• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як узляцеў і знік «Вожык». Беларускі сатырычны часопіс пражыў 80 год

    Былы супрацоўнік «Вожыка», журналіст Сяргей Навумчык на «Радыё Рацыя» у праграме «Мы бачым» распавёў пра зорны час гісторыі легендарнага беларускага часопіса. БАЖ уважліва паслухаў выпуск і прапаноўвае чытачам тэкставую версію.

    Сяргей Навумчык. Фота: t.me/Navumcyk

    Сяргей Навумчык — беларускі журналіст і палітык. Нарадзіўся ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, удзельнічаў у самвыдатаўскім друку. Узначальваў ініцыятыўную групу супраць будаўніцтва АЭС у Віцебскай вобласці ў 1988‑м. У 1990–1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ, член Канстытуцыйнай Камісіі і парламенцкай Камісіі ў пытаннях СМІ і правоў чалавека, Часовай Камісіі ВС па ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Узначальваў інфармацыйнае агенцтва «Павет». Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (1990) і абвяшчэнні незалежнасці Беларусі на нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета 25 жніўня 1991 года. У 1996 годзе вымушаны пакінуць Беларусь. Некалькі дзесяцігодзяў працаваў на «Радыё Свабода».

    26 студзеня 1990 года беларуская мова афіцыйна атрымала статус дзяржаўнай, і адразу на гэта адгукнуўся «Вожык». У нумары з’явіўся фельетон, у якім грамадзянін Гвоздь скардзіўся, што стаў Цвікам. За нумарам адразу выстраіліся аграменныя чэргі. Менавіта яны сталі адметнымі для свежых нумароў часопіса «Вожык» канца 80-х-пачатку 90‑х гадоў у Беларусі.

    Былі і надзея, і новыя знакі таго, што незалежнасць і свабода магчымыя. «Вожык» пры гэтым быў не проста часопісам сатыры — ён адлюстроўваў настроі грамадства, жыў з ім і для яго.

    Аднак паступова з’явіўся побытавы гумар, палітычныя фельетоны зніклі, чытацкая аўдыторыя пачала змяншацца і ў 2022 годзе часопіс спыніў свой друкаваны выхад. 

    «Актыўнасць стварала для галоўнага рэдактара праблемы, але ён глядзеў скрозь пальцы»

    — Вельмі дарагія для мяне людзі — Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў — папрасілі тагачаснага галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» Валянціна Блакіта ўзяць мяне да сябе на працу. У 1989‑м ён мяне ўзяў, праўда, без мінскай прапіскі, без нейкага там жытла — я бадзяўся, па знаёмых жыў. Але, тым не менш, туды прыйшоў на працу. Гэта, канешне, была змена вельмі істотная для мяне, бо сатырычны часопіс і звычайная грамадска-палітычная газета, дзе я працаваў раней, гэта былі розныя рэчы.

    Галоўнае, што трэба сказаць, што калі туды прыйшоў Валянцін Блакіт, ён сапраўды быў за перабудову, ён быў супраць камуністычнага кансерватызму. І хоць гэта было выдавецтва ЦК КПБ, але Блакіт абсалютна не падтрымліваў лінію, якую гэта партыйнае кансерватыўнае кіраўніцтва БССР вяло. Гэтая лінія была вельмі добра вызначаная Алесем Адамовічам, калі ён сказаў, што гэта «Вандэя перабудовы».

    часопіс «Вожык»

    Адзін з лагатыпаў часопіса «Вожык»

    Усё гэта супала яшчэ і з утварэннем Беларускага народнага фронта — я тады вельмі актыўна далучыўся да палітычнай дзейнасці ў БНФ. Мая такая актыўнасць стварала для галоўнага рэдактара пэўныя праблемы, але ён глядзеў скрозь пальцы.

