• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэпарцёры без межаў» вітаюць вызваленне Анджэя Пачобута

    «Рэпарцёры без межаў» (RSF) вітаюць вызваленне журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута, які пяць гадоў правёў за кратамі. Пры гэтым арганізацыя заклікае улады Беларусі неадкладна вызваліць два дзясяткі журналістаў, якія яшчэ застаюцца ў зняволенні.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут у першыя хвіліны на волі. 28 красавіка 2026 года. Памежжа Беларусі і Польшчы ля Белавежскай пушчы. Фота: X/@TomaszSiemoniak

    Кіраўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі RSF Жанна Кавелье зазначае, што арганізацыя рада вызваленню журналіста Андрэя Пачобута, якога адвольна ўзялі пад варту пяць гадоў таму.

    «Хаця яго вызваленне — выдатная навіна, яно адбылося ў рамках абмену палоннымі, што сведчыць аб працяглай інструменталізацыі палітычных зняволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. RSF заклікае ўлады Беларусі неадкладна і без дадатковых умоў вызваліць астатніх журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні», — пакрэсліла прадстаўніца «Рэпарцёраў без межаў».

    Анджэй Пачобут нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца ў Гродзенскай вобласці. У 1998 годзе скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 1999 па 2001 гады працаваў выкладчыкам права ў Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнесу.

    З 2002 года стаў займацца журналістыкай. Працаваў у гродзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», Głos znad Niem­na («Глос з‑над Немна»), а таксама быў карэспандэнтам агульнанацыянальнай незалежнай газеты «Народная воля». Займаў пасаду галоўнага рэдактара Mag­a­zynu Pol­skiego na uchodźst­wie – часопіса Саюза палякаў у Беларусі. Быў актыўным сябрам Саюза палякаў у Беларусі, да якога належаў з пачатку 1990‑х гадоў. З 2006 года з’яўляўся карэспандэнтам у Беларусі буйнога польскага выдання Gaze­ta Wybor­cza.

    Анджэй Пачобут быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 25 сакавіка 2021 года. Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 3 арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і ч. 3 арт. 130 — «Распальванне варожасці ці варажнечы». 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.