• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла Інга Пэтца медалём «За плённую працу на карысць Беларусі»

    1 красавіка 2026 года ў Берліне Святлана Ціханоўская ўручыла медаль Аб’яднанага пераходнага кабінета нямецкаму журналісту, пісьменніку і даследчыку Беларусі Інга Пэтцу (Ingo Petz).

    Святлана Ціханоўская ўзнагароджвае Інга Пэтца медалём «За плённую працу на карысць Беларусі». Фота: прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай

    Інга Пэтц — нямецкі журналіст, пісьменнік і партнёр Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ён спецыялізуецца на беларускай культуры і музыцы, а таксама з’яўляецца кіраўніком рэдакцыі па Беларусі анлайн-партала dekoder.org, які забяспечвае нямецкамоўную аўдыторыю глыбокім кантэкстам і ведамі пра Беларусь. Дзякуючы яго працы беларускія культурныя і інтэлектуальныя праекты сталі значна больш вядомымі ў Германіі.

    Інга Пэтц вывучаў усходнееўрапейскую гісторыю, славістыку і паліталогію ў Кёльне і ў Расіі. Упершыню наведаў Беларусь у 1994 годзе, пасля чаго зацікавіўся беларускай культурай і гісторыяй і стаў актыўным удзельнікам нямецка-беларускага таварыства.

    У 2006 годзе Пэтц выдаў CD «The Red Book of Belaru­sian Music», а таксама арганізоўваў беларускія канцэрты і культурныя імпрэзы ў Берліне, спрыяючы папулярызацыі беларускай музыкі за мяжой.

    У 2025 годзе ў выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшла яго кніга «Rasender Still­stand: Belarus – eine Rev­o­lu­tion und die Fol­gen», у якой аўтар аналізуе падзеі 2020 года ў Беларусі і разглядае іх у шырокім еўрапейскім кантэксце.

    З 2021 года Інга Пэтц ініцыяваў шэраг адукацыйных праграм, накіраваных на павышэнне якасці і прафесійных стандартаў беларускай журналістыкі ў выгнанні.

    «Узнагароджанне медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» адзначае значны ўнёсак Інга Пэтца ў прасоўванне беларускай культуры, падтрымку незалежнай журналістыкі і ўзмацненне міжнароднай увагі да Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Святланы Ціханоўскай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.