетай, з лёгкім крамольным духам. У параўнанні з партыйнымі органамі дыхала жыццём.

    Потым прапанавалі пайсці зменным сакратаром. Праца, папраўдзе, сабачая, бо трэба было не толькі маляваць макеты, але і дваццаць разоў на дзень бегаць у цэх друкарні, секчы хвасты матэрыялаў, сачыць за наборам, камандаваць вярстальшчыкамі. Тэхналогія была тады фактычна гутэнбергаўская.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі — адказны сакратар «Звязды». 1985 год. Фота: з асабістага архіва

    І сапраўды: вакол зубры журналізму. Напрыклад, Павел Якубовіч быў для мяне амаль што богам. Загадчык аддзела фельетонаў і спорту, ён умеў пісаць і востра, і вобразна. Думаю, Лукашэнка як аматар футболу таксама зачытваўся ягонымі рэпартажамі. Можа, гэта і паўплывала ў далейшым на прызначэнне Якубовіча галоўрэдам «Советской Белоруссии».

    — Яго вострыя матэрыялы сталі феноменам савецкага часу: вакол, мабыць, не было нікога падобнага па харызме і папулярнасці. І што — народная слава не закруціла галаву?

    — Ды не: мелі з ім таварыскія адносіны. Ён кантактны, без фанабэрыі, заўжды з гумарам. Была традыцыя: калі пачыналі друкаваць заўтрашні нумар, зменны сакратар прыносіў сігнальны экзэмпляр, і на яго выстаўлялася бутэлька. Дык нярэдка гаманілі за ёй і з Якубовічам. Такія вось нефармальныя семінары таксама шмат давалі.

    І калі праз некалькі гадоў я вярнуўся ў рэдакцыю, мяне ўжо ведалі. Калектыў на той час заўважна памаладзеў, аднак я працягнуў абнаўленне: прыняў на працу Алеся Ліпая, Віталя Цыганкова, Алега Груздзіловіча. Апошні, дарэчы, прыйшоў з камсамолу, куды занесла толькі дзеля кватэры, але хацеў сапраўднай журналісцкай працы.

    — Газета дыхала свабодай і маладосцю: адзін з паказчыкаў фенаменальнага поспеху — наклад даходзіў да 800 тысяч. А што старая гвардыя: у яе адкрылася другое дыханне?

    — Яскравы прыклад — Галіна Айзенштат: раней непрыкметная загадчыца сельгасаддзела раптам стала баявой публіцысткай, пачала супрацоўнічаць з «Радыё Свабода», «Свободными новостями».

    Неймаверны для журналістыкі час: мы ўсе адчулі сябе асобамі. А да таго дзесяцігоддзямі журналістаў вучылі быць выключна прываднымі пасамі партыі. І раптам — магчымасць самім фармаваць грамадскую думку, уплываць на яе.

    Калі самая папулярная газета пісала пра чалавека з перабудовачнымі поглядамі, ён амаль аўтаматычна станавіўся дэпутатам. Бо «Знамя юности» тырчэла ці не з кожнай перапоўненай прэсай паштовай скрыні. У шапіках чарговы нумар расхоплівалі як гарачыя піражкі.

    Рэдактар “Знамени юности”, красавік 1991 года

    Аляксандр Класкоўскі — рэдактар «Знамени юности». Красавік 1991 года. Фота: з уласнага архіва

    — Дагэтуль некаторыя калегі, якія тады трапілі ў вялікую палітыку, пра гэта памоўчваюць…

    — Факт, што роля СМІ ў кароткую адлігу была выключна вялікая. Народ прагна глытаў прэсу, што загаварыла голасам перабудовы. Медыі актыўна паўплывалі на тое, каб у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання з’явілася дэмакратычная фракцыя.

    Журналістыка – не толькі энергія, крэатыў, але і арганізацыя. Як і ў футболе: парадак б’е клас

    — Тады ж абвастрылася спрэчка: хто мае права быць журналістам і рэдактарам? Напіралі на інтэлект, грамадзянскі тэмперамент, казалі, што не трэба ніякай адмысловай адукацыі, галоўнае — талент.

    — Я не пагаджаўся. Так, журфак быў ідэалагізаваны, але ён даваў падмурак: мову, літаратуру, жанравую тэхналогію, даваў паняцце пра рэжысуру газетнай паласы, арганізацыю працы рэдакцыі.

    — Стваралі і ўзначальвалі новыя ды і старыя рэдакцыі не толькі журналісты: у СМІ той пары актыўна ішлі з розных прафесій. Многае з народжанага неўзабаве памірала. Часта бясслаўна і непрыкметна. Былі прыклады, калі газеты бралі на сябе вядомыя пісьменнікі, публіцысты. Згадаем Сямёна Букчына, Анатоля Казловіча, Васіля Якавенку. Майстры слова, мысляры, байцы. Але і ў іх не атрымалася! У чым тут загваздка?

