У Венесуэле пачаліся рэпрэсіі супраць журналістаў
У Венесуэле пачаліся рэпрэсіі супраць журналістаў і грамадзян, якія пазітыўна ўспрынялі захоп ЗША прэзідэнта краіны Нікаляса Мадура. Затрыманні і вулічны кантроль узмацніліся на фоне змены ўлады.

Прыхільнікі Нікаляса Мадура і Уга Чавэса трымаюць плакаты з іхнымі выявамі пасля таго, як у ноч на 3 студзеня 2026 года ў Каракасе былі чутныя выбухі, а прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што ўзброеныя сілы ягонай краіны пачалі «буйнамаштабную» атаку на Венесуэлу і захапілі яе прэзідэнта Нікаляса Мадура і ягоную жонку. 3 студзеня 2026 года, Каракас, Венесуэла. Фота: Jesus Vargas / Getty Images
Як паведамляе Financial Times, па дадзеных прафсаюзаў работнікаў СМІ, былі затрыманыя як мінімум 14 журналістаў, з іх 11 – прадстаўнікі замежных выданняў. Большасць затрыманняў адбылося ля будынка Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы, дзе рэпарцёры асвятлялі цырымонію прывядзення да прысягі віцэ-прэзідэнта Дэльсі Радрыгес, абвешчанай часовым кіраўніком дзяржавы.
Адначасова ўлады ўзмацнілі меры бяспекі ў сталіцы. У Каракасе былі разгорнутыя ўзброеныя фарміравання colectivos – ультралевыя праўрадавыя групоўкі, якія арганізавалі кантрольна-прапускныя пункты ў розных раёнах горада. Як распавёў выданню адзін з венесуэльскіх праваабаронцаў, сілавікі правяраюць тэлефоны грамадзян на прадмет падтрымкі дзеянняў Злучаных Штатаў.
Улады тлумачаць тое, што адбываецца неабходнасцю абароны суверэнітэту і перадухілення «дэстабілізацыі», аднак праваабаронцы расцэньваюць тое, што адбываецца, як спробу здушыць любыя прыкметы пратэсту і незалежнага асвятлення падзей.
Эксперты, на якіх спасылаецца Financial Times, адзначаюць, што ўлады Венесуэлы выбралі сілавы сцэнар як спосаб утрымаць кантроль над краінай ва ўмовах вонкавага ціску і ўнутранай уразлівасці рэжыму.
Раней прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што не выключае ўводу амерыканскіх войскаў у Венесуэлу для «дапамогі ў кіраванні краінай на месцах».
Нагадаем, у ноч з 2 на 3 студзеня ЗША правялі аперацыю «Абсалютная рашучасць» на тэрыторыі Венесуэлы, падчас якой былі атакаваныя парламент, аэрапорты і вайсковыя базы, а Никаляс Мадура і ягоная жонка былі захопленыя і дастаўленыя ў Злучаныя Штаты. Амерыканскія ўлады абвінавачваюць іх у наркагандлі ў кантрабандзе зброі.
Пасля гэтага ў Венесуэле было абвешчана аб перадачы ўлады: віцэ-прэзідэнт Дэльсі Радрыгес была прыведзена да прысягі і названая часовым кіраўніком дзяржавы.
@bajmedia