З’явіўся падкаст-навігатар для тых, хто хоча сачыць за беларускай культурай
У сакавіку выйшаў першы эпізод «Кропкі над ё». Як кажуць стваральнікі, гэта падкаст пра навіны беларускай культуры, які «дапаможа не страціць сувязь з тым, што адбываецца ў музыцы, літаратуры, тэатры і кіно».

Вокладка «Кропкі над ё»
«Кропкі над ё» — гэта навігатар для тых, «хто не паспявае сачыць за ўсімі сферамі культуры; хоча заставацца ў курсе; разумець, а не проста ведаць пра падзеі; шукае рэкамендацыі, што паслухаць, пачытаць, паглядзець». Запуск падкасту быў прымеркаваны да Дня Волі, 25 сакавіка.
Адзін са стваральнікаў праекта Кірыл М. у гутарцы з БАЖ кажа, што «Кропкі над ё» задумваліся як нешта паміж маштабнымі афішамі ці вельмі нішавымі праектамі.
— Зразумела, з’яўляюцца часам розныя каналы пра падзеі беларускай культуры, але яны ці досыць маштабныя, як тая ж «Будзьма беларусамі!», на якой вельмі шмат матэрыялаў, ці больш нішавыя, можа быць, як у Мікіты Моніча ці Аляксандра Чарнухі. Ёсць, канешне, адмысловыя рубрыкі ў СМІ, дзе нерэгулярна з’яўляюцца культурніцкія матэрыялы ці навіны, але гэта часам трошкі раскідана і трошкі цяжка сачыць за ўсім.
І мы зрабілі такі вось падкаст, дзе збіраем, аналізуем нейкія цікавыя і адметныя навіны за пэўны перыяд, якія можна лічыць значнымі. Не проста пра тое, што выйшла новая кніга, кліп, альбом і яшчэ нешта, а засяроджваць увагу на досыць адметным. Вось гэта адбіраем для слухачоў і спрабуем запакаваць у цікавую падачу, распавесці слухачам самае цікавае і трошкі патлумачыць кантэкст таксама.
— Праект жа размяшчаецца не толькі на YouTube?
— Так, ён амаль на ўсіх папулярных падкаставых пляцоўках. То-бок, каб чалавек мог спажываць гэтую інфармацыю і падчас спорту, і ў дарозе, і калі гатуе ці займаецца іншымі хатнімі справамі. YouTube не заўжды зручны для гэтага.
Намагаемся, каб гэта было максімальна хутка — плануецца, што выпускі будуць працягвацца 8–10 хвілін. Не заўсёды зараз хапае часу ў людзей, каб сесці і глядзець ролік ці чытаць навіны. Паспрабуем у такім фармаце, паглядзім, як пойдзе, наколькі будзе цікава людзям.
Акрамя сусветных пляцовак, размясцілі і на «Яндекс. Музыка», нас за гэта крытыкуюць часам, але мы сыходзім з таго, што гледачы і слухачы ў Беларусі абмежаваныя ў доступе і карыстанні заходнімі пляцоўкамі. Нехта проста не рызыкуе ў Беларусі імі карыстацца, нават калі ёсць доступ. Да таго ж, некаторыя пляцоўкі ёсць платнымі, што таксама праблема для слухача ў Беларусі.
Каб было яшчэ зручней, мы і ў самім Telegram-канале таксама публікуем аўдыявыпуск. Там ёсць опцыя, якая дазваляе слухаць у фонавым рэжыме пры выключаным экране смартфона. Гэта тое, чаго не можаш зрабіць з YouTube і што вельмі ў ім раздражняе карыстальнікаў.
— Якая ў вас каманда і ці быў раней досвед з падкастамі?
— Мы не публічым імёнаў, але каманда мае досвед працы з рознымі фарматамі. Мы працавалі над праектам «Маlus». Таксама стваралі відэакантэнт для шэрагу незалежных беларускіх медыя. То-бок працаваць у розных фарматах мы можам і ўмеем, эксперыментуем. Канвергентная ў нас рэдакцыя, можна і так сказаць. Тры чалавекі працуе над «Кропкі над ё».
— Якая перыядычнасць плануецца?
— Будзе залежыць, вядома, ад інтэнсіўнасці навін, ад сезону. Пакуль паспрабуем рабіць раз на два тыдні, калі будзе магчымасць, выйдзем на штотыднёвы ўзровень.
Праслухаць першы выпуск можна: Spotify | Apple Podcasts | Castbox | Яндэкс
@bajmedia