У Вільні ўручылі прэмію Гедройця. Лаўрэат — Анджэй Пачобут
28 красавіка ў Вільні журналіста Анджэя Пачобута ўганаравалі прэміяй імя Ежы Гедройця. Цырымонія прыпала на дзень, калі палітвязень быў вызвалены з вязніцы ў рамках абмену. Гэтую навіну на цырымоніі сустрэлі авацыяй. Прэмію за Пачобута атрымаў з ягонай згоды былы палітвязень Эдуард Пальчыс.

Справа на здымку былы палітвязень Эдуард Пальчыс атрымлівае за Анджэя Пачобута прэмію Ежы Гедройця. У цэнтры — былая кіраўніца Белсату Агнешка Рымашэўска.
Форум, на якім адбылася цырымонія, прысьвячаўся Ежы Гедройцю — польскаму інтэлектуалу віленскага паходжаньня, які казаў пра агульнасьць і залежнасьць лёсаў краінаў Усходняй Эўропы. Дыскусія праходзіла ў сымбалічным месцы — будынку на Замкавай ( Piles) вуліцы Вільні, дзе ў 1918 годзе была падпісана дэклярацыі аб незалежнасьці Літвы.
Пра вызваленьне журналіста стала вядома як раз у момант, калі ўдзельнікі дыскусіі спрачаліся пра актуальнасьць думкі рэдактара польскага часопіса «Культура» Ежы Гедройця. Той пасьля Другой сусьветнай вайны з Парыжу сьцьвярджаў, што бяз вольнай Літвы, Украіны і Беларусі Польшча не захавае свабоду і незалежнасьць.

Падчас дыскусіі аб інтэлектыальнай спадчыне Ежы Гедройця. Дэпутат Сейма Літвы Баранавас, віцэ-маршалак Сената Польшчы Групіньскі, мадэратары Лапата і Нікжэнтайціс, былы рэдактар «Газэты выборчай» Міхнік, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Рублёў, дарадца Ціханоўскай Вячорка.
Лёс беларускага журналіста польскага паходжаньня Анджэя Пачобута, які 5 гадоў знаходзіўся ў закладніках беларускага рэжыму, кіраўнікам літоўска-польскага фонду Ежы Гедройца, якія арганізавалі форум у Вільні, уяўляўся доказам гэтай думкію І таму яны яшчэ да сустрэчы вырашылі ўганараваць Анджэя Пачобута, тады палітвязьня, традыцыйнай прэміяй імя Ежы Гедройца.
«Лукашэнка быццам даведаўся пра наша рашэньне і нарэшце адпусьціў Пачобута на волю», — дасьціпна пажартаваў на ўручэньні прэміі адзін з кіраўнікоў фонду.

Прэмія Ежы Гедройця ў 2026 была прысуджаная журналісту Анджэю Пачобуту
На цырымоніяй з прадстаўленьнем да ўзнагароды выступіла былая дырэктара Белсату Агнэшка Рымашэўска. Вядомая польская журналістка згадала працу Анджэя Пачобута ў беларускіх газэтах «Пагоня» і «Народная воля», першы арышт у 2011 годзе, актывізм у Саюзе палякаў Беларусі, шматгадовае супрацоўніцтва з польскімі мэдыямі.
«За сваю барацьбу і адданасьць прынцыпам ён заплаціў вялікую цану — свабоду», — сказала пра пяцігадовы турэмны тэрмін Пачобута Агнэшка Рымашэўска.

Знак прэміі Ежы Гедройца — бронзавую статуэтку ў выглядзе злучаных сьцягоў з гербамі Польшчы і Літвы — за Анджэя Пачобута атрымаў былы беларускі палітвязень Эдуард Пальчыс, якія адбываў пакараньне з адной з Пачобутам калёніі ў Наваполацку. Эдуард Пальчыс не хаваў, што да канца ня можа паверыць, што для Пачобута нарэшце скончыліся пакуты, якія ён зьведаў у ШЫЗА і карцэрах.
«Ён даўно мог напісаць прашэньне аб памілаваньні, але не адступіў», — адзначыў мужнасьць і прынцыповасьць журналіста Эдуард Пальчыс.
У мерапрыемствах, якія прайшлі ў Вільні з нагоды 120 гадоў Ежы Гедройца, бралі ўдзел прадстаўнікі палітычнай і культурнай супольнасьці Літвы і Польшчы, у тым ліку мэр Вільні Валдас Бянкунскас, віцэ-маршалак Сэната Польшчы Рафал Групіньскі і віцэ-спікерка Сэйма Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсен. У абмеркаваньні ўплыву інтэлектуальнай спадчыны Ежы Гедройца на лёсы народаў Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны ўдзельнічаў старэйшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
@bajmedia