    Крыху мне было незвычайна, таму што калі ты працуеш у газеце, хоць «Віцебскі рабочы» і не была такая ўжо смелая газета, як сатырычны часопіс, але ты напісаў артыкул сёння, заўтра ён выходзіць у нумары і ўжо адразу можна бачыць нейкую рэакцыю на яго.

    Тэхналогія выпуска часопіса — зусім іншая. Нумар здаваўся за некалькі месяцаў. Самае ранняе, як памятаю, калі мог выйсці нумар, гэта прыблізна два месяцы. Мяне гэта вельмі моцна нервавала, бо хацелася імгненнай рэакцыі, але такая была тэхналогія.

    І складанасць была яшчэ ў тым, што тады ж час вельмі імкліва ішоў, падзеі вельмі моцна, вельмі пільна мяняліся. Сапраўды вельмі гэтая галоснасць моцна развівала грамадства. Асабліва гэта стала заўважна вясной 1989 году, калі адбыўся першы З’езд народных дэпутатаў СССР у Маскве, хоць ніводнага кандыдата туды ад БНФ і не прайшло.

    Прайшло 35 гадоў, актуальнасць не знікла

    — Сапраўды, пара цікавая. І тут, напэўна, шмат што залежыць ад рэдактара любога падобнага выдання. Раскажыце пра тагачаснага рэдактара часопіса «Вожык».

    — Вельмі важна, што галоўны рэдактар Валянцін Блакіт быў чалавекам прагрэсіўных поглядаў. Ён быў камуністам, але пры гэтым належыў да катэгорыі людзей, якіх, як я потым зразумеў, у Беларусі вельмі не хапала. Я маю на ўвазе нацыянал-камуністаў, камуністаў нацыянальнай арыентацыі, бо асноўная ж частка камуністаў, партыйных работнікаў была прарасійскай.

    А вось ён быў нацыянальным і ён быў пісьменнікам. Ёна падтрымліваў закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы, напрыклад, якраз у канцы 1989-га ішло яго абмеркаванне, потым у студзені 1990-га закон быў прыняты. Ішло змаганне за тое, каб быў зарэгістраваны Беларускі народны фронт. Ішло змаганне за сімволіку. Кожны дзень мы збіраліся ў кабінеце галоўнага рэдактара і абмяркоўвалі, якія тэмы варта было б падымаць. Прапаноўвалі ў тым ліку ідэі, сюжэты для карыкатур.

    Вось магу пахваліцца адной сваёй ідэяй, а я дагэтуль час ад часу ў інтэрнэце бачу гэту карыкатуру. Мне прыйшоў у галаву такі сюжэт: едзе машына хуткай дапамогі (а хуткая ж была тады белай з чырвонай паласой), як тармозіць даішнік, які кажа шафёру, што той будзе аштрафаваны за незарэгістраваную сімволіку. Усе пасмяяліся — і мастачка намалявала гэтую карыкатуру.

    Карыкатура ў «Вожыку», 1989 год

    Вось прайшло ўжо 35 гадоў, але я бачу гэту выяву час ад часу — і яна стала, на вялікі жаль, яшчэ больш актуальнай. Бо зараз не штрафы за бел-чырвона-белую сімволіку, а турма можа быць.

    Вось гэтая вастрыня была характэрная для таго часу. Часопіс жа выдаваўся дзесяцігоддзямі, ён пісаў там пра нейкія недахопы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, напрыклада, недзе дах пацёк, недзе каналізацыю прарвала, хтосьці там праваліўся. Вось такое. А з канца 80‑х пачалі ўжо падымаць грамадска-палітычныя тэмы, тое, што стала важным для ўсіх.

    Толькі па-беларуску

    Другі важны момант, што нават у камуністычныя часы, цягам дзесяцігоддзяў «Вожык» выдаваўся толькі на беларускай мове. Быў літаратурны дадатак да часопісу — «Бібліятэка „Вожыка“». Раз на два месяцы выдаваліся маленькія зборнікі фельетонаў. Між іншым, самая-самая першая кніжка Васіля Быкава ў 1960 годзе выйшла менавіта ў гэтай серыя — зборнік гумарыстычных апавяданняў «Ход канём».