    — Газета — гэта заўсёды сплаў творчасці, арганізацыі і адказнасці. Рэдактар мусіць быць і менеджарам, і тэхнолагам, і трохі бізнесоўцам. Вось чаго не ставала некаторым пісьменнікам, якія ўзяліся за выданне перыёдыкі. Што ўжо казаць пра інжынераў ці аграномаў, якія стваралі свае выданні.

    Ну і потым, згадайце масавае захапленне менавіта перабудовачнай публіцыстыкай. Усе адчулі сябе карыфеямі. У «Знамени юности» таксама ўвёў аўтарскую рубрыку: «Я думаю так». І адразу ўзнікла чарга з ахвотных напісаць менавіта ў яе: выказацца, выгукнуць сваё меркаванне пра набалелае. Не заўжды глыбока, насамрэч. Таму аднойчы правёў жорсткую лятучку: «А хто будзе пісаць заметкі, рэпартажы?» Карацей, сталі аднаўляць баланс.

    Аператыўнай, навіновай журналістыкі якраз бракавала тым жа газетам Букчына, Якавенкі… З гэтага перыяду вынес выснову: журналістыка — не толькі энергія, крэатыў, пафас, але і арганізацыя. Як у футболе: парадак б’е клас. То-бок трэба, каб кожны гулец ведаў сваё месца, а ягоныя функцыі ў гэтай машыне мусяць быць даведзены да аўтаматызму.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі — галоўны рэдактар часопіса «Рабочая смена» (пазней — «Парус»). 1986 год. Фота: з асабістага архіва

    — Як гэта стасавалася з папярэднім досведам працы ў «Парусе», дзе асноўнае — якраз публіцыстыка, аналітыка, мастацкія жанры, а не інфармацыя; густ і творчасць, а не хуткасць? Цяжка перабудоўваць сябе, калі трапляеш з такой школы ў газетную штодзённасць?

    — Часопіс — гэта магчымасць няспешна працаваць над тэкстамі, шліфаваць іх. Добрая школа любові да трапнага, выверанага слова — я дасюль надаю гэтаму шмат увагі. У пэўнай ступені займаюся перфекцыянізмам, каб кожны сказ быў адточаны. Прытым што ў анлайнавым выданні, канешне, кожная секунда дарагая.

    — Гісторыя «Паруса» — нібы асобны раздзел у беларускай перабудовачнай журналістыцы. Быў шэрым ведамасным бюлетэнем — стаў модным, уплывовым, сваім часопісам для маладзі ўсёй краіны. Што за дзіва? У чым сакрэт ператварэння?

    — Склалася ўнікальная каманда: Барыс Пастарнак, Яфім Шур, Аляксандр Росін, Валянцін Маслюкоў, Ірына Паўлючык… Яны зрабілі з пасрэднага бюлетэня сапраўдную цукерку. Паводле легенды (а можа, так і было), калі на чарговым нудным пасяджэнні ў Мінску сакратару ЦК КПСС Ягору Лігачову выпадкова трапіў у рукі нумар, ён, пагартаўшы, сказаў: «Выдатнае выданне, давайце зробім усесаюзным».

    І вось мяне, маладога-перспектыўнага, прызначылі галоўным рэдактарам. Тады была такая перабудовачная кадравая палітыка: прасоўваць маладзейшае пакаленне. Сітуацыя дыскамфортная: трэба камандаваць, а вакол асы, якія ўжо на хвалі поспеху. Здараліся непаразуменні, цёркі, але ў выніку знаходзілі агульную мову.

    Часопіс-феномен: мільён асобнікаў, чытацкія лісты мяхамі. Мы ламалі табу: пісалі пра рок-музыку, нефармалаў, тых, каго партыя лічыла сумнеўнымі персанажамі. Паказвалі, што гэта нармальныя маладыя людзі, якім проста надакучыў шэры стыль жыцця, яго зарэгламентаванасць.

    Я і сам пісаў на крамольныя тэмы: напрыклад, пра ідэю незалежнасці саюзных рэспублік. Пасля той публікацыі прыходзіў чалавек з КДБ, але абышлося. Гарбачоў разгарнуў палітыку галоснасці, нас пабойваліся ўжо чапаць.

    — Вам тады даводзілася часта ездзіць у Маскву, эпіцэнтр журналісцкай і палітычнай высокай моды. Якія ўрокі дала гэтая школа?

    — Гэта праўда: перабудова кіпела там. Асабліва запомніўся выступ сакратара ЦК КПСС па ідэалогіі Аляксандра Якаўлева, шэрага палітычнага кардынала, які, гавораць, і Гарбачова натхніў на перабудову. Тады ён казаў такія рэчы, што сам у канцы зазначыў: «Артадоксы мяне за гэта, напэўна, разапнуць».

