Telegram-канал «Экстремисты Беларуси» магчыма захапілі хакеры
Спецыяліст па лічбавай бяспецы не раіць пераходзіць па спасылках з Telegram-канала, створанага нібыта «на замену» інтэрнэт-рэсурсу МУС Беларусі, дзе публікаваліся абнаўленні ў пераліку «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле версіі спецыяліста па лічбавай бяспецы, Telegram-канал «Экстремисты Беларуси» маглі захапіць хакеры, якія і стварылі нібыта альтэрнатыву Telegram-канала — extremistybelarus, які зараз мае 6 падпісчыкаў. Telegram-канал «Экстремисты Беларуси» меў больш за 1200 падпісчыкаў, і, верагодна, заўважыўшы дзейнасць хакераў, яго выдалілі самі стваральнікі.
Цяпер інтэрнэт-рэсурс extremistybelarus дзейнічае самастойна, але шукаць на ім спісы «экстрэмістаў» — марна. На гэтым Telegram-канале ўсяго адно паведамленне са спасылкамі, і гэта — махлярскія Telegram-боты, якія прапануюць рабіць стаўкі на спорт.
«Хутчэй за ўсё, гэта рабілася выключна для таго, каб завабіць людзей у махлярскія схемы. Але ў гэтым свая небяспека: у чалавека могуць запатрабаваць паведаміць свае асабістыя даныя, да прыкладу, каб «даслаць выйгрыш» на банкаўскі рахунак ці крыптагаманец. Увогуле ж падзеі вакол Telegram-канала «Экстремисты Беларуси» нагадваюць іншыя падобныя дзеянні хакераў, якія выкарыстоўваюць магчымасці штучнага інтэлекту для ўзлому Telegram.
Такое ўжо было, да прыкладу, 18 верасня з Telegram-каналам прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, калі па звыклай спасылцы карыстальнікі бачылі не палітычныя навіны, а эратычны кантэнт. Зрэшты, не выключана, што Telegram-канал «Экстремисты Беларуси» проста патаемна перакупілі ў яго ўладальнікаў», — разважае спецыяліст па лічбавай бяспецы.
Нагадаем, на знікненне Telegram-канала «Экстремисты Беларуси» сёння звярнулі ўвагу праваабаронцы. Тым не менш, адмова ад публікацыі гэтых звестак з’яўляецца прамым парушэннем беларускага заканадаўства. Пастанова Савета Міністраў № 575 ад 12.10.2021 г. «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» вызначае, што судовыя акты павінны быць дасланыя ў МУС у трохдзённы тэрмін з моманту ўступлення іх у сілу. І МУС павінна ўносіць звесткі ў адпаведны «экстрэмісцкі» спіс у той жа дзень, як атрымае дакумент. Абноўлены спіс мусіць быць апублікаваны на афіцыйным сайце МУС на працягу пяці дзён з моманту ўнясення ў яго звестак.
Раней іх абнаўлялі прыблізна штотыдзень, і 25 верасня на сайце міліцэйскага ведамства размясцілі апошняе абнаўленне пераліку асоб, асуджаных за «экстрэмісцкую дзейнасць». Але праз тры дні гэтая частка спісу знікла: з таго часу і да сёння на адпаведнай старонцы можна паглядзець толькі звесткі, актуальныя на 18 верасня. І толькі 8 кастрычніка на сайце Міністэрства ўнутраных спраў з’явілася абвестка пра тое, што «з тэхнічных прычын старонка часова недасяжная». Але тэрміны ліквідацыі гэтых тэхнічных прычын не пазначаныя.
@bajmedia