• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржпрапаганда пагражае журналістам трансмежным крымінальным пераследам за 25 сакавіка

    Пагрозы прагучалі ў праграме Рамана Пратасевіча, прысвечанай сёлетнім святкаванням Дня Волі ў Вільні і паказанай 27 сакавіка на тэлеканале СТБ. У якасці ўзораў выдатнай працы беларускіх спецслужб былі названыя імёны і прозвішчы некалькіх «апазнаных» асоб, што прысутнічалі на святочным мітынгу.

    У іх ліку прапагандыст пералічыў заснавальніка рэгіянальнага медыйнага праекта orsha.eu Ігара Казмярчака і журналіста Захара Шчарбакова, былога супрацоўніка разгромленага ўладамі незалежнага інфармагенства БелаПАН.

    Вядоўца праграмы «Без прикрытия» Раман Пратасевіч заявіў, што ўдзельнікам святочных мерапрыемстваў варта «дрыжэць і баяцца», бо наступствамі для іх стануць крымінальныя справы, завочныя суды і адабранне маёмасці.

    Па сутнасці, ён паўтарыў пагрозы Следчага камітэта на адрас беларусаў у замежжы крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці, выказаныя 23 сакавіка — напярэдадні святкавання гістарычнай даты. Тады афіцыйны прадстаўнік СК Аляксандр Сухадольскі назваў святкаванне 25 сакавіка «правакацыйным мерапрыемствам» «дзеля дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне».

    Прысутнасць на вулічным святкаванні журналістаў Ігара Казмерчака і Захара Шчарбакова зафіксавалі аматары лёгкага заробку, якія пагадзіліся зрабіць фота і відэа падчас святочнага мітынгу.

    «Я таксама здымаў відэа, але як журналіст. У прыватнасці, выступ Паўла Севярынца, імя якога Раман Пратасевіч чамусьці вырашыў не называць. Тое, што “апазналі” і назвалі мяне, абсалютна не паўплывае на маё далейшае жыццё. Ва ўяўленні ўладаў на мне і так ужо няма дзе таўра ставіць. Таму адной крыміналкай больш, адной менш — не прынцыпова. Так што, для мяне гэтыя пагрозы проста страсенне паветра», — кажа Ігар Казмярчак.

    З 2021 года ён жыве ў вымушанай эміграцыі, і для беларускіх спецслужбаў, якімі палохае тэлегледачоў Пратасевіч, гэта не павінна быць вялікім адкрыццём. Яшчэ ў 2022 годзе Ігара абвясцілі ў вышук спачатку ў Белларусі, а потым у міждзяржаўны вышук у межах СНД. Падставай паслужыла крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК РБ). У лістападзе 2023 года Казмерчак даведаўся, што на ягоную аршанскую кватэру накладзены арышт. Адпаведную пастанову вынес Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта. 13 сакавіка 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Ігара Казмерчака. У ягонай справе згадваліся ўжо два крымінальныя артыкулы: часткі 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    Былы журналіст незалежнага інфармагенства БелаПАН Захар Шчарбакоў таксама стаў вымушаным эмігрантам: ён пакінуў Беларусь пад пагрозай пераследу за прафесійную дзейнасць. 18 жніўня 2021 года адбылася атака ўладаў на медыя і шматлікія ператрусы ў яго сурацоўнікаў, у іх ліку быў і Шчарбакоў. У яго забралі ноўтбук, тэлефон і флэшкі. Потым журналіста адвезлі на допыт у Следчы камітэт, праз некалькі гадзін вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні.

    Затрымлівалі Захара Шчарбакова і ў ліпені 2020 года — разам з групай журналістаў, якія асвятлялі падзеі тагачаснай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Калегі планавалі адсачыць той момант, калі Марыя Калеснікава пойдзе падаваць у КДБ хадайніцтва аб змене меры стрымання арыштаванаму прэтэндэнту на ўдзел у выбарах Віктару Бабарыку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.