    Дадому вяртаўся з дакладным разуменнем, чаму Алесь Адамовіч назваў нашую рэспубліку «Вандэяй перабудовы». І калі мясцовыя ідэолагі пачыналі пясочыць за вострыя тэксты ці Галоўліт (орган цэнзуры) да нечага чапляўся, то я адбіваўся спасылкамі на Маскву, на «свежы вецер перабудовы».

    У дэмакратаў той хвалі быў і пэўны дагматызм. Магчыма, празмерна педалявалася пытанне мовы

    — Наступная прыступка — «Народная газета». Ці была яна ўзорам сучаснай журналістыкі? Як праходзіла эвалюцыя?

    — Па шчырасці, узбіваліся на новае з цяжкасцю. Хапала стракатасці, не абыходзілася без жаўцізны. На паверхню якраз выплылі экстрасэнсы, народныя лекары, розныя «цудатворцы»… Побач з імі, на суседніх палосах — святары, якія лаялі варажбу і хэлаўіны. Вучыліся на ўласных памылках, набівалі гузы…

    Недзе перагіналі, але менавіта так спасцігалі навуку, як спалучыць сур’ёзнае і займальнае, набраць наклад без прымусовай падпіскі.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі — новы намеснік галоўнага рэдактара «Народнай газеты». Чэрвень 1991 года. Фота: з асабістага архіва

    — Яшчэ ўчора ўсё проста: ты камсамолец — падпісваешся на камсамольскае выданне, камуніст — на партыйнае, у прафсаюзе – на прафсаюзнае…

    — А цяпер чытача трэба заваёўваць. Мы рабілі гэта праз жывыя рэпартажы з сапраўднага парламента, праз вострую публіцыстыку, праз зварот да праблем ды інтарэсаў простых людзей.

    Многія ўспрымалі «Народную» як «нацдэмаўскае» выданне. І сапраўды, Зянон Пазняк, іншыя дэпутаты-бээнэфаўцы, вобразна кажучы, нагой адчынялі дзверы ў рэдакцыю, прыносілі свае артыкулы. Публікацыя Пазняка пра расійскі імперыялізм выклікала проста шалёны выбух. Мора захаплення, але абурэння — ці не акіян: публікацыю катэгарычна не прынялі многія кансерватыўныя дэпутаты, навечна савецкія чытачы, нават частка самой рэдакцыі! Але цяпер бачна, што Пазняк глядзеў далёка наперад, вызначыў сутнасць імперскай Расіі надзіва дакладна.

    — І тым самым адначасова шмат у чым пахаваў сваю палітычную перспектыву. Электарат не дараваў такой жорсткай непрымірымасці да «братняй Расіі». Масы не прынялі тую шчырую нелюбоў, палічылі знявагай «русского мира».

    – Сапраўды, гэта была драма БНФ. Спачатку — велізарны ўздым, натхненне, мітынгі, поўныя пляцы людзей. А потым — абвал. Людзі стаміліся ад палітычнага вэрхалу, ад дэфіцыту і шалёнага росту цэн. Прапаганда спекулявала на цяжкасцях жыцця і безупынна звальвала адказнасць на апазіцыю: «Пазняк — фашыст». І гэта дзейнічала.

    Ну і ў апазіцыйнай практыцы, скажам шчыра, быў пэўны дагматызм. Магчыма, занадта педалявалася моўнае пытанне. Тэма далікатная, а падавалі яе радыкальна, без уліку псіхалогіі мас. Капіявалі балтыйскія народныя франты, рабілі стаўку на, умоўна кажучы, этнічны нацыяналізм, хаця ў беларусаў нацыянальная самасвядомасць была не на тым узроўні. У выніку папуліст Лукашэнка перайграў сваіх галоўных праціўнікаў на эмоцыях. На жаль.

    — Калі працэс дэмакратызацыі ляснуўся, усе абвінавацілі Лукашэнку. І справядліва. Ён хутка задушыў тую кволую дэмакратыю, што паспела нарадзіцца ў першай палове дзевяностых. У тым ліку — журналісцкую супольнасць. Але хіба не было і яе ўласных памылак? Унутранай слабасці?

    — Памятаю першую прэс-канферэнцыю «маладога прэзідэнта»: ён патэтычна сказаў, што «ад сёння» беларуская прэса можа пачувацца свабоднай. Але зусім хутка, пасля славутай гісторыі з белымі плямамі (прэзідэнтура выразала з газет даклад дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў Лукашэнкавым атачэнні), паздымаў рэдактараў, пачаўся пераслед незалежных выданняў.

    Але, канешне, не ставала і карпаратыўнай салідарнасці, бо журналістаў раскалолі, прэса палярызавалася.

    Саюз журналістаў заставаўся кансерватыўнай структурай з савецкім мысленнем. Такая арганізацыя не магла адстойваць ні нашыя прафесійныя правы, ні свабоду слова. А Беларуская асацыяцыя журналістаў узнікла толькі ўвосень 1995 года, калі ўлада ў краіне перацякала ў адны рукі. Мы спазніліся, слабасць цэхавых, прафесійных структур вельмі паўплывала на лёс прэсы.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі (за сталом злева) запісвае тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба ў рэдакцыі «Народнай газеты». Верасень 1994 года. Фота: з уласнага архіва

    — Улада зацвярджалася, прэса страчвала свабоду. Але вы самі тады былі ў цэнтры падзей, літаральна ў жывым эфіры гісторыі. Як гэта — на Беларускім тэлебачанні размаўляць са Станіславам Шушкевічам?

    — Гэта былі не пастановачныя эфіры, а рэальныя жывыя лініі: тэлефоны ў студыі, нікім не кантраляваныя званкі, нязручныя вострыя пытанні — напрыклад, пра адсутнасць тавараў, павышэнне цэн на хлеб, хоць за гэта адказваў не спікер Шушкевіч, а прэм’ер Кебіч.

    А ў кулуарах я пераконваў фактычнага кіраўніка Беларусі: «Станіслаў Станіслававіч, трэба раздзяржаўліваць прэсу». Тады ж усе выданні заставаліся органамі ведамстваў і камітэтаў. Што за гэтым стаяла, добра адчуў на сабе: у 1991 годзе камсамол элементарна зняў з пасады галоўнага рэдактара «Знамени юности»: сабраўся пленум, пастанавілі, што «газета здрадзіла ідэалам» — і пераламалі выданню хрыбет.

    Дык вось, тлумачу Шушкевічу: «Паглядзіце на Маскву — там ужо ўсе медыі свабодныя. У Францыі, адкуль толькі вярнуўся, увогуле няма дзяржаўных СМІ!» Здзівіўся: «Няўжо?» Нават гэты дэмакратычны дзеяч не ўсведамляў значэння медыйнай рэформы. А каб тады зрабілі яе хаця б часткова, Лукашэнку было б цяжэй захапіць інфармацыйнае поле. Увесь палітычны сюжэт мог скласціся іначай.

    Наверсе цяпер учорашнія маргіналы, бяруць рэванш за сваю нікчэмнасць. Гэта бальшавіцкі феномен: хто быў нічым…

    — Калі не рамантызаваць журналістыку тых гадоў, то і ў залатую пару хапала пустаты — так званых пёраў ветру і пустых чарніліц. Гэта непазбежнасць, калі побач глыбінныя і павярхоўныя тэксты?

    — Галавакружэнне ад свабоды. Людзі п’янелі ад такога павароту. І тэксты былі часам «п’яныя». Таму і цяпер паўтараю: журналістыка не толькі творчасць — гэта адначасова і вытворчасць. Час моцна падвысіў прафесійную адукацыю, але яго не хапіла, каб замацаваць пройдзенае…

    — У гісторыі журналістыкі 1990‑х шмат, без перабольшання, рыцарскіх імёнаў: вашыя калегі ішлі без страху, нарываліся на суды, дубінкі, штрафы, закрыцці, але не ламаліся. У 2025‑м шмат іншага, асабліва ў дзяржаўнай прэсе. Сёння тут поўна звычайных фактычна наймітаў, салдатаў пяра… Адкуль павылазіў ваяўнічы прапагандызм? Чаму буяе?

    — Дык рыба гніе з галавы. Вынік антыадбору, які вядзе рэжым. Лукашэнка выцягнуў наверх тых, хто ў іншай сітуацыі быў бы на ўзбочыне, сярод маргіналаў.

    Гэта нагадвае бальшавіцкі феномен: хто быў нічым, той стаў усім. Людзі з крыўдамі за сваю колішнюю нібыта недаацэненасць цяпер не проста ўхваляюць адыёзную палітыку патрона, а выплюхваюць і ўласныя невылечныя комплексы. Яны бяруць рэванш за сваю некампетэнтнасць, адчуванне нікчэмнасці. Помсцяць тым, хто сапраўды таленавіты і ўмее думаць яскрава, крэатыўна.

    Лукашэнка зняў не толькі юрыдычныя бар’еры, калі няма сэнсу судзіцца за паклёп ці хлусню, але і маральную планку. Ордэны, медалі, прэміі сыплюцца на самых адвязаных, кшталту Азаронка. Такія цяпер у фаворы. Гэта іх зорны час. Ёсць, праўда, і цынікі: яны не вераць у ідэалогію, але бачаць, што на грубай прапагандзе можна зрабіць кар’еру. Мне смешна, калі іх пасквілі называюць аўтарскай журналістыкай. Аўтарская — насамрэч пра талент, стыль, уласную думку, а не пра вывяржэнне лаянкі.

