Беларускія ўлады адмовіліся даць журналістам інфармацыю пра фірму ўнука Лукашэнкі
29 снежня 2025 года Аршанскі раённы выканаўчы камітэт зарэгістраваў змены і дапаўненні для юрыдычнай асобы «Сезон упакоўкі». Але якія менавіта – беларусам ведаць не належыць.
Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), які падпарадкоўваецца беларускаму Міністэрству юстыцыі, адмовіўся падаць «Бюро» актуальную інфармацыю пра фірму:
«З‑за тэхнічных прычын выпіска ў дачыненні да гэтага суб’екта [ТАА «Сезон упакоўкі»] не падаецца».

«Бюро» накіравала скаргу ў Міністэрства юстыцыі РБ.
Чаму АДР хавае звесткі кампаніі «Сезон упакоўкі»? Імаверна, гэта звязана з уладальнікамі кампаніі. Раней «Бюро» расказвала, што ў чэрвені 2025 года яе зарэгістравала сяброўка сям’і старэйшага сына беларускага кіраўніка – Віктара Лукашэнкі, «рыбная каралева» Людміла Няронская (80%), і яго сын – Аляксандр Лукашэнка – малодшы (20%). Гэта першы ў гісторыі выпадак, калі нехта з клана Лукашэнкі наўпрост стаў уладальнікам бізнэсу.
Мяркуючы па ўсім, павышаная ўвага грамадскасці да дзейнасці «Сезона ўпакоўкі» вымусіла беларускія ўлады выкарыстаць адпрацаваны стэнарый – схаваць усю магчымую інфармацыю. Раней «Бюро» зафіксавала ўтойванне спіса рэзідэнтаў адмысловай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша» адначасова з тым, як «Сезон упакоўкі» атрымаў там рэзідэнтуру.

Нагадаем: «Брэміна-Орша» ў народзе вядомая як «аршанскі афшор» за кошт ўсемагчымых ільгот і прэферэнцый, якімі Аляксандр Лукашэнка асабіста надзяліў АЭЗ сваім указам.
Раней «Бюро» таксама высветліла, што бухгалтарская справаздачнасць усіх камерцыйных прадпрыемстваў, звязаных з сынамі Аляксандра Лукашэнкі – Віктарам і Дзмітрыем, засакрэчаная Саветам міністраў як падатковая таямніца. Акрамя таго, АДР ужо часткова схаваў дадзеныя пра ўласнікаў дзвюх фірмаў, «Мак.бай» і Мінскай міжнароднай гімназіі, якая падпарадкоўваецца маці пазашлюбнага сына Лукашэнкі Мікалая – Ірыне Абельскай.
«Бюро Медыя»: Людзі не перастаюць дзяліцца інфармацыяй, бо ім баліць
@bajmedia