Беларусы больш за 10 дзён не з’яўляюцца ў базе міждзяржаўнага вышуку. Што гэта значыць, тлумачаць юрысты
Больш за дзесяць дзён у базе міждзяржаўнага вышуку не з’яўляюцца новыя прозвішчы беларусаў, звярнула ўвагу «Еўрарадыё». Ці ёсць верагоднасць, што інфармацыя пра крымінальны пераслед беларусаў больш не будзе з’яўляцца ў базе вышуку — адказвае Юрыдычная служба «Вясны».

Выява: kovriolette / Медиазона
Юрысты адзначаюць, што на дадзены момант дакладна невядома, чаму база міждзяржаўнага вышуку не аднаўляецца: наўмысна, каб схаваць рэпрэсіі, або па любой іншай прычыне — напрыклад, тэхнічнай.
«Заўважым, што база агулам, як мы назіралі, вядзецца даволі хаатычна: папаўняецца нерэгулярна і несістэмна, «пачкамі». Адтуль нават выдалялі людзей, напрыклад, Святлану Ціханоўскую — відавочна не па прычыне закрыцця крымінальнай справы або выключэння яе з вышуку. Таму гэта агулам непразрысты і непрадказальны працэс, а не такі, які мусіць быць у прававой дзяржаве. Тут шмат чаго будуецца наўпрост на загадах — палітычных інтарэсах рэжыму Лукашэнка, у прыватнасці. Гэтая база на ўзроўні некалькіх краін (СНД) таксама выкарыстоўваецца менавіта як інструмент рэпрэсій, накіраваных на «нелаяльных».
Пры гэтым, юрысты «Вясны» падкрэсліваюць, што цяпер, як іраней, абапірацца толькі на наяўнасць ці адсутнасць свайго прозвішча ў гэтай базе не варта. Крымінальная справа можа быць і без уключэння ў гэтую базу.
Нагадаем, што з канца верасня МУС Беларусі не абнаўляе спіс «экстрэмістаў», які раней папаўняўся кожную пятніцу. Таксама выдалілі Telegram-канал, праз які можна было сачыць за абнаўленнямі пераліку людзей, унесеных МУС Беларусі ў спіс асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Апроч гэтага, МУС пазбавіла беларусаў магчымасці правяраць абмежаванні на выезд з краіны анлайн.
@bajmedia