    Аляксандр Класкоўскі: “…І мы ўдваіх з Віцькам начысцілі яму пысу, растаўклі нюхаўку”

    — Згадваю ваш успамін пра раптоўны ўзлёт Галіны Айзенштат. Гадамі пісала пра тое, як прыгожа квітнее рапс, а потым перабудова, выпадковая нататка пра палітыку ў яблычак — і чалавек становіцца зоркай. Зараз вярнулася вандэйная сітуацыя з гэткім самым эмацыйным напружаннем: час зорак антыдэмакратыі і антыбеларускасці. Іхняе слова патыхае цемрашальствам, як некалі радкі Айзенштат дыхалі надзеяй. Прэтарыянцы дзяржаўнай журналістыкі заслугоўваюць увагі да сябе?

    — Калі параўноўваць, розніца відавочная. Нават савецкая сістэма апошняга часу была мякчэйшая, разумнейшая. Яна інтэгравала таленавітых людзей. Успомнім Генадзя Бураўкіна: чалавек нацыянальнага духу быў на чале радыё і тэлебачання.

    Калі ставілі «Тутэйшых» і ў фінале на сцэне Купалаўскага, побач з галоўным партыйным штабам, узнімаўся бел-чырвона-белы сцяг, ён, наменклатуршчык па мерках кар’еры і пасады, сказаў мне (сядзелі побач у зале): «Саша, здаецца, нашая бярэ». Нашая — гэта пра ўздым беларушчыны.

    У кіраўніцтве былі людзі, здольныя на ўнутраны супраціў. Паэт Сяргей Законнікаў, напрыклад, працуючы ў аддзеле культуры ЦК КПБ, абараняў Васіля Быкава. Сістэма ўсё ж старалася абапірацца на таленты, хоць і ў пэўна вызначаных межах.

    Цяпер усё інакш: на паверхню выходзяць самыя злосныя, самыя цынічныя. Прапаганда стала абсалютна амаральнай прафесіяй, пры гэтым яе тэхнічнае ўзбраенне магутнае як ніколі. І таму яна такая небяспечная: талент без сумлення — разбуральная рэч.

    Прапагандысцкія войны ўвогуле мастацтва старажытнае. І заўжды ў іх свае ландскнехты ці прэтарыянская гвардыя былі патрэбныя. Мы бачым, што зрабіла прапаганда ў Расіі: нацыя фактычна атручаная шавінізмам, «крымнашам» і гэтым усім шалёным пафасам перавагі. Таму не варта лічыць агітпрап нечым прымітыўным ці нядзейсным.

    — Калі падсумоўваць эвалюцыю журналістыкі ад перабудовы да сёння, то сапраўды яна дала магутны імпульс творчай смеласці. Але ці хапала інстытуцыйнага падмурка: прафесійных кодэксаў, этычных норм, самарэгуляцыі?

    — Гэта нашая традыцыйная слабіна, якая асабліва абвастрылася з прыходам інтэрнэту. Я сам сотні разоў станавіўся ахвярай плагіяту, грубага і бессаромнага. Звяртаюся да рэдактара: «Вы мой тэкст перадрукавалі без спасылкі, без згадкі пра аўтара!» — чую ў адказ: «Дык жа з інтэрнэту!»

    Калі абралі ў праўленне БАЖ, быў адным з ініцыятараў кампаніі «За якасную журналістыку». Мы спрабавалі прышчапіць стандарты, змагацца з крадзяжом кантэнту. Але нават кодэкс этыкі прайшоў не адразу: рэдактары супраціўляліся. Толькі на наступным з’ездзе яго ўдалося ўхваліць.

    — Для многіх выданняў нязручна: патрабаванні жорсткія, а перапісванне чужога — амаль звыклая рэч…

    — Так, стандарты ўкараняліся няпроста. З’явіўся сайт Mediakritika.by, яго вяла Яніна Мельнікава. Я там быў сталым аўтарам, разбіраў прафесійныя хібы калег. Гэта была няўдзячная місія: журналісты — даволі вузкая карпарацыя, амаль што ўсе між сабой знаёмыя, і ставала крыўдаў. Не ўсе разумелі, што крытыка — таксама клопат аб прафесіі. Але паступова прагрэс ішоў. І БАЖ у гэтым сэнсе адыграў вялікую ролю.

    Гісторыя пра тое, як у мінскім аэрапорце затрымалі Барыса Нямцова з грашыма «на рэвалюцыю», запачаткавала анлайн-рэпартажы

    — Наступны паварот біяграфіі — БелаПАН і Naviny.by. Гэта ўжо іншая журналістыка: сетка сувязяў, школа экспертызы, аналітыкі, адказнасці. Новы выклік?

