«1860 дзён несправядлівага зняволення». CPJ вітае вызваленне Анджэя Пачобута
Камітэт абароны журналістаў вітае вызваленне Беларуссю журналіста Анджэя Пачобута ў рамках польска-беларускага абмену палоннымі паміж ЗША, Малдовай, Румыніяй, Расіяй, Казахстанам і Украінай.

Анджэй Пачобут і яго жонка Аксана ў варшаўскай лякарні. 29 красавіка 2026 года. Фота: Facebook Аксаны Пачобут
«Камітэт абароны журналістаў вітае сённяшняе вызваленне Анджэя Пачобута пасля 1860 дзён несправядлівага зняволення», — заявіла Фіёна О’Браен, рэгіянальная дырэктарка Камітэта абароны журналістаў па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Анджэй Пачобут быў вызвалены ў рамках абмена палонных з розных краін, які адбыўся на польска-беларускай мяжы і быў пацверджаны прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
«Ён не павінен быў праводзіць ніводнага дня за кратамі. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць 22 журналістаў, якія дагэтуль знаходзяцца пад вартай за іх працу», — падкрэсліла спадарыня О’Браен.
У 2024–2026 гадах у Беларусі да заканчэння тэрміну пакарання было вызвалена 19 журналістаў. Тым не менш, толькі ў сакавіку чацвёра журналістаў былі асуджаныя на тэрміны ад трох да 14 гадоў пазбаўлення волі за сваю працу. Усяго па стане на 28 красавіка ў зняволенні ў Беларусі заставаліся 22 журналісты.
@bajmedia