«Экстрэмісцкі» спіс Мініфарама: TikTok-акаўнт «ЧестнОК-LIVE» і YouTube-канал «Жизнь-малина»
Увечары 26 лістапада 2025 года Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

TikTok-акаўнт «ЧестнОК-LIVE». Скрыншот
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 25 лістапада 2025 года ў пералік уключылі TikTok-акаўнт «ЧестнОК-LIVE» (ідэнтыфікатар @chestnok_live). Гэта інтэрнэт-рэсурс журналіста і блогера Аляксандра Івуліна, дзе ён распавядае пра вядомых беларусаў. YouTube-канал Івуліна з такой самай назвай быў прызнаны «экстрэмісцкім» у красавіку мінулага года.
У адпаведнасці з рашэннем таго ж суда Ленінскага раёна Магілёва ад 24 лістапада 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны YouTube-канал «Жизнь-малина» (ідэнтыфікатар youtube.com/@malina_by). Гэта відэаканал блогера Мікіты Мелказёрава. Аўтар называе яго «месцам, у якім не замінаюць гаварыць і паказваюць беларусаў для беларусаў». YouTube-канал блогера з такой самай назвай у красавіку 2022 года ўжо прызнаваў «экстрэмісцкім» суд Цэнтральнага раёна Мінска.
@bajmedia