    — Заснавальнік абодвух праектаў Алесь Ліпай — паэт, рамантык па натуры, меў выключнае адчуванне журналісцкай прафесіі. Ён зразумеў яшчэ напачатку дзевяностых, што трэба будаваць інфармацыйнае агенцтва паводле заходніх узораў, як Reuters або Asso­ci­at­ed Press. Ніякай публіцыстычнай экзальтацыі, толькі факты, верыфікацыя, аддзяленне інфармацыі ад каментароў.

    Аляксандр Класкоўскі

    Так пачыналіся Naviny.by. Жнівень 2003 года. Фота: з архіва Аляксандра Класкоўскага

    Мы стараліся працаваць паводле сусветных стандартаў навіновай і аналітычнай журналістыкі. Гэта нялёгка. Людзі з газет, прывыклыя да разгорнутасці і эпітэтаў, мусілі ламаць сябе, вучыцца пісаць каротка, суха, дакладна. Але справіліся, хутка сталі на ногі.

    Ад пачатку імкнуліся манетызаваць кантэнт — яшчэ калі і самога тэрміна гэтага не ведалі. Прадавалі інфармацыю: падпісчыкамі былі амбасады, міжнародныя арганізацыі, іншыя выданні. Чаму быў попыт? Усе ведалі: калі БелаПАН напісаў — значыць, гэта праўда, гэта дакладна.

    — Калег здзіўляла нават памяшканне рэдакцыі: адкрытая прастора, замест кабінетаў, дзе можна было папіць чаю ці нават драмануць, — вялікі ньюзрум: усе разам працуюць і абменьваюцца інфармацыяй. Нешта зусім новае для Беларусі.

    — Рэдактар мог на месцы правесці імправізаваную нараду, хутка вырашыць пытанне, скіраваць рэпарцёра. Гуртом раіліся, як лепей падаць навіну, прыдумвалі трапны загаловак. Не ўсім падабалася, не ўсе вытрымлівалі, хтосьці сыходзіў: маўляў, не па мне — інфармацыйная казарма, вайсковая дысцыпліна…

    Але парадак, хуткасць, узаемадзеянне — усё гэта неўзабаве стала нормай.

    У пэўны момант Алесь загарэўся ідэяй стварыць Naviny.by — першую ў Беларусі паўнавартасную інтэрнэт-газету. Разам думалі над канцэпцыяй, потым мне было прапанавана стаць галоўным рэдактарам.

    Чарговыя першаадкрыцці — спасцігалі магчымасці віртуальнай рэчаіснасці: анлайнавыя рэпартажы, імгненная рэакцыя, новы тэмп.

    Памятаю, прыляцеў у Мінск Барыс Нямцоў, яго затрымліваюць у аэрапорце. Нібыта вёз чамаданчык з пачкамі долараў. Маўляў, 50 тысяч баксаў на рэвалюцыю. Правакацыя спецслужбаў? Нешта яшчэ? Наш вядучы рэпарцёр Сяргей Пульша разгублена тэлефануе: няма пра што пісаць, меркаваная гутарка з Нямцовым зрываецца, трэба вяртацца ў рэдакцыю ні з чым. «Стоп-стоп, заставайся і расказвай пакрокава, што адбываецца!»

    І пачалі: «Нямцоў затрыманы, яму шыюць справу». Выстаўляем на сайт па два-тры сказы ў рэжыме рэальнага часу: хто і куды павёў расійскага апазіцыянера, што кажуць службовыя асобы… Так ламаліся газетныя шаблоны, уяўленні пра закончаны тэкст. З’явіўся зусім іншы ўзровень аператыўнасці. Далей ён стаў нормай.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі бярэ інтэрв’ю ў расійскага палітыка Рыгора Яўлінскага. 2005 год. Фота: з асабістага архіва

    — Аналітыка, экспертыза змушаюць часцей перасякаецца з дзейнасцю грамадзянскай супольнасці. Калі ўзнікае тэма правоў чалавека, экалогіі, адукацыі, журналіст апынаецца побач з актывістамі. У вашым выпадку гэта хутчэй сітуацыі сінергіі, супрацоўніцтва — ці проста тактычныя супадзенні?

    – Я ніколі не быў грамадскім актывістам (калі не лічыць таго, што рабіў у БАЖы). Перакананы, што журналістыка і актывізм мусяць быць паасобку. Калі СМІ пачынаюць служыць нейкай сіле, арганізацыі, палітычнай ці ідэалагічнай, яны страчваюць аб’ектыўнасць, непрадузятасць.

    Так, гэта звычайная рэч, што ў аўтара, рэдакцыі ёсць грамадзянская пазіцыя, але яна не можа дамінаваць над прафесійным абавязкам.

