У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі два інтэрнэт-рэсурсы з навінамі Гомельшчыны і яшчэ адзін – з навінамі Беларусі і свету
Міністэрства інфармацыі Беларусі 23 верасня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У яго ўнеслі два інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы з навінамі Гомельскай вобласці. Гэта старонка ў TikTok з назвай «НОВОСТИ ГОМЕЛЯ И НЕ ТОЛЬКО» (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@novost_gomel) і старонка ў Instagram з назвай novosti home1 (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/novosti_homel). Кантэнт гэтых інтэрнэт-рэсурсаў 21 верасня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Чыгуначнага раёна Гомеля.
На абедзвюх старонках публікуюцца матэрыялы пра навіны жыцця Гомеля і вобласці, у тым ліку пра камунальныя праблемы, аварыі і іншыя здарэнні.
Гэтаксама 21 верасня 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Instagram-акаўнт з назвай hutka news (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/hutka_news). «Самыя хуткія навіны Беларусі і ўсяго свету», — так гаворыцца ў апісанні гэтага інтэрнэт-рэсурсу.
@bajmedia