«Рэпарцёры без межаў» абвясцілі лаўрэатаў прэміі за свабоду слова
Узнагароды атрымалі журналісты з Азербайджану, Бірмы, Палестыны, Буркіна-Фасо і Францыі.

Генеральны дырэктар «Рэпарцёраў без межаў» Тыбо Брутэн. Фота: RSF
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) абвясціла пераможцаў сёлетняй прэміі за свабоду прэсы. 33‑я цырымонія ўзнагароджання адбылася на фестывалі, прысвечаным 40-годдзю арганізацыі, у Парыжы.
«Прэмія RSF за свабоду прэсы — гэта момант, калі мы ўшаноўваем жанчын і мужчын, якія дзякуючы сваёй працы і нястомнай адданасці журналістыцы сутыкаліся — і працягваюць сутыкацца — з бамбардзіроўкамі, цэнзурай, пазбаўленнем волі і іншымі формамі пераследу проста таму, што яны журналісты: упартыя, няўмольныя і рашучыя абараняць праўду», — сказаў генеральны дырэктар «Рэпарцёраў без межаў» Тыбо Брутэн.
Прэмія ўручалася ў пяці катэгорыях: «За мужнасць», «За ўплыў», «За незалежнасць», прэмія Махамеда Майгі за афрыканскія журналісцкія расследаванні і фатапрэмія імя Лукаса Далегі.
Узнагарода «За мужнасць» была прысуджана азербайджанскай журналістцы і галоўнай рэдактарцы Abzas Media Севіндж Вагіфгізі, якая 20 чэрвеня 2025 года была асуджана на дзевяць гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях у «кантрабандзе замежнай валюты».
Бірманская журналістка Шын Дэве атрымала прэмію «Незалежнасць» за асвятленне экалагічных праблем і ўплыву грамадзянскай вайны ў М’янме.
10 студзеня 2024 года ваенны суд прыгаварыў яе да пажыццёвага зняволення, пазней скарочанага да 15 гадоў, за «саўдзел у тэрарызме». Шын Дэвэ ў апошнія гады працавала фрылансеркай у некалькіх СМІ, а раней была журналісткай бірманскай службы «Радыё Свабодная Азія» (RFA).
Прэмію «За ўплыў» аддалі 21-гадовай палестынскай журналістцы Бісан Аўда. Журы адзначыла, што візітнай карткай журналісткі стала фраза «Гэта Бісан з Газы, і я ўсё яшчэ жывая». Яе шоу з такой назвай атрымала прэмію «Эмі» і выходзіць у эфір на тэлеканале «Аль-Джазіра».
Прэмію імя Махамеда Майгі за афрыканскія журналісцкія расследаванні атрымаў Атыяна Серж Улон, журналіст і галоўны рэдактар газеты «L’Événement» з Буркіна-Фасо. Ён быў адным з апошніх буркінаскіх журналістаў, якія адважыліся асвятляць пытанні бяспекі. У снежні 2022 года ён апублікаваў расследаванне меркаванага раскрадання сродкаў, прызначаных для арганізацыі «Дабраахвотнікі абароны Айчыны», высокапастаўленым вайсковым афіцэрам. 24 чэрвеня 2024 года яго выкралі з дому, як мяркуецца, супрацоўнікі Нацыянальнай разведвальнай службы і гвалтоўна прызвалі ў армію.
Французскі фотажурналіст Робін Тутэнж быў узнагароджаны прэміяй Лукаса Далегі за фатаграфічную працу ў Эфіопіі. Ён паехаў туды ў маі 2025 года пад прыкпыццём, каб асвятляць паўстанне супраць федэральных сіл у сталіцы Адыс-Абебе на фоне паведамленняў пра ўзмацненне злоўжыванняў у дачыненні да мірных жыхароў.
На прэмію за свабоду прэсы ад «Рэпарцёры без межаў» у 2025 годзе былі намінаваныя 15 журналістаў, дзевяць СМІ і пяць фотажурналістаў з 18 розных краін.
@bajmedia