    Аднак з трэцім сектарам я актыўна супрацоўнічаў у плане адукавання: вёў трэнінгі, семінары для актывістаў розных арганізацый. Напрыклад, для «Зялёнай сеткі», іншых ініцыятыў, рухаў, што хацелі развіваць свае сайты. Ім часта бракавала прафесійнасці: тэксты агітацыйныя, спрошчаныя ці вузкаспецыяльныя. Вось і вучыў рабіць якасны медыйны прадукт. Так узнікала натуральная сінергія: мы, людзі са СМІ — як настаўнікі, яны — як новыя камунікатары грамадзянскай супольнасці.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі вядзе трэнінг па журналістыцы. 2011 год. Фота: з асабістага архіва

    — І ўсё ж: як медыі застацца незалежнымі, калі грамадства чакае, што яны будуць яго абаронцамі? І як не трапіць у сваю вежу са слановай косткі?

    — Галоўная супярэчнасць палягае ў адносінах паміж медыямі і дзяржавай, яе бюракратычным апаратам. Нават у дэмакратычных краінах палітыкі спрабуюць шыхтаваць медыі. Паглядзіце на каманду Трампа. Гэта праблема так ці іначай вострая ва ўсім свеце. Што тычыцца стасункаў з грамадскасцю, тут ужо ўсё ў руках журналістаў.

    Трэба быць папулярнымі, але не папулісцкімі: вельмі тонкая мяжа… Сёння лёгка спакусіцца на клікбейт, на крыклівы загаловак. Бывае, на YouTube нейкія мае каментары, інтэрв’ю падаюць пад шапкамі кшталту «Шок: Класкоўскі размазаў па сценцы дыктатара». Хоць я проста раскладаў па палічках той ці іншы палітычны сюжэт. Гэты загаловачны лямант — цяжкая хвароба эпохі лайкаў.

    Калі зло называецца злом, гэта ніякі не агітпрап, а маральная пазіцыя

    — Такім чынам, 1990‑я — эпоха адкрыццяў, а 2020‑я — выпрабаванняў. Эмоцыі праз край, інфармацыйныя цягнікі перапоўнены болем і абурэннем. Ці ўдалося нашай журналістыцы не ператварыцца ў механізм дэмакратычнай прапаганды і агітацыі? Або тое пераўтварэнне непазбежнае?

    — Гэта праблема была вастрэйшай менавіта раней, калі панавала барыкаднасць, захапленне палітычнай барацьбой. А да апошняга крызісу найболей папулярныя беларускія медыі падышлі болей сталымі, дамінаваў ужо прафесійны падыход. Хоць асобныя рэдакцыі мелі мянушку «БТ наадварот». То-бок усё тая ж кінжальная прапаганда. Тая ж звышзадача спляжыць палітычнага праціўніка.

    А БелаПАН ці, напрыклад, TUT.by вызнавалі іншы стыль. Хаця не адмахваліся ад вострых, небяспечных тэм.

    У 2020‑м мы паказвалі, як велізарныя натоўпы выходзілі на вуліцы, — і тым самым разбуралі міф прапаганды пра «купку наркаманаў і прастытутак». Распавядалі, як людзей збівалі ў засценках. Калі зло называецца злом, гэта ніякі не агітпрап, а маральная пазіцыя.

    Аляксандр Класкоўскі

    Аляксандр Класкоўскі. Вільня, верасень 2023 года. Фота: БАЖ

    Я ганаруся калегамі: былі ў літаральным сэнсе на перадавой, траплялі ў пастарункі, і ніхто не здрадзіў прафесіі, нават калі ўсё навокал развальвалася. Вытрымлівалі планку: верыфікавалі, аддзялялі факты ад эмоцый.

    Проста рабілі сваю працу — і за гэта нас абвясцілі «экстрэмістамі». Шэраг маіх калег атрымалі доўгія тэрміны зняволення. Мы патрапілі «пад раздачу», сталі мішэнямі менавіта за тое, што выконвалі прафесійную місію.

    — Выйсці з такой калатнечы без страт — немагчыма. Што згубіла журналістыка пасля ўдару? Маю на ўвазе не толькі лёсы, а і прафесійныя страты: напрыклад, страту аўтарства. У пэўны момант ананімізацыя — абарона, але ці не ператвараецца яна далей ужо ва ўнутраную цэнзуру?

    — Я заўжды скептычна ставіўся да ананімнасці ці да псеўданімаў: бачыў, што часта так хаваецца халтура або паклёп, наезд на некага. Аўтар адчувае, што робіць нядобрае, і таму шыфруецца.

    Але пасля 2020-га сітуацыя рэзка змянілася, журналістаў сталі сістэмна пераследаваць у крымінальным парадку. Нават калі нехта ў змушанай эміграцыі, дома засталіся сваякі. Ды і за мяжой, як вядома, рэжым стараецца дастаць сваіх палітычных ворагаў. Таму цалкам разумею амаль татальную ананімнасць. Хаця мушу прызнаць, што яна не спрыяе прафесійнаму майстэрству.

