• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады выставілі на аўкцыён лецішча завочна асуджанага журналіста Уладзіміра Хільмановіча

    Гэта частка арыштаванай маёмасці гродзенскага журналіста, якую паводле рашэння суда планавалі прадаць дзеля кампенсацыі накладзенага на яго штрафу памерам 40 тысяч беларускіх рублёў.

    Уладзімір Хільмановіч

    Уладзімір Хільмановіч. Фота: з архіва суразмоўцы

    «Паводле судовага выраку, пагасіць штраф плануецца за кошт продажу арыштаванай маёмасці. Гэта кватэра ў Гродне, побытавая тэхніка і мэбля, што ў ёй знаходзіліся, грашовыя сродкі ў суме 100,12 EUR, забраныя следчымі падчас ператрусу, а таксама будынак у вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна.

    Гэта былы сельскі клуб — так ён і дагэтуль фігуруе ў дакументах. Я планаваў абсталяваць там месца для адпачынку, бо гэта бераг Нёмана, навокал найцудоўнейшыя краявіды. Але ўвасабленне ідэі вымагала вялікіх грашовых укладанняў, і яго давялося адкласці да лепшых часоў», — распавёў Уладзімір Хільмановіч.

    На сайце электроннай пляцоўкі па продажы маёмасці «БелЮрЗабеспячэнне» пазначаны тэрмін правядзення аўкцыёна — 19 сакавіка 2026 года. Драўляная пабудова плошчай 109 кв. м., якая вымагае вельмі грунтоўнага рамонту, а то і ўвогуле зносу, ацэненая ў 5 040 беларускіх рублёў.

    У параўнанні з памерам накладзенага штрафу — гэта мізер, кажа Уладзімір Хільмановіч: «Мяркую, што арыштаваную побытавую тэхніку ўжо прадалі, але гэта зусім “капейкі”. Цяпер да продажу падрыхтаванае лецішча, якое ім практычна не стала, і галоўная каштоўнасць якога — знаходжанне ў вельмі маляўнічых мясцінах і ў тым што да Гродна ўсяго якіх-небудзь 35 кіламетраў. А на чарзе кватэра, і ў колькі яе ацэняць, нават не бяруся меркаваць».

    Лецішча журналіста Уладзіміра Хільмановіча. Фота: «БелЮрЗабеспячэнне»

    Справа Уладзіміра Хільмановіча

    Нагадаем, што 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у  садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. На той час журналіст ужо некалькі год не жыў у Беларусі, яго крымінальную справу разглядалі ў парадку спецыяльнай вытворчасці, і прысуд быў вынесены завочна: пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф. Спробы абскардзіць вырак абласнога суда поспеху не мелі.

    Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года. Якраз тады  сілавікі і апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.

    Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года.

    13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС.

    Журналіст адзначае, што дагэтуль не ведае, за якія канкрэтна дзеянні ў дачыненні да яго вынесены абвінаваўчы прысуд. Але мае падставы лічыць, што яго пакаралі менавіта за прафесійную дзейнасць, бо ў пастанове абласнога суда сярод рэчавых доказаў згаданыя «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі Хільмановіча», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.