    У той бібліятэчцы друкаваліся практычна ўсе класікі беларускай літаратуры так ці інакш. Гэта было важна і для іх таксама, асабліва, калі чалавек толькі ўваходзіў у літаратуру, бо выдаць тады кнігу прозы ў звычайным выдавецтве займала некалькі гадоў. Гэта быў вельмі доўгі працэс, нармальным лічылася чатыры-пяць гадоў чакаць выхаду. А тут можна было адносна хутка выдацца — цягам паўгода ці года. А гэта ўжо давала магчымасць уступлення ў Саюз пісьменнікаў.

    І нават з прыходам Лукашэнкі часопіс выходзіў па-беларуску ў сітуацыі татальнай русіфікацыі. Гэта таксама вельмі важна. Зразумела, што той жа самы «Вожык» не мог пісаць пра Лукашэнку тое, што трэба было б пісаць. Але ўсё ж такі гэта беларускае выданне было, гэта істотна, бо ўсё ж такі падтрымлівала мову беларускую.

    Парушэнні партыйных табу

    — Ці можаце ўспомніць па выніках сваёй працы ў «Вожыку» матэрыял, які найбольш цяжка даўся, цяжка праходзіў, доўга чакалі яго друку?

    — Гэта была тэма будаўніцтва свінакомплексаў. У 80‑я гады ў Беларусі пачалі будаваць гіганцкія свінакомплексы на 50 і на 100 000 галоў. Прычым асноўная частка прадукцыі ішла ў Маскву і Ленінград. Беларусам заставалася зусім няшмат.

    У Брэсцкай вобласці іх пачалі будаваць. За гэта першы сакратар абкома партыі Яфрэм Сакалоў атрымаў зорку Героя сацыялістычнай працы, а потым Гарбачоў яго прызначыў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. Гэта быў той самы кансерватыўны ў дрэнным сэнсе гэтага слова Сакалоў, які выступаў супраць Беларускага народнага фронту, супраць Быкава, потым супраць незалежнасці.

    Акрамя той ролі, што гэтыя комплексы высмоктвалі з Беларусі сокі, будзем так казаць, то яны мелі яшчэ вельмі адмоўны вынік — былі вельмі экалагічна небяспечныя. Напрыклад, адна з праблем атамнай станцыі, што дагэтуль няма ідэальнай сістэмы захавання радыяактыўных выкідаў. Вось гэтае адпрацаванае паліва нельга абсалютна знішчыць, яно захоўваецца ў кантэйнерах у асаблівых умовах дзясяткі гадоў — і застаецца небяспечным. Дык вось гэты гной, прабачце, што свінні вырабляюць у масавых памерах, таксама вельмі цяжка ўтылізаваць. Вельмі часта гэта ўсё проста вылівалася ў рэкі, ў азёры ці проста ў зямлю.

    Я напісаў матэрыял пра гэта. Памятаю, што ён перарабляўся, перш чым быў надрукаваны, разоў сем. Не ведаю, ці насіў яго рэдактар у ЦК, але кожная пераробка адбівалася на фельетоне. Першае, што там было выкінута, гэта ўсе паралелі, ўсе намёкі на Сакалова. І гэта адразу зводзіла мараль да аднаго сказу, кшталту, «а давайце падумаем, ці вельмі ўжо гэта нам патрэбна, калі такая, як кажуць навукоўцы, можа існаваць небяспека». Я ўжо ў прынцыпе нават не хацеў сваё прозвішча ставіць пад гэтай публікацыяй, бо гэта было зусім не тое вострае, што я напісаў першапачаткова. Але тэкст пайшоў і пэўны рэзананс меў.