    — А як гэта адбілася на вас асабіста?

    — З аднаго боку, калі выступаеш з адкрытым забралам, то гэта робіць табе імя, стымулюе якасць. Абы-што пісаць сорамна. З іншага боку — за гэта мусіш расплачвацца: цяпер я ў спісе «ўдзельнікаў экстрэмісцкага фармавання», нават у Расіі абвясцілі ў вышук. Але гэта мой выбар.

    — Калі б сёння ствараўся медыястандарт для перыяду крызісу, што варта ўключыць у яго абавязкова?

    — Першым пунктам запісаў бы: «Мець запасную пляцоўку».

    Гэта вынік нашага жорсткага, пакутлівага досведу. Шэраг рэдакцый, у тым ліку і нашая, аказаліся без сайтаў-люстэркаў, без рэзервовых сервераў. Прыходзілі сілавікі, канфіскоўвалі ўсё — і кантэнт знікаў.

    Цяпер відавочна: трэба прадугледжваць самае горшае. Час такі, што правілы журналістыкі, як і вайсковыя статуты, пішуцца крывёю. Тыя медыі, што загадзя мелі запасны аэрадром у Літве ці Польшчы, перажылі эміграцыю лягчэй. А іншыя пачыналі з нуля: без тэхнікі, без базы, без ладнай часткі каманды. І ўсё ж многія адрадзіліся. Гэта было выпрабаванне, але і ўрок.

    — Вы цяпер па-за домам, працуеце ў «Позірку». Што для рэдакцыі азначала перанесці рытм, стандарты, экспертаў у новую рэальнасць?

    — Па сутнасці, гэта была напачатку рэінкарнацыя БелаПАНа ў выгнанні. Збольшага тыя ж людзі, той жа лад мыслення, той жа прафесійны код. Цяпер мы пайшлі далей, папоўнілі шэрагі, але захоўваем традыцыі: аператыўна і ўсебакова інфармаваць пра падзеі, аналітычна тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе.

    Па многіх параметрах давялося цалкам перабудавацца. Самае цяжкае — страта кантактаў унутры краіны. Мы не можам больш працаваць «у гушчы падзей». Давялося асвоіць жанр завочнай журналістыкі, болей дбаць пра бяспеку інфармацыі, абарону сайта, карпаратыўных звестак. Гэта цяжка, але неабходна. Цяпер аднолькава важна як пісаць, так і берагчы людзей.

    Аляксандр Класкоўскі

    Андрэй Бастунец уручае Аляксандру Класкоўскаму дыплом за перамогу ў конкурсе «Вольнае слова». Вільня, верасень 2023 года. Фота: БАЖ

    — Але ж у такіх умовах парушаецца сама аснова прафесіі — сувязь з чытачом. Як яе кампенсаваць? Чым падмяняецца жывое дыханне аўдыторыі?

    — Не ўсё цалкам страчана. Беларусы навучыліся абыходзіць блакады: карыстаюцца VPN, чытаюць нас праз люстэркі, тэлеграм-каналы, знаходзяць у сацыяльных сетках. Кожны журналіст мае асабістыя кантакты ў Беларусі. Побытавыя размовы, асабістыя сведчанні — гэта жывая сувязь «з зямлёй». Таму адчуваем нерв краіны, нават калі пішам з Вільні ці Варшавы.

    Памятаю, як у часы Брэжнева слухаў «варожыя галасы». Гэта былі ў нейкім сэнсе нашыя папярэднікі. І хоць яны шмат гадоў жылі ў эміграцыі, мы прагна лавілі хвалі. Бо гучала інфармацыя, якая замоўчвалася камуністычнай прэсай. Сёння сітуацыя паўтараецца: у дзяржаўных медыях праўды не знайсці. Мы запаўняем прастору, дзе прапаганда маўчыць або хлусіць.

    — Пасля ўсяго перажытага, усіх страт і перамог : што застаецца ў сэрцы? Журналістыка для вас цяпер – прафесія, служэнне, місія?

    — Не столькі рамяство, хоць і гэта важна, колькі лад жыцця.

    Немагчыма быць журналістам з васьмі раніцы да пяці вечара, з перапынкам на няспешны абед. Бо падзеі не ведаюць перапынкаў. Я, напрыклад, даведаўся пра вызваленне партыі палітвязняў, калі быў на роварнай вылазцы за горадам. Дык ляцеў да кампа з алімпійскай хуткасцю. Матэрыял атрымаўся ў літаральным сэнсе з колаў. Так што нашая справа — гэта аголены нерв, баявая гатоўнасць, мужнасць называць рэчы сваімі імёнамі.

    І калі ўжо казаць патэтычна, то нечага дасягаеш толькі тады, калі журналістыка становіцца тваім жыццём, місіяй. Так, яна атручвае. Але гэта атрута з салодкім смакам свабоды.

    Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці