• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуроры Міншчыны за 5 гадоў накіравалі ў суды амаль паўтары тысячы заяў пра «экстрэмізм» інтэрнэт-рэсурсы

    Толькі ў 2025 годзе суды Мінскай вобласці атрымалі 334 заявы наконт прызнання інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта менш, чым было годам раней.

    Пракуратура Міншчыны.

    Пракуратура Міншчыны. Фота: yandex.com

    Тым, што пракурорскія работнікі з 2021 па 2025 гады накіравалі 1,4 тысячы пазоваў у рэгіянальныя суды, пахвалілася служба інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці. Паводле яе, «увага была сканцэнтраваная на маніторынгу самых папулярных анлайн-платформ з вялікай аўдыторыяй, дзе ёсць значная колькасць падпісчыкаў і праглядаў», а менавіта на акаўнтах у YouTube, Telegram і Insta­gram.

    У якасці паспяховага прыкладу інфармацыйная служба прыгадала дзейнасць пракуратуры Пухавіцкавага раёна: цягам 2025 года адтуль у мясцовы суд пайшла 61 заява аб прызнанні «экстрэмізму». Гэта 18% ад агульнай колькасці пазоваў з усёй вобласці.

    У абсалютнай большасці пад увагу пухавіцкіх пракурораў траплялі прыватныя акаўнты, у тым ліку старонка ў Insta­gram журналіста Барыса Гарэцкага, якую суд Пухавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» 10 верасня 2025 года. Дарэчы, менавіта ў верасні суд Пухавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі» рэкордную колькасць інтэрнэт-рэсурсаў — 43 (нагадаем, з 61 рашэння за ўвесь 2025 год).

    У некаторых выпадках наступствамі сталі не толькі судовыя рашэнні аб прызнанні кантэнту «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Пухавіцкая раённая пракуратура сцвярджае, што па выніках праверкі інтэрнэт-рэсурсаў разам з каментарамі былі распачатыя дзве крымінальныя справы — паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

    Калі ж казаць пра статыстыку, то ў 2025 годзе пракурорскія работнікі Мінскай вобласці знайшлі ў інтэрнэце нашмат менш «экстрэмізму» ў параўнанні з 2024 годам. У той год у суды было накіравана 450 заяў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі, а летась — на 116 меней. Праўда, тады прэсавая служба пракуратуры паведамляла, што не ўсе звароты ў суды скончыліся прызнаннем «экстрэмізму»: 7 пазоваў, пададзеных у 2024 годзе (менш за 2% ад агульнай колькасці), усё-ткі былі адхіленыя. У 2025 годзе такіх выпадкаў не было зусім.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці