Лукашэнка прызначыў міністрам інфармацыі Дзмітрыя Жука, галоўнага рэдактара «СБ Беларусь сегодня»
Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2026 года правёў шэраг кадравых прызначэнняў. Сярод іншага, ён замяніў міністра інфармацыі — замест Марата Маркава пасаду зойме кіраўнік выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і галоўрэд праўладнай газеты «СБ Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук.

Дзмітрый Жук. Фота: sb.by
«Нясе адказнасць за перадачу медыямі дзяржаўнай прапаганды»
Жук — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. З’яўляецца сябрам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання ад Мінску.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў адной з вёсак Мінскай вобласці. У 1992 годзе скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта па спецыяльнасці «выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры». У 1992–1993 гадах працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе-гімназіі ў Мінску. З 1993 па 1997 гады працаваў у выдавецка-інфармацыйным цэнтры Нацыянальнага банка Беларусі. У 1997–1999 гадах працаваў у прадстаўніцтве расійскага інфармацыйнага агенцтва «Интерфакс» у Беларусі. У лістападзе 1999 года прызначаны кіраўніком прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. З 2003 па 2018 гады займаў пасаду дырэктара дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА (РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва»).
З 6 лютага 2018 года прызначаны галоўным рэдактарам выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня» і аднайменнай газеты.
У 2011 годзе разам з іншымі супрацоўнікамі і кіраўнікамі дзяржаўных СМІ Беларусі быў уключаны ў так званы чорны спіс Еўрапейскага саюза ў сувязі з рэпрэсіямі, якія распачаліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Жуку забаранілі ўезд на тэрыторыю ЕС, ягоныя актывы падлягалі замарозцы.
Як было заяўлена ў рашэнні, «Жук нясе адказнасць за перадачу медыямі дзяржаўнай прапаганды, якая падтрымлівала і апраўдвала рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці 19 снежня 2010 года, выкарыстоўваючы сфальсіфікаваную інфармацыю». Падчас «размарозкі» стасункаў Захаду і Мінска ў 2016 годзе санкцыі з Жука знялі.
У лістападзе 2020 года быў унесены ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.
У жніўні 2022 года ў інтэрв’ю газеце «Звязда» Дзмітрый Жук заявіў, што ўсе супрацоўнікі дзяржаўных медыя «так ці інакш апынуліся на перадавой гібрыднай вайны, развязанай супраць нашай краіны». Прычым, паводле прапагандыста, вайна пачалася «не ўчора і не пазаўчора, вайна супраць нас вялася паўтара дзесяцігоддзя дакладна».
Гады пасля 2020-га Жук называе выпрабаваннем, але кажа, што яны таксама далі шэраг «цікавых, яскравых імён» і складае свой топ прапагандыстаў: Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Раман Рудзь, Дзмітрый Крат, Максім Восіпаў.
У жніўні 2024 года Рада ЕС прыняла рашэнне аб увядзенні санкцый у дачыненні да 28 асоб за іхную ролю ў рэпрэсіях і парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. У групу «даўніх прыхільнікаў Лукашэнкі, якія атрымлівалі выгады ад рэжыму», як акрэсліла Рада ЕС, трапіў у тым ліку Дзмітрый Жук.
«Гэтыя прапагандысты свядома прадстаўляюць беларускаму грамадству ілжывую інфармацыю пра рэпрэсіі, якія праводзяць дзяржаўныя структуры, распаўсюджваюць дэзінфармацыю як ад беларускіх, так і ад расійскіх уладаў, і распальваюць варожасць у дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці», — гаварылася ў рашэнні Рады ЕС.
Чым запомніўся Маркаў?
Марат Маркаў быў міністрам інфармацыі з чэрвеня 2024 года.
Нарадзіўся Маркаў у 1969 годзе ў Лунінцы, скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча, юрфак БДУ.
Працаваў у БелТА, Адміністрацыі Лукашэнкі, дзе дайшоў да пасады першага намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. Са снежня 2011 года — намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі. У 2017—2024 гадах быў кіраўніком тэлеканала АНТ.
Маркаў быў аўтарам і вядоўцам перадачы «Крупным планом» на тэлеканале «Беларусь 1». У лістападзе 2018 года пачаў весці аўтарскую праграму «Ничего личного» на канале АНТ. Адным з выпускаў гэтай праграмы стала інтэрв’ю з блогерам Раманам Пратасевічам, затрыманым у Мінску пасля прымусовай пасадкі замежнага самалёта. Інтэрв’ю запісвалася цягам чатырох гадзін, у эфір выйшла паўтары гадзіны размовы, падчас якой Пратасевіч прызнаваў сваю віну за ўдзел у праекце «Nexta», абяцаў больш не займацца палітыкай і нават плакаў. На думку праваабаронцаў, гэтае інтэрв’ю было запісана пад ціскам, а ягоны змест — гэта выключна прапаганда.

Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым. Скрыншот праграмы АНТ, 3 чэрвеня 2021 года
Журналісты тэлеканала АНТ, якія звольніліся ў 2020 годзе на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў, пазней распавядалі, што гендырэктар Марат Маркаў не грэбаваў пагрозамі і шантажом. Сваім былым калегам ён асабіста пагражаў «кампраматам, якога дастаткова для крымінальнай справы». Былая прапагандыстка беларускага тэлебачання Інга Хрушчова ў інтэрв’ю «Обычному утру» казала пра Маркава, што ён «вельмі пыхлівы чалавек», далёкі ад сапраўднай журналістыкі:
«Ён калісьці пачынаў працу следчым, па-мойму, у сілавых структурах. І па сваім менталітэце ён такім і застаўся. Якім ветрам яго выдзьмула на тэлебачанне, я не ведаю, гэта міжкланавыя пытанні тады былі. Але гэты чалавек і журналістыка ідуць паралельнымі шляхамі».
Намаганні Марата Маркава былі заўважаныя і ацэненыя: у снежні 2020 года ён быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Лукашэнкі «за стварэнне аўтарскіх тэлеперадач аб людзях, падзеях і дасягненнях суверэннай Беларусі».
Марат Маркаў уваходзіць у Міжведамасную камісію бяспекі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі РБ, якая з 29 жніўня 2020 года пазбавіла акрэдытацыі практычна ўсіх журналістаў замежных медыяў, што працавалі ў Беларусі.
Пры Маркаве Міністэрства інфармацыі штотыдзень праводзіла абнаўленне «Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў», дадаючы ў яго ўсё новыя сайты і старонкі незалежных медыяў у сацсетках, а таксама процьму акаўнтаў звычайных людзей і ініцыятываў, якія не з’яўляюцца СМІ. Па стане на 9 красавіка 2026 года спіс налічвае 2090 старонак.
Цяпер Маркаў прызначаны міністрам культуры замест актора Руслана Чарнецкага, які быў на пасадзе са снежня 2024 года.
Маркаў знаходзіцца ў санкцыйным спісе асоб, якія падтрымліваюць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Таксама Лукашэнка замяніў генеральнага дырэктара БелТА. Ім стаў Андрэй Мохар, які раней узначальваў дырэкцыю інфармацыйнага вяшчання ЗАТ «Другі нацыянальныя тэлеканал», а пачынаў кар’еру на Беларускім дзяржаўным радыё.
@bajmedia