    Усё роўна атрымаў галоўны рэдактар Валянцін Блакіт па галаве ў ЦК за яго — вельмі там не спадабалася публікацыя. Яны хацелі, каб гэта ўвогуле не было надрукавана. Ну, а многія кіраўнікі раёнаў ці абласцей прачыталі і, ведаю дакладна, былі вельмі ўражаныя. Бо ўсё ж такі існавала кампартыя, якая кантралявала прэсу, на многія пытанні было табу.

    Якая можа быць сатыра пры дыктатуры?

    —Акурат такіх тэмаў і не было знайсці ў апошніх нумарах «Вожыка». Увогуле ў апошняе дзесяцігоддзе свайго існавання часопіс абмяркоўваў выключаны побытавыя тэмы.

    — Тут агульная прычына для ўсёй прэсы, якая выходзіць пры Лукашэнку. Тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта можна ацаніць толькі адным словам — дыктатура. А якая можа быць сатыра пры дыктатуры? Сатыра пры дыктатуры не можа існаваць. Можа існаваць толькі вельмі грубае, пошлае, непрафесійнае нешта ў бок палітычных аппанентаў. Што мы і бачым з некаторых праграм афіцыйнага тэлебачання. Іншага зрэшты і няма, толькі афіцыйнае. Сатыра альбо сыходзіць у падполле, альбо знікае. Таму тое, што адбылося з «Вожыкам», абсалютна заканамерна.

    Пра ўзровень дэградацыі можа сведчыць літаратурны ўзровень. Тое, якім ён стаў пры Лукашэнку, непараўнальна з тым, што было нават пры камуністах у 50‑я, 60‑я, 70‑я гады.

    Усё ж такі друкаваліся ў бібліятэчцы «Вожыка» і Кандрат Крапіва, і Васіль Быкаў, і Іван Мележ, і Іван Шамякін. Я памятаю, як браў падшыўкі за 50‑я, за 60‑я гады, гартаў і бачыў, якія там імёны — гэта ўсё былі класікі беларускай літаратуры. З іх, можа быць, толькі адзін Кандрат Крапіва лічыўся прафесійным сатырыкам. Для астатніх публікацыя ў «Вожыку» была проста эпізодам творчай біяграфіі. Тым не менш, нічога падобнага, канешне, пры Лукашэнку быць не можа.

    Проста бачым агульную дэградацыю абсалютна. Я толькі так магу гэта назваць.

    Гісторыя «Вожыка»

    Выданне ўзнікла ў ліпені 1941 года як агітплакат, орган ЦК КП(б)Б пад назвай «Раздавім фашысцкую гадзіну» (з сакавіка 1942 года — газета-плакат). Выходзіла ў Гомелі, потым у Маскве. Са жніўня 1945 года выдаваўся ў Мінску як часопіс сатыры і гумару «Вожык». Да 1958 друкаваўся на 8, затым на 12 старонках, з каляровымі ілюстрацыямі. З кастрычніка 2009 года па кастрычнік 2011 года — як альманах, са студзеня 2012 года — зноў як часопіс сатыры і гумару.

    Штомесячна на беларускай мове друкаваў фельетоны, памфлеты, байкі, прытчы, вершы, апавяданні, інтэрмедыі, п’есы, сцэнкі, гумарэскі, іранескі, мініяцюры, пародыі, эпіграмы, каламбуры, афарызмы, жарты, усмешкі, анекдоты, пераклады сатырычных і гумарыстычных твораў, а таксама карыкатуры, шаржы, малюнкі, плакаты, крыжаванкі.

    Выдаваў сатырычны плакат «На калючкі» (з 1963 года, 2 разы ў год). «Бібліятэка „Вожыка“», літаратурны дадатак да часопіса сатыры і гумару «Вожык», выходзіла ў выдавецтве ЦК КПБ з 1957 г. па 6 кніжак штогод (затым — у РВУ «Літаратура і Мастацтва»).

    Восенню 2021 года было абвешчана аб спыненні выхаду часопіса як самастойнага выдання з 2022 года. На той час тыраж «Вожыка» складаў 472 асобнікі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.