• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларуская рэжысёрка здымае для Малдовы серыял пра сталінскія рэпрэсіі

    Беларуская каманда разам з малдаўскімі калегамі працуе над дакументальна-ігравымі фільмамі, якія прысвечаны сталінскім рэпрэсіям 1937 года. Як распавяла на сваёй старонцы ў Face­book гомельская журналістка Марыя Булавінская, яна на тамтэйшым праекце выступае ў якасці рэжысёркі і сцэнарысткі.

    Марыя Булавінская

    Кадр з праекта пра сталінскія рэпрэсіі. Фота са старонкі ў Face­book Марыі Булавінскай

    Серыя дакументальна-ігравых фільмаў распавядзе, як у Малдаўскай аўтаномнай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы рэпрэсавалі чыноўнікаў, а таксама супрацоўнікаў НКВД, якія самі ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. Па словах спадарыні Булавінскай, гэты праект стаў магчымы дзякуючы таму, што ў Малдове былі рассакрэчаныя архівы КДБ. 

    «Чаму беларусы працуюць над гэтым праектам? Ну а хто лепей, чым не беларусы, разбіраюцца ў рэпрэсіях?», — жартуе Марыя.

    З беларусаў над серыялам таксама працуюць мастак Street Wind, саўнд-дызайнерка Анастасія Пяцэвіч, а таксама адзін з акцёраў. Рэжысёрка гаворыць, што ў працэсе стварэння стужкі бачыць шмат аналогій з айчыннай гісторыяй.

    «Падабенства з нашымі чыноўнікамі, сілавікамі, з самой логікай сістэмы. Думаю, для беларускага гледача — і асабліва для тых, хто сёння застаецца «вінцікам» сістэмы, — гэта будзе важная праца. Фільм атрымліваецца іранічна-трагічны, псіхалагічны і вельмі сучасны па сэнсах», — дадае яна.
     
    Марыя Булавінская

    Кадр з праекта пра сталінскія рэпрэсіі. Фота са старонкі ў Face­book Марыі Булавінскай

    Спадарыня Булавінская спадзяецца, што неўзабаве гэты фільм можна будзе прэзентаваць і беларускаму гледачу.

    Хто такая Марыя Булавінская?

    Марыя Булавінская — рэжысёрка, журналістка, гісторык. Аўтарка шматлікіх дакументальных стужак, пераможца творчага конкурсу БАЖ «Вольнае слова» ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» за фільм «Над сістэмай». 

    Гамяльчанка вымушана з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе. Яна выправілася ва Украіну, дзе скончыла кінашколу. У 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, з’ехала ў адну з еўрапейскіх краін.

    У 2024 годзе Марыя зняла пад Варшавай дакументальны фільм «Выжыў пасля расстрэлу. Лес». Гэта стужка пра рэпрэсіі 1930‑х гадоў на Гомельшчыне і раскопкі, якія цяпер вядуцца пад Гомелем на месцы масавых расстрэлаў 1930‑х гадоў. Стужка была зробленая на падставе архіўных відэа, знятых яшчэ ў Беларусі.

    Марыя Булавінская. Фота з асабістага архіва

    Карціна атрымала міжнароднае прызнанне: яе найлепшым гістарычным фільмам на Berlin Indie Film Fes­ti­val, прызначылі прэмію на міжнародным фестывалі Inter­na­tion­al Gold­en Saf­fron Doc­u­men­tary Film Fes­ti­val у Турцыі, уклчылі ў конкурсныя праграмы фестываляў у Італіі, Вялікабрытаніі і іншых краінах.

    У Беларусі ж генеральная пракуратура краіны, а таксама шэраг праўладных прапагандысцкіх выданняў абвінавацілі аўтараў стужкі ў адмаўленні генацыда беларускага народа.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.